Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як спыніць агрэсію Пуціна супраць Украіны?


Прадстаўнікі сусьветных СМІ абмяркоўваюць магчымыя наступныя дзеяньні ўсіх удзельнікаў расейска-ўкраінскага канфлікту, ня толькі Кіева і Масквы, але і заходніх краінаў.

Пра будучыя паводзіны Расеі многія мяркуюць амаль аднолькава, а вось меркаваньні адносна Ўкраіны супадаюць не ва ўсіх.

Расейская англамоўная газэта Moscow Times разважае пра будучыя дзеяньні Масквы. Газэта піша: «Параза слабай украінскай арміі расейскім сілам хуткага разгортваньня практычна гарантаваная, але гэтыя сілы ня будуць мець магчымасьці захапіць некалькі рэгіёнаў Украіны», – адзначае выданьне. «Але гэта ня доказ таго, што Пуцін не загадае расейскім вайскоўцам перасекчы мяжу ў наступныя некалькі дзён. Ён бліскуча пасароміў аналітыкаў некалькі разоў на працягу апошніх некалькіх тыдняў. Гэта не таму, што аналітыкі былі так ці інакш некампэтэнтнымі, а таму, што яны засноўвалі свой аналіз дзеяньняў Пуціна на рацыянальных аргумэнтах. Аднак праблема ў тым, што для рацыянальных аргумэнтаў у сёньняшняй Расеі, падобна, мала месца», – заключае Moscow Times.

Міжнароднае агенцтва навінаў Reuters, у сваю чаргу, лічыць, што падпісаньне Жэнэўскага пагадненьня Расеяй таксама ёсьць цікавым індыкатарам будучых паводзінаў Крамля. «Рашэньне Расеі на мінулым тыдні падпісаць мірнае пагадненьне ў дачыненьні да Ўкраіны не азначае, што Крэмль адступае, а хутчэй што прэзыдэнт Уладзімер Пуцін гатовы быць цярплівым у пагоні за сваёй канчатковай мэтай», – паведамляе агенцтва. «Гэтая мэта, прыкметай якой служаць яго ўласныя разважаньні, – у адзін цудоўны дзень аб'яднаць расейскамоўныя народы, у тым ліку тых, хто жыве ў межах Украіны, у агульнай доме. Як вопытны тактык, Пуцін ведае, што калі штурхаць занадта хутка, каб дамагчыся сваёй мэты, то гэта можа быць разбуральным для Расеі, калі, напрыклад, прыняць пад увагу магчымыя заходнія санкцыі. Падпісаньне чатырохбаковага пагадненьня аб Украіне ў Жэнэве на мінулым тыдні мела тактычны сэнс для Масквы», – піша Reuters.

Амэрыканская газэта USA Today апублікавала артыкул, у якім аўтар разважае над тым, што павінен рабіць далей Захад. «Зразумела, што Масква ўжо даўно прымае любыя спробы Захаду дамовіцца аб бягучым канфлікце як прыкметы слабасьці і нерашучасьці. Але, як толькі Пуцін зразумее, што Захад не зьяўляецца слабым, і яго ўласная палітычная будучыня пастаўлена на карту, сытуацыя зьменіцца», – піша газэта. «Гэта зьяўляецца задачай для ЗША і іх саюзьнікаў у Эўропе. Яны павінны разумець, што забесьпячэньне міру таксама патрабуе рашучасьці яго абараняць. Альтэрнатыва, якая цяпер разглядаецца на Захадзе, супакаеньня Крамля і легітымацыя яго дзеяньняў, будзе служыць толькі як запрашэньне да далейшай агрэсіі з боку Расеі адносна Ўкраіны і нават за яе межамі», – піша USA Today.

Амэрыканская газэта New York Times нагадвае, што менавіта ўкраінскі народ спарадзіў сваю ўласную, чыстую дэмакратыю. Выданьне мяркуе, што дзейнічаць трэба і Захаду, і Ўкраіне, таму што Пуцін ня можа жыць побач з пасьпяховай дэмакратыяй, якая глядзіць на Захад, а маладыя ўкраінцы ня могуць жыць безь яе. «Таму, для таго, каб гэтая дэмакратыя квітнела, мы павінны пераканацца, што Пуцін не заб'е яе ў калысцы, а самі ўкраінцы павінны пераканацца ў тым, што палітыкі старога парадку не заб'юць яе, пакуль яна сама не навучыцца хадзіць», – піша New York Times.
XS
SM
MD
LG