Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Белавія» адмяніла рэйсы ў Крым, бо эканамічна немэтазгодна


Беларуская авіякампанія «Белавія» ня будзе лятаць гэтым летам у Крым з прычыны эканамічнай немэтазгоднасьці такіх рэйсаў, паведаміў міністар транспарту і камунікацыяў Беларусі Анатоль Сівак.

«На сёньняшні дзень „Белавія“ не прадае квіткоў на тыя рэйсы, якія былі ў раскладзе з чэрвеня па жнівень. Гэта выклікана тым, што эканоміка гэтых рэйсаў ня вельмі добрая», — цытуе БелТА міністра.

Спадар Сівак таксама зьвярнуў увагу на рашэньне Расеі аб датаваньні авіяпералётаў у Крым. «Калі нам ажыцьцяўляць сёньня перавозкі ў Крым, то трэба ўлічваць пэўныя праблемы з прасторай, трэба будзе ляцець праз Растоўскі рэгіён, а гэта павялічвае выдаткі кампаніі».

Кіраўнік Мінтрансу падкрэсьліў, што адмова «Белавія» лятаць у Крым не азначае, што беларусы ня змогуць туды трапіць авіятранспартам: «Калі ляцець праз Маскву, дзе выкарыстоўваюцца датацыі, то гэта будзе таньней больш як на 50 эўра, чым ляцець нашым самалётам праз Растоўскі рэгіён», — растлумачыў міністар. І падкрэсьліў: «Тут эканамічныя пытаньні на першым месцы».

ААТ «Авіякампанія „Белавія“» пры канцы сакавіка прыняла рашэньне скасаваць авіярэйсы ў Сымфэропаль у 2014 годзе, патлумачыўшы гэта нізкім попытам.
XS
SM
MD
LG