ПАДЗЕІ ДНЯ
У Менск прыбывае місія Міжнароднага валютнага фонду для штогадовых кансультацый з беларускімі ўладамі.
У Празе праходзіць другі дзень саміту Ўсходняга партнэрства Эўразьвязу, прысьвечанага пятым угодкам гэтай ініцыятывы.
25 красавіка — Сусьветны дзень барацьбы супраць малярыі. Малярыя — група інфэкцыйных захворваньняў, якія перадаюцца чалавеку пры ўкусах аднаго з відаў камароў. Хвароба, як правіла, суправаджаецца ліхаманкай, дрыжыкамі, павелічэньнем памераў печані і селязёнкі.
ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ
1945 — сустрэча на Эльбе савецкіх і амэрыканскіх войскаў
1945 — пачатак Сан-Францыскай міжнароднай канфэрэнцыі 50 краін па выпрацоўцы Статуту ААН
1974 — пачалася «Рэвалюцыя гвазьдзікоў» у Партугаліі, якая завяршылася скіданьнем дыктатарскага рэжыму Антоніё Салазара.
2005 — Баўгарыя і Румынія падпісалі дамовы пра далучэньне да ЭЗ.
У гэты дзень нарадзіліся:
1214 — Людовік IX Сьвяты, кароль Францыі, кіраўнік 7-га і 8-га крыжовых паходаў.
1599 — Олівэр Кромвэль, ангельскі вайсковец і палітык.
1824 — Самуіл Магілевер, ураджэнец Беларусі, заснавальнік рэлігійнага сіянізму.
1868 — Раман Скірмунт, беларускі і польскі грамадзка-палітычны дзяяч.
1874 — Гульельма Марконі, італьянскі радыётэхнік і прадпрымальнік, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі 1909.
У гэты дзень памерлі:
1744 — Андэрс Цэльсій, швэдзкі астраном і фізык.
1913 — Міхайла Кацюбінскі, украінскі пісьменьнік.
ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:
I адзін я ў пустыні,
I адзін я ў пустыні...
Кроў пачне закіпаць,
Потым зноўку застыне.
Хоць шукаюць сябры —
ды мяне не знаходзяць
На паблытаных сьцежках вайны.
Караваны мяне абыходзяць,
Заміраюць у далях званы.
Толькі жоўты пясок неабсяжнай пустыні
Нада мною галосіць
То працяжна, то сіпла.
Толькі жорсткі пясок агнявая пустыня
Праз вачніцы мае усё сыпле і сыпле. (...)
Не хачу паміраць на чужой я зямлі!
Трэба ўзьняцца.
Я сьвінцовыя вейкі свае расчыніў,
Сьвет хіснуўся — такі нетрывалы і дзіўны.
Толькі я ўжо устаў,
Бо удалечыні
Я убачыў вялікае сонца Радзімы.
Дык сьвяці, не гасі гэты сьветлы маяк,
Дарагая Радзіма мая!
Хай вятры у вушах па-вар’яцку гудуць,
Хай пясок скрыпіць і рыпяць суставы,
Але я іду,
Але я дайду
Да першай савецкай заставы.
Пімен Панчанка, фрагмэнт верша «Малярыя» («Іранскі дзёньнік», 1945-1947)