Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што ўзяць з сабою ў Беларусь пасьля канца сьвету?


Севярын Квяткоўскі

Севярын Квяткоўскі

У мяне ёсьць знаёмы, які ня першы год пераконвае, што з будучыняй Беларусі – усё кепска. Лукашэнка вядзе антыбеларускую палітыку, запускае ў краіну расейскіх агентаў, і ўрэшце ўсё скончыцца аншлюсам.

Цяжка запярэчыць. Людзі часьцяком хаваюць сваю беларускамоўнасьць на публіцы, каб ня быць западозранымі ў палітычнай дзейнасьці. Ня гледзячы на сацыялягічныя апытаньні і вынікі перапісаў насельніцтва, сярэдняя і вышэйшая адукацыя не задавальняе запыты людзей, якія выступаюць за разьвіцьцё беларускай мовы. На вышэйшыя пасады ў сілавых ведамствах часьцяком прызначаюцца людзі з Расеі. Людзям дваццаць гадоў кадзіруюць мазгі формуламі пра тое, што яны «такія ж рускія, толькі са знакам якасьці», а самі людзі выбіраюць для прагляду расейскую ТВ, як больш якасную за беларускую афіцыйную.

А ТВ – гэта найперш не навіны, і нават не ток-шоў, ТВ – гэта кіно. А ў расейскі фільмах і сэрыялах багата крутых расейскіх спэцназаўцаў. І беларускі глядач пранікаецца: вось баец Чачэнскай вайны «мочыць» бандытаў, гнілых празаходнікаў, украінскую мафію. А вось іншыя спэцназаўцы ратуюць цэлы постсавецкі рэгіён ад выбуху ядзернай бомбы, закладзенай тэрарыстамі з чарнявымі абліччамі. А вось простыя хлопцы зь Піцера трапляюць у мінулае, і «мочаць» бандэраўцаў у Заходняй Украіне. А вось ужо без фантастыкі: маёр НКВД са зьнешняй выведкі рыхтуе дзяўчат для дывэрсійнай дзейнасьці ў Фінляндыі. Крута, пра Беларусь такіх фільмаў няма.

Я расейскія фільмы бачу час ад часу, не сыстэмна. Але ёсьць у мяне любімы канал «Russian extreme». Парадокс, але менавіта на ім ідуць найлепшыя амэрыканскія баявікі ўсіх магчымых фарматаў: крымінальныя, ваенныя, дэтэктыўныя, і, канечне, фантастычныя.

Гляджу навіны – адусюль, і цяпер найперш пра Расею і Ўкраіну, а для забавы – амэрыканскія баявікі.

Цікава адным вокам глядзець ролік, дзе барадаты «русскомирецЪ» распавядае, што Расея мусіць дайсьці да Канстантынопалю, і вярнуць крыж на Сьвятую Сафію (разам з чырвоным сьцягам?). А другім вокам глядзець амэрыканскі фільм, дзе мадэлюецца сьвет пасьля катастрофы, і дзе купка людзей спрабуе адбудаваць чалавецтва нанова. Пасьля ледавіковага пэрыяду, патопу, глябальнай інфэкцыі, засухі. Амэрыканскі вытворца цьвердзіць: мы – людзі – выжывем, і ня гледзячы на поўны гамон, мы аб'яднаемся, і створым жыцьцё новым-лепшым. Не на Зямлі, дык у Космасе.

То бок, гаворка пра бачаньне пэрспэктываў.

Пакуль расейцы «ўстаюць з каленяў» у сучаснай РФ, амэрыканцы «ўстаюць з каленяў» у будучыні пасьля Апакаліпсісу, і ў маштабах чалавецтва.

***

Мой знаёмы фатаграфуе, езьдзіць у фальклёрныя экспэдыцыі, супарцоўнічае з музычнымі гуртамі. Робіць культурны прадукт.

І чакае, адкуль прыйдзе канец сьвету: з боку афіцыйнай улады, «зялёных чалавечкаў», ці ракеты, запушчанай з усходу ці захаду.

Я згадваю сюжэты пра купку людзей, якія аб'ядноўваюцца, каб супольна выжыць, ствараючы новую рэальнасьць. І хачу запытаць у майго вечнага апанэнта: калі Беларусь – гэта наша мадэль сьвету, што ты гатовы ўзяць з сабой у тое перафарматаванае поле, якое будзе пасьля магчымага Апакаліпсісу?

Напрацаваны багаж артэфактаў, ведаў, сэнсаў?

Ці сваё ныцьцё? )

Жыцьцё бясконцае.
XS
SM
MD
LG