Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Беларусі: Усходняе партнэрства трашчыць па швах


Мапа «Ўсходняга партнэрства»

Мапа «Ўсходняга партнэрства»

Прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Дзьмітры Мірончык сёньня паведаміў Свабодзе:

«Рэспубліка Беларусь ня будзе прымаць удзел у мерапрыемствах, якія пройдуць у Празе 24–25 красавіка. Пытаньне, чаму на нефармальнай сустрэчы, якая пазыцыянуецца як юбілей „Усходняга партнэрства“, ня будуць прадстаўленыя ўсе краіны-партнэры гэтай ініцыятывы, варта найперш зьвярнуць да чэскага боку.

На жаль, чэскія арганізатары мерапрыемства аказаліся няздольнымі забясьпечыць выкананьне асноватворных прынцыпаў, якія закладзеныя ў Праскай дэклярацыі 2009 году. У першую чаргу — раўнапраўя і недыскрымінацыі. І гэта пры тым, што з улікам падзеяў у рэгіёне дадзеная ініцыятыва перажывае свае ня лепшыя часы, літаральна трашчыць па швах, патрабуе сур’ёзнага пераасэнсаваньня і сумесных намаганьняў, каб у прынцыпе мець якія-небудзь пэрспэктывы.

Пацьвярджаем прынцыповую, пасьлядоўную пазыцыю Беларусі — „Усходняе партнэрства“ можа быць жыцьцяздольным і эфэктыўным праектам толькі пры ўмове няўхільнага выкананьня яго асноватворных прынцыпаў, а таксама належнага ўліку рэальных патрэбаў, прыярытэтаў і разнастайных інтэграцыйных імкненьняў усіх краін-партнэраў.

Падыходы Рэспублікі Беларусь да далейшага разьвіцьця «Ўсходняга партнэрства» будуць прадстаўленыя намесьніцай міністра замежных спраў Беларусі Аленай Купчыной на штогадовай сустрэчы міністраў замежных спраў Вышаградзкай групы і «Ўсходняга партнэрства», якая мае адбыцца 28-29 красавіка ў Будапэшце».

На міжнароднай канфэрэнцыі ў Празе, прысьвечанай пятым угодкам абвяшчэньня праграмы «Ўсходняе партнэрства», чакаецца ўдзел прэзыдэнтаў Азэрбайджану, Армэніі, Грузіі і Малдовы — краінаў, якія ўваходзяць у праграму. Пра гэта заявілі арганізатары канфэрэнцыі, якая адкрываецца 24 красавіка. Таксама ў Празе чакаюць кіраўнікоў Аўстрыі, Вугоршчыны, Польшчы, Славаччыны.

У панэльнай дыскусіі «Фундамэнтальныя правы і свабоды ў краінах „Усходняга партнэрства“» зьбіраюцца ўдзельнічаць Любоў Кавалёва — маці пакаранага сьмерцю Ўладзіслава Кавалёва, а таксама актывіст праваабарончага цэнтру «Вясна» Андрэй Палуда.

Эўразьвяз фармальна распачаў праект пад назвай «Усходняе партнэрства» на саміце ў Празе ў траўні 2009 году, прапанаваўшы падтрымку дэмакратызацыі і рынкавых рэформаў для шасьці краін: Азэрбайджану, Армэніі, Беларусі, Грузіі, Малдовы і Ўкраіны. Эўразьвяз выдзеліў на 2010–2013 гады каля 2,5 мільярда эўра, каб спрыяць стварэньню дэмакратычных дзяржаўных інстытутаў, ахове навакольнага асяродзьдзя, рэформам прамысловага сэктару, паляпшэньню энэргетычнай бясьпекі і барацьбе зь беднасьцю ў гэтых шасьці краінах.

Праграма прапануе шасьці краінам-удзельніцам цесную эканамічную інтэграцыю з Эўразьвязам, калі яны выканаюць пэўныя ўмовы. Зь цягам часу яны могуць падпісаць шырокія гандлёвыя пагадненьні, якія дадуць кампаніям краін-удзельніц лягчэйшы доступ да рынку ў Эўразьвязе.

Згаданыя гандлёвыя дамовы дазволяць зьнізіць мытныя і іншыя бар’еры на імпарт і экспарт, а таксама на фінансавыя паслугі і дзяржаўныя закупы.

Большая мабільнасьць людзей у Эўропе — таксама частка праекту «Ўсходняга партнэрства». Эўразьвяз хоча спрасьціць працэдуры падарожжаў па Эўропе і ў канчатковым выніку прапанаваць бязьвізавы рэжым перамяшчэньня.

У абмен на лягчэйшы доступ да Эўразьвязу дзяржавы-ўдзельніцы павінны ўвесьці строгія правілы па барацьбе з карупцыяй, арганізаванай злачыннасьцю і гандлем людзьмі, наркотыкамі і зброяй. Гэта, у сваю чаргу, зьнізіць рызыку распаўсюджаньня такіх злачынстваў у ЭЗ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG