Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ліда: сямёх актывістаў судзяць за тое, што ўшанавалі памяць дзеячаў БНР


Сяргей Трафімчык, Мурат Мусаеў, Вітольд Ашурак, Міхал Бурачэўскі і Станіслаў Суднік побач з будынкам Лідзкага раённага суду.

Сяргей Трафімчык, Мурат Мусаеў, Вітольд Ашурак, Міхал Бурачэўскі і Станіслаў Суднік побач з будынкам Лідзкага раённага суду.

У Лідзе сёньня спрабавалі судзіць грамадзкіх актывістаў зь Ліды і Бярозаўкі, якіх вінавацяць «ва ўдзеле ў мітынгу бяз слоў».

У раённы суд зьявіліся толькі пяць актывістаў: Станіслаў Суднік, Сяргей Трафімчык, Вітольд Ашурак, Міхал Бурачэўскі і Мурат Мусаеў. Усе яны сябры БНФ. Юры Дзяшук даслаў у суд факс, у якім паведаміў, што знаходзіцца за межамі Беларусі, а Сяргею Сідарэнку міліцыянты не ўручылі позву, бо не знайшлі яго.

Судзьдзя Сяргей Піпко абвясьціў, што ўсе выкліканыя ў суд абвінавачваюцца ў арганізацыі несанкцыянаванага мерапрыемства 25 сакавіка паводле аднаго артыкула і таму ўсе справы аб’яднаныя ў адну.

У пратаколах прыкладна аднолькава запісана, што такі і такі ўдзельнічаў у правядзеньні несанкцыянаванага мітынгу з нагоды ўтварэньня Беларускай Народнай Рэспублікі, трымаў разам зь іншымі ў руках бел-чырвона-белы сьцяг, чым парушыў закон аб правядзеньні масавых мерапрыемстваў.

Падчас працэсу высьветлілася, што Сяргей Трафімчык і Вітольд Ашурак наагул не азнаёмленыя з пратаколамі, складзенымі на іх міліцыянтамі. Трафімчык патлумачыў суду, што яму нехта тэлефанаваў з пастарунку і запрашаў прыйсьці, але ён адмовіўся зьяўляцца туды бяз позвы. Вітольд Ашурак скарыстаў права не даваць ніякіх паказаньняў.

Пасьля перапынку Ашурку і Трафімчыку выдалі копіі складзеных на іх пратаколаў. Судзьдзя абвясьціў, што ў матэрыялах справы зьявіўся новы дакумэнт — даведка з райвыканкаму пра тое, што па дазвол на правядзеньне 25 сакавіка масавага мерапрыемства ніхто не зьвяртаўся.

Станіслаў Суднік з гэтае нагоды патлумачыў Свабодзе, што заяўкі на дазвол яны не пісалі, бо ў выканкаме было двойчы ўзгоднена, што пісаць заяўку на падобнае мерапрыемства няма патрэбы.

Суднік лічыць гэты суд чарговым глупствам, бо яны толькі ўсклалі кветкі і запалілі зьнічы на могілках, ніхто нават нічога не прамаўляў. Зрэшты, паводле Судніка, так ушаноўваецца памяць сябраў беларускіх партыяў на працягу апошніх дзесяці гадоў.
Зараз будзе Радуніца, шмат людзей пойдуць на могілкі — ну дык што, іх усіх цяпер будуць перапісваць і па судах цягаць, што яны дазволу не ўзялі?


Суднік: «Ніякага парушэньня тут не было і блізка, і паводле закону нічога тут высмактаць немагчыма. Але ім вось хочацца знайсьці тут нейкае парушэньне, і яны панапісвалі. Ну вось зараз будзе Радуніца, шмат людзей пойдуць на могілкі — ну дык што, іх усіх цяпер будуць перапісваць і па судах цягаць, што яны дазволу не ўзялі? А яны ж ня толькі будуць зьнічы ставіць, а яшчэ і панапіваюцца».

Вітольд Ашурак упэўнены, што раз справа ўжо разглядаецца, то і прысуд ім будзе, хоць ніхто зь іх заканадаўства не парушаў:

«Але, на мой погляд, гэта неістотна, бо мы прыйшлі на могілкі ўшанаваць людзей, якія загінулі за нашу дзяржаўнасьць. Няўжо беларусы ўжо так здрабнелі, што мы будзем баяцца, што нас за гэта асудзяць на суткі альбо дадуць штрафы? Пра гэта нават думаць ганебна. Будзе тое, што будзе. Як кажуць: рабі, што мусіш, а будзе, што будзе...»

На паседжаньні суду прысутнічаў старшыня БНФ Аляксей Янукевіч. Паводле яго, відавочна, што справа высмактаная з пальца, але ў сувязі з падзеямі ва Ўкраіне беларускія ўлады пачалі баяцца наагул любой грамадзкай ініцыятывы:

«Бачна, што пратаколы фактычна складаліся пад капірку. Натуральна, лічым гэта парушэньнем правоў чалавека. У Беларусі і так вельмі моцна абмежаваныя магчымасьці выказваць сваю думку публічна, і нават самыя бяскрыўдныя грамадзкія ўчынкі ўлады імкнуцца забараніць».

Грамадзкія актывісты зь Ліды і Лідзкага раёну 25 сакавіка на гарадзкіх могілках ушанавалі памяць сябраў беларускіх партыяў, якія загінулі падчас Другой сусьветнай вайны. На могілках яны запалілі зьнічы і разгарнулі бел-чырвона-белы сьцяг.

На могілках знаходзіліся людзі ў цывільным, якія перапісалі прозьвішчы ўдзельнікаў, пасьля чаго праз тыдзень на іх склалі пратаколы і перадалі ў суд.

Працяг суду — 25 красавіка.
XS
SM
MD
LG