Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бжазінскі: Пуцін адкрыў скрыню Пандоры


Зьбігнеў Бжазінскі

Зьбігнеў Бжазінскі

Сытуацыя ва Ўкраіне пераходзіць у сур'ёзны крызіс з адкрытым ужываньнем збройны сілы і нясе ў сабе пагрозу сур'ёзных наступстваў.

Пра гэта заявіў былы памочнік прэзыдэнта ЗША ў нацыянальнай бясьпецы Зьбігнеў Бжазінскі, выступаючы на канфэрэнцыі ў Цэнтры міжнародных і стратэгічных дасьледаваньняў у Вашынгтоне.

Паводле яго, застаецца незразумелым, у якой ступені ў Крамлі пралічвалі наступствы выкарыстаньня сілы ў гэтым канфлікце, паколькі адна справа анэксія Крыму і зусім іншая справа – уварваньне ў раёны ўсходняй Украіны, дзе Масква непазьбежна сутыкнецца з супрацівам з боку ўкраінскай моладзі, прыхільнай эўрапейскаму выбару. Працяглы канфлікт з Украінай разбурыць працэс мадэрнізацыі і трансфармацыі самой Расеі, заявіў ён.

Са словаў Бжазінскага, у апошнія некалькі гадоў Расея перастала арыентавацца на дэмакратычныя каштоўнасьці, а ў грамадзтве ўзяў верх шавінізм, на якім грае прэзыдэнт Пуцін. Бжазінскі лічыць, што, выкарыстоўваючы для сваіх мэтаў расейскі нацыяналізм, прэзыдэнт Пуцін адкрыў «скрыню Пандоры», паколькі ў Расеі жыве вялікая колькасьць насельніцтва, якое прадстаўляе нерасейскую меншасьць, і яно патэнцыйна таксама можа заявіць пра свае правы. Нацыяналізм, які сарваўся з ланцуга, можа быць разбуральным для Расеі, адзначыў ён.

Тым ня менш, Бжазінскі заявіў, што па яго ацэнцы, выбух нацыяналізму ў Расеі будзе мець кароткатэрміновыя характар. І ў выніку возьме верх дэмакратыя. Бжазінскі заклікаў выкарыстоўваць ва Ўкраіне ўсе магчымасьці для дыялёгу і не зачыняць дзьверы для яго.
XS
SM
MD
LG