Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 24 красавіка: юбілей Зянона Пазьняка, саміт Усходняга партнэрства ў Празе


Зянон Пазьняк (у цэнтры)
Зянон Пазьняк (у цэнтры)

Падзеі гэтага дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

ПАДЗЕІ ДНЯ

Менск. У Літаратурным музэі Петруся Броўкі (вул. Маркса, 30) адбудзецца вечар «Пакуль вятры Чарнобыль разьдзімаюць...», прысьвечаны 28-й гадавіне трагедыі на Чарнобыльскай АЭС. Сярод запрошаных – Міхась Скобла, Сяргей Панізьнік, Людміла Хейдарава ды іншыя. Творы беларускіх аўтараў будуць гучаць у выкананьні народнай артысткі Беларусі Зінаіды Бандарэнкі. Пачатак у 17.00. Уваход вольны.

Менск. У Нацыянальным прэс-цэнтры адбудзецца прэс-канфэрэнцыя «28 гадоў пасьля аварыі на Чарнобыльскай АЭС: пераадоленьне наступстваў катастрофы». Пачатак аб 11.00.

Менск. Прэс-канфэрэнцыя «Выкарыстаньне ровара для дзелавых паездак і паездак на працу». Пачатак а 14.00. Месца правядзеньня – бізнэс-клюб IMAGURU (вул. Фабрыцыюса, 4).

Менск. Цырымонія ўручэньня ўзнагарод прафэсійнай прэміі Рок Профі – адзінай, у рамках якой найлепшых выбіраюць самі музыканты. Выступіць гурт «Крама». Месца правядзеньня – клюб «Таранціна». Пачатак а 19.00.

Берасьце. Выстава арт-праекту Zabor адкрываецца на плоце Гарадзкога парку імя Першага мая. Пачатак а 17.30.

Горадня. У Мастацкай галерэі «Крыга» (вул. Савецкая, 3-11) адбудзецца лекцыя «Сэзан супраць Дзюшан: уводзіны ў гісторыю і тэорыю выяўленчага мастацтва ХХ -ХХI стагодзьдзяў». Пачатак а 18.30.
ЁСЬЦЬ НАГОДА

Сусьветны дзень абароны лябараторных жывёлаў.


Армэнія: Дзень памяці «генацыду армян».

Украіна: у Кіеве заплянавана правядзеньне канфэрэнцыі ўкраінскай і расейскай інтэлігенцыі. Ініцыятар Міхаіл Хадаркоўскі.

Чэхія: у Празе адбудзецца саміт краінаў Усходняга партнэрства, на які запрошаныя прэзыдэнты Аўстрыі, Польшчы, Славаччыны, Вугоршчыны, Малдовы, Грузіі, Армэніі, а таксама выканаўца абавязкаў прэзыдэнта Ўкраіны Аляксандар Турчынаў.
ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

1917 – Узьнікла першае Таварыства беларускай драмы і камэдыі.

1959 – У Лідзе адчыніўся краязнаўчы музэй.

1981 – Прадстаўлены першы пэрсанальны кампутар IBM.

1996 – супрацоўнікі КГБ Беларусі арыштавалі паэта і журналіста газэты «Наша Ніва» Славаміра Адамовіча. У рэдакцыі быў праведзены ператрус. Чэкісты шукалі матэрыялы, зьвязаныя з аўтарам гратэскнага верша «Убей президента». За гэты твор Адамовіч 10 месяцаў правядзе за кратамі.

1997 – выйшаў у сьвет першы нумар адноўленай «Газэты Слонімскай». Папярэдніца гэтай папулярнай сёньня газэты была заснаваная ў Слоніме ў 1938 годзе.

У гэты дзень нарадзіліся:

1772 – Ян Цывінскі, рымска-каталіцкі дзяяч, біскуп, пэдагог, філянтроп.

1889 – Юры Сабалеўскі, беларускі грамадзка-палітычны дзеяч, публіцыст.

1899 – Уладзімер Набокаў, расейскі і амэрыканскі пісьменьнік.

1900 – Аркадзь Моркаўка, беларускі паэт.

1944 – Зянон Пазьняк, беларускі палітык, грамадзкі і культурны дзяяч.

1977 – Сяргей Балахонаў, беларускі пісьменьнік.

У гэты дзень памерлі:

1347 – павешаны Іаан, адзін з трох віленскіх пакутнікаў.

1731 – Даніэль Дэфо, англійскі пісьменьнік.

1775 – Ежы Мікалай Гільзэн, рымска-каталіцкі й дзяржаўны дзеяч ВКЛ.

2006 – Вера Бартуль, дзяячка эміграцыі ў Вялікабрытаніі і ЗША.
ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ

Ніводная цывілізацыя не загінула ад голаду. Гінулі ад упадку культуры і маралі. Ня бойцеся, калі ня будзе хлеба, бойцеся, калі ня будзе мовы. Бо не эканомікай жыве народ. Народ жыве духам. Народ жыве верай. Народ жыве сэрцам. І калі яно б’ецца за Бацькаўшчыну, ніякія сілы не перамогуць нас.

Зянон Пазьняк
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG