Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто хутчэй раскажа пра карупцыю: апазыцыя ці ўлада?


Апазыцыйныя структуры, якія ўваходзяць у кааліцыю «Талака», рыхтуюць вялікую кампанію «Не — карупцыі!».

Пра гэта заявіў 24 красавіка Анатоль Лябедзька — старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі, якая зьяўляецца часткай «Талакі»:
Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

«Мы маем амбіцыі мець альтэрнатыўны даклад пра карупцыю. Ведаем, што Аляксандар Лукашэнка даў загад рыхтаваць антыкарупцыйны даклад. Мы таксама ствараем працоўную групу, якая будзе працаваць у гэтым кірунку.

Галоўны наш пасыл — той, хто сее опіюм, ня можа пасьпяхова змагацца з наркатычнай залежнасьцю людзей і грамадзтва. Думаю, гэта будзе цікавы дакумэнт для грамадзтва. Мы будзем праводзіць і антыкарупцыйны маніторынг (АКМ) сытуацыі і тых рашэньняў, якія прымае ўлада».

Сяргей Калякін — лідэр партыі «Справядлівы сьвет», якая таксама ўваходзіць у «Талаку», зьвярнуў увагу журналістаў на тую частку пасланьня Аляксандра Лукашэнкі, якая тычыцца карупцыі:
Сяргей Калякін

Сяргей Калякін

«Ён расказаў, што нашу краіну ўжо зусім разьела карупцыя. Разьела па ўсёй вэртыкалі ўлады: ад ураду да нізавых структураў. Ён казаў, што калі намесьнік міністра крадзе, то да гэтага мае дачыненьне і міністар. Мы з гэтым згодныя. Але ж усіх гэтых людзей высокага рангу, якіх называў Лукашэнка, ён асабіста сам і прызначаў. Узьнікае пытаньне: а наколькі высокая асабістая адказнасьць чалавека, які гэтых людзей падбірае і прызначае? Там вельмі добрая фактура. Але высновы зь яе Лукашэнка зрабіў палавіністыя, каб вывесьці з-пад удару сыстэму, якая і стварае ўсю гэтую карупцыю.

Мы хочам разьвіць гэтую тэму і паказаць, што карупцыя — гэта параджэньне ўладнай сыстэмы. Бо тое, як змагаецца з карупцыяй улада, нагадвае барацьбу з цмокам, у якога замест адсечаных галоваў вырастаюць новыя».

Журналісты папрасілі ўдзельнікаў сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі расказаць больш падрабязна пра свае антыкарупцыйныя пляны. Аднак спадар Лябедзька сказаў: пасьля правалу праймэрыз у Бабруйску, дзе «Талака» зьбіралася правесьці іх адначасова зь мясцовымі выбарамі, а ў выніку ўлады зрабілі прэвэнтыўныя захады, цяпер трэба больш трымаць язык за зубамі:

«Мы як зарана распавялі пра тое, што будзем рабіць у Бабруйску, так у выніку нічога і не зрабілі. Таму абмяжуемся толькі наступным: група ствараецца. Мы маем кантакты з экспэртамі міжнародных структураў, бо хочам, каб даклад адпавядаў міжнародным стандартам вызначэньня карупцыі. Ён будзе цікавы, важны і чытаны».

У палітычны альянс «За сумленныя справядлівыя выбары для лепшага жыцьця „Талака“» ўваходзяць 43 грамадзкія арганізацыі і партыі ўсебеларускага і рэгіянальнага роўняў.
XS
SM
MD
LG