Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сухая галадоўка Максіма Вінярскага. Пратэст супроць цкаваньня


Максім Вінярскі

Максім Вінярскі

У менскім ізалятары на вуліцы Акрэсьціна адбывае адміністрацыйны арышт актывіст Максім Вінярскі, які яшчэ на судзе абвясьціў сухую галадоўку. Што вядома пра стан здароўя актывіста?

Максім Вінярскі быў асуджаны на 12 дзён. На дадзены момант усе зьвесткі пра ягонае здароўе адносяцца да ўчорашняга дня, калі яго судзілі. Вядома, што ў Вінярскага была вірусная ангіна і ў судзе да яго выклікалі хуткую дапамогу. Лекары агледзелі актывіста і ўжо абвясьцілі, што павязуць у інфэкцыйны шпіталь, але судзьдзя Людміла Лапо рабіць гэта забараніла. У выніку пасьля абвяшчэньня прысуду Вінярскага павезьлі ў ізалятар на Акрэсьціна, а ён на знак пратэсту абвясьціў сухую галадоўку. Грамадзкая актывістка Вольга Мікалайчык згадала, што Максім Вінярскі нават адмовіўся браць з сабой у ізалятар ваду, якую яму прапаноўвалі. Пра эмацыйны стан Максіма Вінярскага Вольга згадала гэтак:

«Ён абвясьціў сухую галадоўку ад таго, што яго ўжо гэтак закатавалі, замучылі, зьдзекуюцца зь яго! Штораз ён сядзіць па 15 сутак. Маці ў яго страшэнна хворая, але яны пра гэта ня думаюць. Мяне ўчора на судзе зьдзівіла: сядзіць гэты міліцыянт, які сьведчыў супроць яго, у яго недзе сям’я, дзеці. А пра тое, што ў нас таксама дзеці, мацяркі — пра гэта ніхто ня думае. Што маці Вінярскага ўвесь час плача, што яна хворая — пра гэта ня думаюць. Калі мы былі на Майдане, Максім увесь час непакоіўся пра яе. Пра яго ніхто ня думае. Зрабілі зь яго хлопчыка для біцьця, а ён вельмі годны чалавек, цікавы, сумленны, шчыры, мужны. Яны гэта вылічылі і ўвесь час яго цкуюць, проста зьдзекуюцца зь яго. І каб гэта спыніць, ён і пайшоў на той крок, каб абвясьціць сухую галадоўку. Кажу яму: ты ж там загнесься! Адказвае: няхай мяне адвозяць у хуткай дапамозе непрытомнага. Але я гэтак вырашыў. І ўсё. Ня даў сабе вады купіць, анічога ня ўзяў».
Адказвае: няхай мяне адвозяць у хуткай дапамозе непрытомнага. Але я гэтак вырашыў

Дзяжурны ізалятара на Акрэсьціна сказаў, што пра арыштантаў яны нічога не паведамляюць, і паклаў слухаўку. Адвакат пойдзе да Максіма Вінярскага на сустрэчу 25 красавіка, калі падрыхтуе касацыйную скаргу. Раней, кажа, туды ісьці ня варта. Паводле адваката, які абараняў Максіма Вінярскага на мінулых ягоных працэсах, ён мужны чалавек, не аднойчы ўжо праводзіў галадоўкі і вытрывае. Але тое, што гэтым разам галадоўка будзе сухая, адваката ўсё ж трывожыць:

«Сказаў, што ня будзе нават піць вады. Гэта, канечне, складана. Але... У пятніцу да яго пайду, тады будзе нейкая інфармацыя».

Ці можа вязень ізалятара на Акрэсьціна разьлічваць на трывалую мэдычную дапамогу?

Гэтае пытаньне я зьбіраўся задаць актывісту «Зьмены» Паўлу Вінаградаву, якога, як і Вінярскага, часта прэвэнтыўна саджаюць на Акрэсьціна, дзе ён рэгулярна трымае галадоўкі. Аднак сёньня Павал не адказаў на званок. За яго адказала ягоная жонка Сьвятлана, якая ведае сытуацыю са слоў мужа:

«Да іх кожны дзень заходзіць мэдычны работнік, пэўна, лекар, і пытаецца, які стан здароўя. Калі нешта баліць, то нейкія лекі яны могуць прапанаваць, але далёка ня ўсё, што можа спатрэбіцца. Калі дрэнна зусім, то выклікаюць хуткую. Але кожны дзень, наколькі ведаю, у іх пытаюцца, ці ёсьць скаргі».

Пра Максіма Вінярскага сёньня ў Заводзкім судзе згадваў актывіст Ільля Дабратвор. Казаў, што з камэры чуў голас Максіма Вінярскага. Дакладныя абставіны, пры якіх гэта адбывалася, пакуль невядомыя, бо Ільля Дабратвор таксама арыштаваны судом і цяпер у ізалятары.
XS
SM
MD
LG