Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША накіроўваюць сотні салдат да ўсходніх межаў НАТО


ЗША абвясьцілі аб адпраўцы каля 600 вайскоўцаў у Польшчу і краіны Балтыі – для ўдзелу ў вайсковых вучэньнях. Пэнтагон паведаміў, што амэрыканскія салдаты, якія базуюцца ў Італіі, прыбудуць у Польшчу 23 красавіка.

Прадстаўнік міністэрства абароны ЗША заявіў, што амэрыканскія вайскоўцы таксама накіроўваюцца ў Эстонію, Латвію і Літву.

Рашэньне накіраваць войскі ў краіны НАТО, разьмешчаныя на ўсходніх межах Паўночнаатлянтычнага зьвязу, прынятае пасьля атрыманьня ад гэтых краін просьбы аб вайсковай падтрымцы – у сьвятле захопу Расеяй паўвострава Крым.

Камандаваньне НАТО абвясьціла на мінулым тыдні пра намер узмацніць паветраныя, марскія і сухапутныя сілы Зьвязу, каб прадэманстраваць «супрацьдзеяньне расейскай агрэсіі».

Лічыцца, што Расея сканцэнтравала на мяжы з Украінай дзясяткі тысяч салдат. Масква заяўляе, што ня мае намеру ўмешвацца ў справы Ўкраіны і абвінаваціла краіны Захаду ў тым, што накіраваньне іх падразьдзяленьняў на ўсход прыводзіць да «нагнятаньня напружанасьці».
XS
SM
MD
LG