Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эштан асудзіла расстрэл Селюна


Кэтрын Эштан

Кэтрын Эштан

У Беларусі за двайное злачынства пакаралі сьмерцю студэнта.

Вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу ў замежных справах Кэтрын Эштан рашуча асудзіла выкананьне сьмяротнага прысуду ў дачыненьні да Паўла Селюна. Пра гэта гаворыцца ў паведамленьні прэс-службы кіраўніка дыпляматыі ЭЗ.

«Вярхоўны прадстаўнік усьведамляе сур'ёзны характар злачынства, за якое ён быў асуджаны. Тым ня менш, яна лічыць, што сьмяротнае пакараньне ніколі ня можа быць апраўданае. Эўрапейскі зьвяз выступае супраць сьмяротнага пакараньня пры любых абставінах», – адзначаецца ў дакумэнце.

Эштан лічыць сьмяротнае пакараньне «жорсткім і бесчалавечным пакараньнем» і падкрэсьлівае, што яно ня здольнае стрымліваць злачыннасьць. На думку кіраўніка дыпляматыі ЭЗ, гэты від пакараньня «ўяўляе сабой непрымальнае адмаўленьне чалавечай годнасьці і цэласнасьці». Эштан адзначыла, што Беларусь застаецца адзінай краінай у Эўропе, якая працягвае ўжываць сьмяротнае пакараньне, і заклікала ўлады краіны далучыцца да глябальнага мараторыю на гэты від пакараньня ў якасьці першага кроку да яго поўнай адмены.

Гарадзенскі абласны суд прысудзіў да сьмяротнай кары 23-гадовага студэнта БДУ Паўла Селюна ў чэрвені 2013 году. Ён быў прызнаны вінаватым у забойстве двух асоб, выкананым з асаблівай жорсткасьцю, зьдзеку над трупамі, крадзяжы асабістых дакумэнтаў. На мінулым тыдні СМІ паведамілі пра тое, што прысуд прыведзены ў выкананьне.
XS
SM
MD
LG