Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея можа пачаць уварваньне ва Ўкраіну пад маркай правядзеньня рэфэрэндуму — экспэрт


Дзьмітры Тымчук

Дзьмітры Тымчук

Пасьля таго, як украінскае кіраўніцтва заявіла пра неабходнасьць працягнуць антытэрарыстычную апэрацыю, Расея запатрабавала адводу ўкраінскіх войскаў з тэрыторыі Данбаса.

А міністар замежных спраў Расейскай Фэдэрацыі Сяргей Лаўроў адзначыў, што не выключае ўзброенага ўварваньня, і прызнаў, што на мяжы сканцэнтраваныя дадатковыя падразьдзяленьні расейскіх войскаў.

Украінскі ваенны аналітык Дзьмітры Тымчук мяркуе, што падставай для расейскага ўварваньня можа стаць правядзеньне рэфэрэндуму на Данбасе. Аднак, пакуль расейцы пасьпяхова ўжываюць дывэрсійна-сэпаратысцкі патэнцыял, а выпадкі пасьпяховага процідзеяньня з украінскага боку — гэта хутчэй заслуга камандзіраў сярэдняга зьвяна, чым кіраўніцтва антытэрарыстычнай апэрацыі. Больш пра гэта каардынатар групы «Інфармацыйны супраціў » Дзьмітры Тымчук распавёў у інтэрвію Радыё Свабода.

— Наколькі вялікай зьяўляецца пагроза расейскага ўварваньня?

— А яно ўжо адбываецца. Хоць на працягу апошніх двух дзён мы фіксуем памяншэньне колькасьці групаў расейскага спэцназа на тэрыторыі Данбаса. Але ўсё адно — калі б не ваеннае, фактычна, умяшаньне расейскіх дывэрсійных групаў, дык шанцаў у сэпаратыстаў у Славянску і Краматорску было б значна менш. Таму казаць, што няма ўварваньня, а яно можа быць — я б ня стаў.

— У такім выпадку, наколькі верагодная адкрытая ваенная агрэсія?

— Група «Інфармацыйны супраціў» ацэньвае такую магчымасьць дзесьці ў 30%. Расея пакуль ня вычарпала дывэрсійна-сэпаратысцкага патэнцыялу. І пэўных посьпехаў яна дасягнула. Яны кантралююць, як мінімум, адзін населены пункт — Славянск, кантралююць будынкі органаў улады ў самім Данецку... Цяпер у іх на мэце — якім-небудзь чынам правесьці так званы рэфэрэндум. А спроба сарваць гэты працэс можа якраз выклікаць ўвядзеньне расейскіх войскаў — пад выглядам таго, каб забясьпечыць волевыяўленьне народа.

— На Вашу думку, вайсковае камандаваньне зрабіла належныя высновы з выпадку захопу ваеннай тэхнікі?

— Прысутнасьць вышэйшага ваеннага камандаваньня ў гэтай падзеі вельмі сымбалічная. Прынамсі мы ня бачым нейкага выразнага кіраваньня, каардынацыі... Мы бачым адказнасьць, якая кладзецца на камандзіраў сярэдняга зьвяна. Вось як яны вырашаць — так і будзе. Нават у тых выпадках, калі ўжываецца зброя ў адказ на напады нашых вайскоўцаў — яна ўжываецца хутчэй насуперак тым загадам, якія зыходзяць з Генэральнага штаба. Калі адбываюцца нейкія станоўчыя зрухі — гэта дзякуючы адказнасьці камандзіраў.

— Цяпер мы чуем шмат аб стварэньні розных добраахвотніцкіх батальёнаў. Наколькі такія фарміраваньні могуць быць эфэктыўнымі ў той сытуацыі, якая склалася на Данбасе?

— Цяперашняя антытэрарыстычная апэрацыя па ўсіх мерках, фактычна, такой не зьяўляецца. Антытэрарыстычная — гэта калі вызваляюць асобныя аб’екты, захопленыя тэрарыстамі. Цяпер гаворка ідзе хутчэй пра стабілізацыйную апэрацыю — накшталт той, у якой нашы вайскоўцы ўдзельнічалі ў Іраку. Калі трэба кантраляваць цэлыя правінцыі, у нашым выпадку — цэлыя вобласьці. І войскі маюць адпаведны вопыт. Але для працы на вялікіх тэрыторыях патрабуецца вялікая колькасьць асабістага складу. У гэтых умовах стварэньне добраахвотніцкіх падразьдзяленьняў вельмі карыснае. Добраахвотнікам ня трэба праводзіць нейкія складаныя апэрацыі. Ахова блёк -пастоў, патруляваньне мясцовасьці — гэта могуць рабіць нават людзі з базавай ваеннай падрыхтоўкай, якую можна атрымаць на працягу тыдня.

Іншая справа — не столькі ваенная, колькі палітычная — што ўлада і праваахоўныя органы павінныя мець гарантыі, каб гэтыя фарміраваньні дзейнічалі ў прававым полі. Для гэтага яны павінныя быць пад дахам нейкіх сілавых ведамстваў. Міністар унутраных спраў Авакаў казаў пра стварэньне спэцбатальёна МУС з добраахвотнікаў — гэта разумная ініцыятыва. Каб не атрымалася так, што пасьля заканчэньня ўсіх падзеяў гэтыя фарміраваньні застануцца і будуць рабіць нешта іншае, чым тыя задачы, якія яны выконваюць цяпер.
XS
SM
MD
LG