Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Для беларускіх уладаў сьмяротнае пакараньне — палітычны гандаль, — Палуда


Андрэй Палуда

Андрэй Палуда

24 красавіка ў Празе адкрылася міжнародная канфэрэнцыя, прысьвечаная пятым угодкам абвяшчэньня праграмы «Ўсходняе партнэрства».

Падчас панэльнай дыскусіі «Фундамэнтальныя правы і свабоды ў краінах „Усходняга партнэрства“» выступілі прадстаўнікі Беларусі: маці пакаранага сьмерцю Ўладзіслава Кавалёва Любоў Кавалёва, а таксама актывіст праваабарончага цэнтру «Вясна» Андрэй Палуда.

У інтэрвію карэспандэнту Свабоды праваабаронца Андрэй Палуда апавёў, што іх выступы былі прысьвечаныя тэме сьмяротнага пакараньня ў Беларусі:

«Атрымалася даволі жывая размова і дыскусія нават зацягнулася на паўгадзіны. Мы паказалі таксама фільм Паліны Сьцепаненкі „Прычына сьмерці — прочырк“. Удзельнікі дыскусіі казалі пра тое, што наяўнасьць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі, у цэнтры Эўропы, у 21-м стагодзьдзі — гэта ганьба. Я лічу, што сьмяротнае пакараньне ў нашай краіне — гэта проста барбарства. Удзельнікі дыскусіі таксама пыталіся, чым яны могуць дапамагчы, каб паўплываць на сытуацыю зь сьмяротным пакараньнем у Беларусі. Я лічу, што міжнародная салідарнасьць робіць сур’ёзныя рэчы. Беларускія ўлады пакуль трымаюцца пазыцыі захаваньня сьмяротнага пакараньня і прыкладам можа быць нядаўні расстрэл Паўла Селюна. Калі адбываецца палітычная адліга ў адносінах з Захадам, тады пачынаецца рыторыка з боку чыноўнікаў, што адмена сьмяротнага пакараньня ў Беларусі — гэта пытаньне часу. Таму для беларускіх уладаў сьмяротнае пакараньне — пытаньне нейкага палітычнага гандлю».

Любоў Кавалёва расказвала пра свой досьвед, пра тое, што суд над яе сынам быў несправядлівым:
На прыкладзе нашага сына гаварылася пра тое, што сьмяротная кара недапушчальная ў Беларусі, дзе адсутнічае справядлівы суд і незалежнае расьсьледаваньне
«На прыкладзе нашага сына гаварылася пра тое, што сьмяротная кара недапушчальная ў Беларусі, дзе адсутнічае справядлівы суд і незалежнае расьсьледаваньне. Мы казалі пра тое, што трэба адмяніць сьмяротнае пакараньне ў Беларусі. Прадстаўнікі іншых краін апавядалі пра тое, як яны дамагліся адмены сьмяротнай кары ў сваіх краінах. І такія сустрэчы вельмі важныя для нас. У Беларусі адзін чалавек ня хоча адмяняць сьмяротнае пакараньне — гэта Аляксандар Лукашэнка. Атрымліваецца, што ня толькі ў Эўропе, але і на ўсёй постсавецкай прасторы гэтае пакараньне прымяняецца толькі ў Беларусі».

Любоў Кавалёва дамагаецца, каб справу адносна яе сына аднавілі ў сувязі з новымі абставінамі. Таксама яна хоча даведацца, дзе пахаваны яе расстраляны сын.

Афіцыйны Менск не прымае ўдзелу ў мерапрыемствах, якія праходзяць у Празе 24–25 красавіка.
XS
SM
MD
LG