Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі — унікальная музычная прэмія


Пераможцы прэміі

Пераможцы прэміі

24 красавіка ў менскім клюбе «Tarantino» адбылася цырымонія ўзнагароджаньня лепшых айчынных выканаўцаў па выніках 2013 году ў галіне рок-музыкі, інды і альтэрнатывы.

Асаблівасьцю гэтай прэміі зьяўляецца тое, што пераможцы ў 5 намінацыях вызначаюцца паводле сумы галасоў, аддадзеных удзельнікамі беларускіх калектываў і асобнымі выканаўцамі, якія цягам 2012-2013 гадоў выдалі паўнафарматныя альбомы. Гэтым разам у галасаваньні ўзялі ўдзел 46 чалавек. Прэмія «Rock Profi», такім чынам, ня мае аналягаў у сусьветным музычным шоў-бізнэсе.

Заснавальнікамі прэміі, якая сёлета ўручалася другі раз, выступілі журналіст і «гаспадар» сайту experty.by Зьміцер Безкаравайны і дырэктар студыі «Осмос» Павал Юрцэвіч.

Зьміцер Безкаравайны патлумачыў:
Зьмiцер Безкаравайны

Зьмiцер Безкаравайны

— Ідэя належыць Паўлу. Ён прапанаваў: чаму б не заснаваць прэмію, дзе лепшых будуць вызначаць не журналісты, не наогул дзеячы музычнага шоў-бізнэсу, а самі музыкі? Гэта была пэўная рэакцыя на водгукі выканаўцаў, якія часта выказваюць прэтэнзіі ў бок журналістаў: маўляў, а хто вы такія, калі дазваляеце сабе меркаваць, хто лепшы, а хто не? Так і нарадзілася прэмія, якая выдаецца музыкам паводле меркаваньня іх калег па прафэсіі. Не магу казаць, наколькі яна арыгінальная, але нейкіх аналягаў у сьвеце я не сустракаў.

Паводле вынікаў галасаваньня прызы разьмеркаваліся наступным чынам. У намінацыі «Дэбют году» пераможцамі была названая група «BosaeSonca», запіс альбому якой «Адпусьці» Паўлам Сянілам на студыі «Boom» атрымаў перамогу ў намінацыі «Лепшы запіс». Лепшай песьняй 2013 году быў названы твор групы «The Toobes» пад назвай «Say Hello To My Baby».

Перамогу ў намінацыі «Лепшы альбом» атрымала група «Петля пристрастия» за праграму «Фобос», «Артыстам году» другі раз запар быў названы калектыў «Ляпис Трубецкой». Асобны прыз «За ўнёсак» быў уручаны групе «Крама», якая зачыніла цырымонію гадзінным канцэртам, падчас якога прагучалі як даўно вядомыя творы, так і песьні з новага альбому, што будзе выдадзены сёлета.

Лідар групы Ігар Варашкевіч распавёў:
Ігар Варашкевіч

Ігар Варашкевіч

— Гэты альбом мы запісваем ужо пяць гадоў, на тое былі свае прычыны. І варыянтаў ягонай назвы было шмат. Але калі мы дарабілі песьню пад назваю «Белая вада», дык і назва альбому прыйшла сама. Я давяраю ўласнаму настрою і заўсёды ведаю, што трэба рабіць менавіта так. Так, магу памыляцца, але, думаю, назва — добрая. Па настрою гэта наогул адна з маіх найбольш любімых песень «Крамы». Тэкст яе быў гатовы яшчэ да менскай Плошчы, але сэнсава яна цалкам падыходзіць і пад нашую Плошчу, і пад Майдан.

Цяперашні гукарэжысэр групы «Белорусские Песняры» Аляксандр Папроцкі быў гукарэжысэрам альбому «Крамы» пад назваю «Хворы на рок-н-рол», што быў выдадзены ў 1993 годзе:

— Я запісваў самы першы альбом «Крамы». Гэтая група, як я думаю, як сапраўднае віно: з кожным годам усё больш набірае вартасьці. Для мяне ўвесь час была толькі адна вялікая каманда, у якой я працаваў з Уладзімерам Мулявіным, — «Песьняры». І цягам многіх гадоў беларуская рок-тусоўка падавалася мне нечым такім на паўаматарскім узроўні. Аднак пра гэтых хлопцаў я магу сказаць, што яны вырасьлі настолькі, што цяпер з поўнай падставай іх можна лічыць легендарнай беларускай групай. І поруч зь імі, шчыра кажучы, я і блізка нікога ня бачу.
XS
SM
MD
LG