Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што Клічко абяцае кіяўлянам


Клічко імправізавана сустракаецца з выбарцамі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:02 0:00

Празь месяц ва Ўкраіне адбудуцца датэрміновыя выбары ў асноўныя выканаўчыя і заканадаўчыя органы ўлады.

Аналітыкі адзначаюць нязвыклую інэртнасьць кандыдатаў на дзяржаўныя пасады, якія яўна не пасьпяваюць наладзіць агітацыйныя кампаніі ў абмежаваны тэрмін — на ўсё адведзена толькі два месяцы. Нашаму карэспандэнту Ігару Карнею ўдалося паназіраць за імправізаванай сустрэчай галоўнага прэтэндэнта ў мэры Кіева Віталя Клічко з жыхарамі гораду.

Адзін з самых вядомых у сьвеце баксёраў-цяжкавагавікоў Віталь Клічко пасьпяхова сумяшчае спартовую кар’еру з палітыкай, але на тле драматычных падзеяў ва Ўкраіне зьбіраецца засяродзіцца на грамадзкай і дзяржаўнай дзейнасьці. Клічко быў у шэрагу асноўных фігурантаў кіеўскага Майдану і, набраўшы досыць высокі рэйтынг, меў някепскія шанцы на плянаваных 25 траўня датэрміновых прэзыдэнцкіх выбарах. Але вырашыў абмежавацца амбіцыямі кіеўскага гораданачальніка, падтрымаўшы ў прэзыдэнцкай гонцы пасьпяховага бізнэсоўца і палітыка Пятра Парашэнку. Атлет лічыць, што сам ён больш плёну прынясе якраз на пасадзе мэра, пра што і казаў на імправізаванай сустрэчы з патэнцыйнымі выбарцамі:
«Зразумела, ня ўсё атрымліваецца, бо ледзь не адпачатку была ўтвораная такая заганная сыстэма, якую ўсе мы расхлёбваем дагэтуль. Вы, мабыць, памятаеце, як я змагаўся з мэрам Леанідам Чарнавецкім, па судах хадзіў, мітынгі і дэманстрацыі ладзіў, выступаў на паседжаньнях у Кіеўскай радзе, каб кіяўлянам вярнулі ўсё, што ім належыць. Таму сёньня я іду ва ўладу, каб нарэшце ўсё гэта ажыцьцявілася. Я сьвядома падтрымліваю Пятра Парашэнку, які задэкляраваў з нашай партыяй супольную працу на маючых адбыцца выбарах. Заяўляю аўтарытэтна: калі ён адмовіцца выконваць свае абяцаньні, я буду першы, хто прад’явіць яму прэтэнзіі. Але мы задэкляравалі, што і ў дзяржаве, і ў горадзе Кіеве павінны адбыцца ключавыя падзеі, і ў гэтым кірунку мы ўжо працуем разам».

Стаўленьне гараджанаў да Віталя Клічко, якога два дзясяткі чалавек чакалі ля партыйнага офісу пасьля вяртаньня з Цэнтравыбаркаму, збольшага прыхільнае. Гэта пацьвярджаюць і сацыялягічныя апытаньні — пасаду мэра яму прадказваюць ледзь ня загадзя. Сам ён спадзяецца, што здолее ўдзельнічаць у рэалізацыі праектаў ня толькі гарадзкога, але і нацыянальнага маштабу:
«Мы павінны адкінуць асабістыя амбіцыі і працаваць над тым, каб
чаму грузіны, маленькая краіна, змаглі гэта зрабіць, а мы ня можам?
аб’яднаць краіну, вырашыць эканамічныя задачы і перамагчы карупцыю. Калі мы зможам гэта зрабіць, то ў далейшым здолеем напаўняць эканоміку. Мне кажуць: усё гэта байкі, мы да гэтага сьветлага дня не дажывём. Але я магу прывесьці прыклад Грузіі, якім, шчыра кажучы, быў зьдзіўлены. Грузія — колісь адна з самых карумпаваных дзяржаў былога СССР, пра што ўсе, відаць, ведаюць. Але грузіны за такі кароткі прамежак часу здолелі зрабіць рэформы, вынікам якіх я быў проста ўражаны. Гэта якраз тое, што тычыцца напаўненьня эканомікі, што тычыцца барацьбы з карупцыяй, што тычыцца эканамічнай дзейнасьці наагул. Давер да паліцыі большы, чым давер да царквы — можаце сабе такое ўявіць? Карупцыі — практычна нуль, таму сапраўды ёсьць чаму павучыцца. Але я задаю сабе пытаньне: чаму грузіны, маленькая краіна, змаглі гэта зрабіць, а мы ня можам?»

Лідэр партыі «Ўдар» падкрэсьлівае, што ягоная першачарговая задача — зьнішчэньне бар’ераў, якія перашкаджаюць сталіцы свабодна і пасьпяхова разьвівацца. Таму першы крок — барацьба з карупцыяй. Яна прадугледжвае празрысты бюджэт гораду і пазбаўленьне ад прадажных чыноўнікаў. Наступны прыярытэт — прыцягненьне і асваеньне мясцовых і замежных інвэстыцыяў, каб Кіеў пераўтвараўся ў сапраўды эўрапейскую сталіцу. Дзеля рэалізацыі гэтай задачы партыя хоча атрымаць бальшыню ў Кіеўскай радзе і ва ўзаемадзеяньні з аднайменнай фракцыяй у Вярхоўнай Радзе ажыцьцяўляць амбітныя пляны. Пакуль жа Віталь Клічко канстатуе «дрымучасьць», у якую загналі Ўкраіну папярэднікі:
«Даволі часта я прыводжу адну лічбу — без эмоцыяў, проста канстатацыя факту, таму што лічбы, прынамсі, ня маюць эмоцыяў. Ці можаце сабе ўявіць? Украіна займае паўпрацэнта ад агульнай тэрыторыі сьвету. Але пры гэтым яна мае 36% усясьветных запасаў чарназёму! Нібыта ўсё спрыяе высокаму ўзроўню аграрнага сэктару. Але калі пасьля гэтага асэнсаваньня ты прыяжджаеш на вёску і бачыш, як людзі літаральна выжываюць, то робіцца дрэнна. Людзі ледзь зводзяць канцы з канцамі! Штосьці тут, зразумела, ня так. Як такое ўвогуле можа быць, што на такой урадлівай зямлі людзі ня хочуць ні жыць, ні разьвівацца? Адказ просты: была мэтанакіраваная палітыка краіны — адсутнасьць падтрымкі сельскай гаспадаркі. Таму я ў палітыцы, таму мы змагаемся».

Прыхільнікі Клічка, сярод якіх значную частку складалі пэнсіянэры, не хаваюць сымпатыяў да яго. Адна жанчына шчыра захаплялася, што «жывы і ў гарнітуры» ён нашмат прыгажэйшы, чым па тэлевізары ў трусах. Другая прасіла не падвесьці, бо адназначна будзе галасаваць за яго, ды яшчэ абяцала прывесьці цэлы «бабскі батальён». Маладзейшыя прасілі аўтограф, падводзілі дзяцей, каб сфатаграфавацца. Дарэчы, ахова, рэдкі прадстаўнік якой даходзіў да пляча спартоўцу-палітыку, не чыніла прыхільнікам ніякіх перашкодаў.

Сам Віталь Клічко ўвесь час заставаўся засяроджаным, толькі аднойчы ў традыцыях партыйцаў розных часоў на пару сэкундаў узьняўшы на рукі малую дзяўчынку. Паўтарае, што за прамінулы час атрымаў дастатковыя веды, каб упарадкаваць складаны мэханізм вялікага гораду:
«На сёньня шмат якія эканамічныя паказьнікі, выкліканыя ў тым ліку зьнешнімі прычынамі, рэзка пагаршаюцца: падвышаецца цана на газ, на крэдытаваньне, на водазабесьпячэньне і г.д. Усё гэта адбіваецца найперш на малазабясьпечаных пластах. Малазабясьпечаныя — гэта тыя, хто атрымлівае кампэнсацыю, але яна занадта малая, каб быць пакрытай. І гэта адна з ключавых праграмаў як для мэра, так і для ягонай каманды — каб кіяўляне жылі ў горадзе, адпаведным міжнародным маркам. Цяпер многія плацяць з маленькай пэнсіі за камунальныя паслугі, а ліфт не працуе, сьмецьце не вывозіцца. То бок — ключавыя рэчы. Мы ўжо нават не гаворым пра мэдыцыну, пра транспарт, дарогі. Увогуле такіх праблемаў можна пералічваць шмат. Я ведаю, што гэта складаныя задачы, але я іх не цураюся. Апошнія два гады мы бачым аб’ектыўны заняпад. Найперш, мэра няма, пачалася ў лепшым выпадку самаарганізацыя, бо ніхто з нас, жывучы дома, на навакольныя працэсы не ўплывае. На хвалі безуладзьдзя зусім проста могуць зьнесьці сквэр ці дзіцячы садок, вырыць катлаван, узьвесьці чарговы офісны будынак. І пры гэтым ніхто нічога не пытаецца. А жыхары павінны ўплываць на той мікрараён, у якім яны жывуць, павінна быць рэальнае самакіраваньне».

Віталь Клічко ў размове з жыхарамі Кіева паабяцаў вярнуць народу аб’екты, якія ўзялі ў «абарот» сыны былых кіраўнікоў Украіны — прэзыдэнта Віктара Януковіча і прэм’ера Мікалая Азарава. Паводле ягоных словаў, на незаконна прыватызаваных тэрыторыях будуць створаныя дзіцячыя пляцоўкі і зоны адпачынку для гараджанаў. Таксама ён запэўніў, што як толькі ўлада будзе легітымізаваная, пачнецца аднаўленьне будынкаў на Майдане Незалежнасьці — у прыватнасьці, Дому прафсаюзаў, якія пасьля штурму «беркутаўцаў» стаіць ужо колькі месяцаў абгарэлы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG