Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Назіраю за лёсамі чыноўнікаў, якія трапляюць у Горадню з райцэнтраў.

Адзін дырэктар заводу адразу трапіў у намесьнікі старшыні аблвыканкаму. Жыў у мяне за сьценкай, я заўсёды чуў, калі ён хацеў нешта павесіць – карціну ці паліцу, стукаць стараўся далікатна. Потым раптам пераехаў у сталіцу, узначаліў міністэрства. Удалы лёс, хуткае ўзыходжаньне па кар’ернай лесьвіцы.

А вось другі чыноўнік: Андрэй Худык, учора старшыня Гарадзенскага гарвыканкаму, сёньня – намесьнік кіраўніка спраў прэзыдэнта. Праўда, на інтэрнэт-партале гэтай структуры да апошняга моманту былі пазначаныя пэрсанальна, апроч кіраўніка, першы намесьнік Мікалай Селіванаў і намесьнік Надзея Каткавец. Ніжэй – пусты квадрацік для здымка, насупраць якога пакуль проста напісана «намесьнік кіраўніка справамі прэзыдэнта РБ».

Ці вялікае гэта падвышэньне для спадара Худыка? Скажам, Надзея Каткавец раней была намесьніцай міністра сельскай гаспадаркі, а потым у Маскве дырэктарам дэпартамэнту ў «Эўразійскай эканамічнай камісіі». А ў самім кіраўніцтве справамі, са словаў самога Лукашэнкі, працуе амаль трыццаць тысяч чалавек. Вось у такую структуру трапіў Андрэй Худык. Яшчэ нядаўна яму магло здавацца, што вышэй Горадні ён ня пойдзе.

Я назіраў за ягоным рухам па службовай лесьвіцы збоку. Падазраю, што цяперашняя зьмена ў лёсе чыноўніка можа быць ускосна зьвязаная з украінскімі падзеямі, але ня толькі.

З Андрэем Худыком мы стрыгліся ў адной і той жа майстрыхі. Апошні раз сяджу ў крэсьле і бачу ў люстэрку: ён узьнікае на парозе, а майстрыха яму паказвае, што ўжо хутка. І кажа мне, што ён заўсёды ў яе стрыжэцца. Дарэчы, гэтае крэсла ля самага вакна, а цырульня знаходзіцца насупраць вокнаў абласнога начальства. Гарадзкі галава цярпліва чакаў, калі мяне дастрыгуць, да іншых майстрых ня йшоў. Калі я выходзіў, ён сядзеў у перадпакойчыку.

Мы зь ім сёлета некалькі разоў сутыкаліся на рагу аблвыканкаму, не заходзячы туды, ён пасьля працы самотна кіраваў дахаты. Я разумеў яго: ён не адчуваў мабыць патрэбнай падтрымкі. У крэсла гарадзкога кіраўніка ён трапіў якраз з аблвыканкамаўскага гмаху, з намесьнікаў старшыні Сямёна Шапіры, як яго чалавек. Але Шапіру праз паўгады перавялі на Менскую вобласьць. А вядома, што новае начальства заўжды імкнецца паставіць паўсюль сваіх людзей, што перад тым рабіў і сам Шапіра.

Дзіва дзіўнае: нядаўна мы размаўлялі са знаёмым пра Мікалая Аўтуховіча напярэдадні яго выхаду на волю і ўспомнілі, паміж іншым, пра чыноўнікаў. Ваўкавыскі кіраўнік пасьля гісторыі з Аўтуховічам рэзка пайшоў уверх — адразу ў сталіцу, мінуючы Горадню. А вось кіраўніку Ліды, горада значна большага і мацнейшага эканамічна за Ваўкавыск, пэўны час не давалі рухацца наверх. І цяпер у яго, як выглядала тады, даволі няпэўнае становішча, пагадзіліся мы. Але, маўляў, такі лёс чыноўнікаў непрадказальны! Сёньня я жартую: ня толькі слухаюць, але й прыслухоўваюцца!

Так, Андрэя Худыка нарэшце заўважылі. Што праўда, у ранейшыя часы ён даволі хутка зьмяніў некалькі крэслаў у розных раёнах Гарадзенскай вобласьці. Аднак потым затрымаўся ў Лідзе на сем гадоў, хоць рабіў высілкі, каб горад быў у першых шэрагах. Але напэўна крыху перастараўся: арганізаваў штогадовы Лідзкі эканамічны форум, на які прыяжджалі замежныя дыпляматы з Менску. Памятаю: на плошчы сьвежапафарбаваныя сельскагаспадарчыя машыны, агрэгаты, гарадзкія аўтобусы – усё, што выпускалася ў Лідзе.

У Горадні такога форуму не было і тэхніку на плошчы выстаўлялі толькі ў двух выпадках – на дзень пажарніка і дзень Перамогі. Ня дзіва, што лідзкае мерапрыемства наведваў звычайна толькі намесьнік старшыні аблвыканкаму па эканоміцы. Абласному галаве самому езьдзіць у Ліду ў госьці ня вельмі хацелася. І Худыку руху не давалі. Закончылася, між іншым, нябачнае супрацьстаяньне, тым, што ў Горадні правялі свой эканамічны форум: маўляў, мы ня горшыя за лідзкіх. А потым даволі хутка Лукашэнка замяніў абласнога начальніка на Шапіру, які паклікаў Худыка сабе ў намесьнікі. Праўда, перад гэтым Ліда яшчэ раз прагучала, прычым на ўсю краіну: адбыліся «дажынкі», да іх паднавілі горад і быў адбудаваны замак Гедыміна, магутны абарончы гмах 1323 году.

Чаму менавіта Андрэй Худык прыцягваў маю ўвагу? Я часта бываў у Лідзе, і мне заўсёды казалі, што ён падтрымлівае любыя культурніцкія задумы, зь ім лёгка размаўляць. Мне думалася: ёсьць жа сярод мясцовых чыноўнікаў (ягонае прозьвішча падалося заходнебеларускім) такія, хто адчувае гістарычныя карані, хто хоча, каб той жа замак нарэшце перастаў быць напалову разбураным. І высьвятляецца раптам, што гэты чалавек з заходняй часткі Ўкраіны. Значыць мае ў сабе адпаведны гарт, падумалася мне тады.

Прыцягвала яшчэ ўвагу, што вучыцца зь Ліды Андрэй Худык езьдзіў у Маскву, у расейскую акадэмію дзяржаўнай службы. Але цяпер гэты факт і ўкраінскае паходжаньне хіба што абярнуліся для чыноўніка плюсамі. Так, ва ўсякім разе, выглядае сёньня.

Калі мяняюць чарговага гарадзкога галаву, я для сябе раблю падсумаваньне: што пры ім было зроблена, каб палепшыць гістарычную забудову, якія скульптуры пастаўленыя? Здаецца, ня так даўно яшчэ глядзеў па тэлевізары сюжэт: Андрэй Худык праводзіў плянёрку якраз з нагоды ўвекавечаньня ў горадзе імёнаў вядомых гістарычных асобаў. І вельмі ён асьцярожнічаў: трэба некалькі разоў праверыць, ці яны сапраўды станоўчыя для нас і вартыя, каб аб іх памяталі…

Ужо ў красавіку мне адзін фатограф кажа: каля тэатру лялечнага адкрылі «помнік Чабурашку», ты ня бачыў? У мяне настрой зьнік: у парку імя каралеўскага батаніка Жылібэра каля былога каралеўскага тэатру… Але ён крыху памыліўся. Чабурашкі не было, а быў «скамарох», Пятрушка. Мне ён таксама не даспадобы, але ўсё ж гэта лепей за Чабурашку.

Такі помнік пакінуў па сабе ў Горадні Андрэй Худык. Мінулай восеньню адбыўся скульптурны пленэр, які прафундавала гарадзкая ўлада. Яго тэмай было мастацтва. Адзін з удзельнікаў мне расказваў, што да іх наведваўся сам Андрэй Худык, цікавіўся працай. З гэтага пленэру якраз і паходзіць той Пятрушка. Крыху раней паставілі іншую пленэрную працу – Эўрыдыку. Пасьля ад’езду былога старшыні гарвыканкаму ў сталіцу ў плянах засталася яшчэ скульптура, названая абстрактна «Сьпевам пра Каложу».

Усё ж, на жаль, пры спадару Худыку помнікі гістарычным асобам не зьявіліся ні ў Лідзе (мова была пра вялікага князя Гедыміна), ні ў Горадні, дзе прапаноўвалі і князя Давыда Гарадзенскага, і караля Стэфана Баторыя, ня кажучы пра паэта Максіма Багдановічу, бюст якому быў нават зацьверджаны папярэднікам спадара Худыка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG