Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абама абвінаваціў Расею ў невыкананьні жэнэўскіх пагадненьняў


Прэзыдэнт ЗША Барак Абама абвінаваціў Расею ў невыкананьні жэнэўскіх дамоўленасьцей па ўрэгуляваньні крызысу ва Ўкраіне.

Пра гэта паведамляе агенцтва УНІАН са спасылкай на японскія СМІ.

«Прынамсі, да цяперашняга часу мы ня бачым, каб яны (Расея) кіраваліся духам або зьместам пагадненьня, дасягнутага ў Жэнэве», — падкрэсьліў амэрыканскі прэзыдэнт падчас сумеснай прэсавай канфэрэнцыі напрыканцы двухбаковай сустрэчы з прэм’ерам Японіі Сіндза Абэ ў Токіё.

Абама дадаў, што ЗША могуць «ўвесьці дадатковыя санкцыі супраць Расеі», калі тая працягне «грэбаваць дамоўленасьцямі». Паводле яго слоў, ЗША маюць намер працягваць дамагацца дыпляматычнага ўрэгуляваньня крызысу ва Ўкраіне.

У сваю чаргу, прэм’ер Японіі заявіў, што Токіо і Вашынгтон лічаць недапушчальным «прымяненьне сілы ва Ўкраіне для зьмены статусу-кво».

Акрамя гэтага, як адзначыў Абэ, бакі пацьвердзілі «значнасьць аказаньня дапамогі Ўкраіне».

17 красавіка ў Жэнэве прайшлі перамовы паміж Украінай, РФ, ЗША і ЭЗ па ўрэгуляваньні крызысу на ўсходзе Ўкраіны. Бакі дамовіліся аб мерах па дээскаляцыі канфлікту — па ўмовах пагадненьня, неабходна раззброіць незаконныя фармаваньні, вызваліць незаконна занятыя будынкі і пачаць нацыянальны дыялёг па канстытуцыйнай рэформе.
XS
SM
MD
LG