Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Якая можа быць Плошча пасьля таго, што адбылося ва Ўкраіне...»


Валянцін Жданко

Валянцін Жданко

Пакуль Украіна і Расея застаюцца ў перадваенным стане, балянсуючы на мяжы поўнамаштабных баявых дзеяньняў, Беларусь занятая пераважна апошняй падрыхтоўкай да вялікага спартовага сьвята — хакейнага чэмпіянату сьвету. Многія пры гэтым адзначаюць, што тая пагрозьлівая атмасфэра, якая пануе сёньня ў беларускай інфармацыйнай прасторы з прычыны ўкраінскіх падзеяў, ня надта спрыяе сьвяточнаму настрою. Нямала ў беларускім грамадзтве і тых, хто па-ранейшаму лічыць згоду заходніх дзяржаў удзельнічаць у менскім чэмпіянаце памылкай і праявай слабасьці.

З аднаго такога ліста і пачну сёньняшнюю размову. Вось што на гэтую тэму піша Мікола Антоненка са Жлобіна:
«Лукашэнка паабяцаў Маскве, што будзе зь ёй „у любой сытуацыі“. Гэта азначае, што ён ня толькі гатовы падтрымаць любую авантуру, але і будзе ўдзельнічаць у яе выкананьні. І як у такіх умовах заходнія краіны могуць пасылаць свае хакейныя зборныя для ўдзелу ў менскім чэмпіянаце сьвету?

Няхай бы Лукашэнка гуляў у хакей з Пуціным: у такіх дзяржавах, як Беларусь і Расея, увогуле нельга праводзіць значныя міжнародныя імпрэзы — ні спартыўныя, ні культурныя. Асабіста я ўпэўнены, што Пуцін даўно рыхтаваў авантуру з нападам на Ўкраіну. Адзінае, што яго стрымлівала, — сочынская Алімпіяда. Баяўся байкоту. А ледзь Алімпійскія гульні скончыліся — тут жа пачалося ўварваньне.

Мяне дужа зьдзіўляе, што Лукашэнка беспакарана зьневажае, прыніжае кіраўнікоў Захаду, зьдзекліва камэнтуе іхныя дзеяньні. Маўляў, яны і недзеяздольныя, і ні на што ня вартыя, і „безь яец“, займаюцца парожняй балбатнёй. А з боку Захаду — ніякай рэакцыі. А гэта азначае — згода. Замест адэкватнага жорсткага адказу яны проста садзейнічаюць росту рэйтынгу дыктатара ...

Лічу, што на дадзены момант Захад павінен адказаць байкотам менскага хакейнага чэмпіянату. Для Лукашэнкі гэта — найважнейшая палітычная падзея, сродак для падвышэньня ўласнага аўтарытэту ў сьвеце. Калі чэмпіянат адбудзецца — у Лукашэнкі, як кажуць, вырастуць крылы. Ён адчуе сябе героем плянэты і працягне паліваць брудам увесь цывілізаваны сьвет.

Час, каб наладзіць байкот, яшчэ ёсьць, хоць яго і вельмі мала. Што адметна, для большасьці беларускага народу гэта будзе зусім не балюча, бо эканомікі не зачэпіць. А вось для амбіцыяў Лукашэнкі гэта адчувальны ўдар. Дый для Пуціна стала б адпаведным сыгналам».

Свой удзел у менскім хакейным чэмпіянаце пацьвердзілі ўжо ўсе нацыянальныя зборныя — і наўрад ці за некалькі тыдняў, што засталіся да пачатку першынства, нешта ў гэтай справе зьменіцца.

Тут, спадар Мікола, варта адэкватна ўспрымаць маштаб падзеі. Гэта не Алімпіяда і не футбольны чэмпіянат сьвету. Хакей — усё ж ня самы папулярны від спорту, і далёка не ўва ўсіх краінах ён распаўсюджаны. Дый чэмпіянаты гэтыя праводзяцца штогод, грамадзкая ўвага да іх не такая шырокая, як да футболу ці да Алімпійскіх гульняў.

Што да зьняважлівых выказваньняў Лукашэнкі на адрас кіраўнікоў краін Захаду. Ігнараваньне гэтых выказваньняў — праява ня слабасьці, а сілы. З Лукашэнкам проста ня лічаць вартым уступаць у дыскусію (тым больш калі гэта падобна ня столькі да спрэчкі, колькі да лаянкі). У пэўнай ступені гэта таксама дэманструе ступень самастойнасьці, незалежнасьці беларускага лідэра. Ключавыя пытаньні, якія датычаць рэгіёну, Захад хутчэй будзе вырашаць з Масквой, а ня зь Менскам.
✉ ✉ ✉

Драматычныя ўкраінскія падзеі надзвычай непакояць нашага даўняга сябра Паўла Саца зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну — тым больш што жыве ён зусім блізка ад беларуска-ўкраінскай мяжы. У сваім лісьце на Свабоду слухач піша:
«З трывогай сачу за тым, што адбываецца ў нашых паўднёвых суседзяў. Усё паказвае на тое, што там можа пачацца грамадзянская вайна. Захаду цяпер трэба вельмі пастарацца, каб загасіць полымя, пакуль яно яшчэ не разьдзьмута. Асабіста я бачу вялікую небясьпеку ў правых радыкалах.

Вось прыклад. Адзін наш мясцовы маларыцкі прадпрымальнік у дваццатых чыслах сакавіка паехаў па тавар у Хмяльніцкі. Спынілі, затрымалі, зьбілі на вачах у міліцыі. Забралі мікрааўтобус. Далі на дарогу 30 даляраў — і выпхнулі. Чалавек ад пярэпалаху страціў голас. І дактары не даюць гарантыі — ці здолее ён урэшце паправіцца.
Адзін наш маларыцкі прадпрымальнік паехаў па тавар у Хмяльніцкі. Спынілі, затрымалі, зьбілі на вачах у міліцыі. Забралі мікрааўтобус
Ну што гэта за ўлада? Няўжо галічане разьлічваюць на такім грабежніцтве трапіць у Эўропу?

Нібыта, на Майдане адстойвалі высакародныя мэты. Нельга было цярпець такую карупцыю, такое бяспраўе. Набліжаныя да ўлады алігархі купаліся ў раскошы, ляталі на асабістых самалётах, а народ бедаваў. Усё так. Але што ў выніку? Самі ўтрымаць уладу ня могуць, трашчыць яна па швах. Наламалі дроў, падпалілі — а патушыць самастойна ня могуць. І што рабіць?

Цяпер бы дамовіцца з усходнімі ды паўднёвымі рэгіёнамі, пайсьці ім на саступкі дзеля цэласнасьці дзяржавы. Ну чаму б ім не дазволіць карыстацца расейскай мовай як дзяржаўнай? Гэтак жа можна даць афіцыйны статус беларускай мове ў некаторых раёнах Чарнігаўскай вобласьці, а таксама грэцкай, баўгарскай, гагаускай — там, дзе кампактна жывуць гэтыя нацмяншыні... Галоўнае цяпер — дзяржаву захаваць».

Відаць, ня толькі ў мове тут справа і ня толькі ў непадкантрольнасьці экстрэмістаў з «Правага сэктару». Крамлёўскія кіраўнікі паказалі, што ніколі не пагодзяцца з эўрапейскім, дэмакратычным выбарам Украіны і маюць цьвёрды намер вярнуць яе пад свой кантроль — калі ня цалкам, дык хоць кавалкамі. На Крыме Пуцін, як бачым, не спыніўся. На чарзе — Данецк, Луганск, Харкаў. Пры найгоршым для Кіева раскладзе размова можа ісьці пра анэксію прынамсі васьмі паўднёвых і ўсходніх украінскіх абласьцей — цэлы пас рэгіёнаў уздоўж усяго ўзьбярэжжа Азоўскага і Чорнага мораў, аж жа Адэсы. Расея такім чынам атрымала б калідор з выхадам на прарасейскае Прыднястроўе і на румынскую мяжу, а Ўкраіна страціла б каля паловы свайго ранейшага насельніцтва, тры чвэрці эканамічнага патэнцыялу і ўсе марскія парты.
✉ ✉ ✉

Новы ліст ад нашага даўняга слухача і аўтара Аляксея Былінскага з Рэчыцы. Разважаючы пра сёньняшнія эканамічныя рэаліі, ён наракае на пасіўнасьць апазыцыі, якая, на ягоную думку, магла б больш дзейсна спрыяць вырашэньню гаспадарчых праблемаў у краіне:
«Да 1 красавіка за праезд у гарадзкім аўтобусе я плаціў 2700 рублёў. Цяпер вымушаны плаціць 3200. У сувязі з гэтым згадваю, як шмат на хвалях Свабоды выступае розных разумных асобаў — і дактары эканамічных навук, і банкіры, вялікія тэарэтыкі. Ці ж цяжка гэтым гаварунам зрабіць разьлікі і прапанаваць нашай любімай уладзе зэканоміць на чымсьці іншым? Альбо — разабрацца ў прычынах калясальных дзяржаўных стратаў ды прапанаваць іншы шлях разьвіцьця, які б быў зразумелы людзям?

Вось апошні тыдзень у нас шмат гавораць пра ліквідацыю неўзабаве тэлефонных перамоўных пунктаў у сыстэме Мінсувязі. Нібыта ўжо і загад ёсьць, у якім гэта абгрунтоўваецца мэтай так званай „аптымізацыі“. Наколькі я ведаю, гэтымі пунктамі карыстаюцца тысячы людзей. Пацікавіўся ў нашым мясцовым вузьле сувязі, наколькі рэнтабэльны ён быў летась. Адказалі: ён сябе апраўдвае. Праўда, пра падрабязнасьці новага загаду гаварыць адмовіліся: баяцца за ўласныя крэслы.

Пры цяперашнім эканамічным бедзтве ў дзяржаве скарачаць рэнтабэльныя прадпрыемствы — гэта калі ня шкодніцтва, дык глупства. Вось дзе справа для КДБ — а ня там, дзе нейкі нясьпелы дэмакрат нешта ня тое ляпнуў ці памахаў ня тым сьцягам.

Мы ўсе лаем Сталіна за масавыя рэпрэсіі. Але калі вось такога начальніка зь „Белтэлекаму“ і рэпрэсаваць — думаю, мільёнам кліентаў міжгародніх перамоўных пунктаў стане толькі лягчэй. Ну, але Сталіна даўно няма, а таму эканамічна адукаваная апазыцыя магла б без усялякіх рэпрэсіяў падключыцца і вырашыць гэтую праблему».

Застаецца толькі знайсьці таго высокапастаўленага чыноўніка, які пагодзіцца такія разьлікі, распрацоўкі ды праекты апазыцыйных эканамістаў ажыцьцявіць. Рознага кшталту эканамічных праграмаў за мінулыя два дзесяцігодзьдзі апазыцыя выпрацавала нямала — у тым ліку пры чынным удзеле кваліфікаваных заходніх ды айчынных адмыслоўцаў. Але практычна ніводная зь іх не была запатрабаваная беларускай уладай. Нават самыя відавочныя і слушныя ідэі, калі яны паходзяць ад апазыцыйных структураў, у сёньняшніх беларускіх умовах маюць вельмі мала шанцаў на рэалізацыю.
✉ ✉ ✉

На заканчэньне — кароткі ліст-падзяка ад нашага слухача Паўла Кузьмянкова зь Менску:
«Свабоду слухаюць тыя людзі, якім неабыякавы лёс незалежнасьці і мовы, якія хочуць ведаць праўду. На жаль, такіх людзей у Беларусі ня надта шмат. Можа, таму мы і жывем так — і бедна, і несвабодна, і нярадасна...

На Плошчу-2015 ужо не спадзяюся. Пасьля кіеўскага Майдану і наступных украінскіх падзеяў (захопу Расеяй Крыму і разгулу бандытызму ў Данбасе) верагоднасьць грамадзкіх пратэстаў у Беларусі — амаль нулявая. Якая можа быць Плошча пасьля таго, што адбылося ў выніку Майдану ва Ўкраіне... Можа, так яно і лепш: прынамсі, захаваем хоць такую незалежнасьць. Вядома, яна непаўнацэнная, абмежаваная, васальная. Але лепш такі варыянт, чым крымскі.

Жадаю Свабодзе, каб яна дастукалася да сэрцаў маладых беларусаў. Наша пакаленьне сапраўдную незалежнасьць краіны так і не здабыла. Цяпер уся надзея на маладых. Гэта яны павінны зноў узьняць бел-чырвона-белы сьцяг над Домам ураду і прымацаваць на фасадзе гэтага будынка Пагоню — тую самую, якая была там да 1995 году».

Дзякуй, спадар Павал, вам, а таксама ўсім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду.

Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.
Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
XS
SM
MD
LG