Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як зьмянілася стаўленьне беларусаў да Расеі, Эўропы і Лукашэнкі пад уплывам украінскіх падзеяў? Чым Беларусь падобная на Данбас? Дзеля чаго і наколькі беларусы гатовыя на пратэст?

Гэтыя пытаньні ў Праскім акцэнце абмяркоўваюць сацыёляг Сяргей Нікалюк, дасьледчыца інстытуту «Палітычная сфэра» Тацьцяна Чыжова і аглядальнік нашага радыё Віталь Цыганкоў.

Чаму беларусы палюбілі Расею?

Дракахруст: Цяпер галоўная сусьветная тэма — ўкраінскі крызіс. Мы пра яе і пагаворым, але ў своеасаблівым ракурсе — як гэтыя працэсы адлюстроўваюцца ў беларускай грамадзкай сьвядомасьці, якія аналёгіі існуюць паміж імі і тым, што адбываецца ў Беларусі.

Днямі былі апублікаваныя дадзеныя апошняга, сакавіцкага апытаньня НІСЭПД (тут, тут і тут).

Галоўныя вынікі — за квартал заўважна ўзрасьлі, да шматгадовага максымуму, прарасейскія настроі, зьнізіліся праэўрапейскія, вырас рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі.

Пры гэтым паводле дадзеных апытаньня не сказаць, каб беларусы так ужо адназначна былі супраць Майдану, каб падтрымлівалі Януковіча. Дык чаму такія вынікі — прычым тут Эўропа і Расея і Лукашэнка? A priori беларусы, і не адно апазыцыйныя актывісты, маглі наадварот напалохацца брутальных дзеяньняў Расеі ва Ўкраіне, прымерыць іх на сваю краіну. З чаго ж рост прарасейскіх настрояў і сымпатый да Расеі?

Сяргей Нікалюк

Сяргей Нікалюк

Нікалюк: Мяркую, што зьмены ў грамадзкай думцы адбыліся не пад уплывам непасрэдна падзей у Ўкраіне, а пад уплывам іх інтэрпрэтацыі расейскімі СМІ. Беларусы па-ранейшаму знаходзяцца ў расейскай інфармацыйнай прасторы. У Расеі за лічаныя тыдні грамадзтва ахапіла эўфарыя. Яно было пераведзенае са стану палітычнай апатыі ў стан палітычнага ўзбуджэньня. У Беларусі, вядома, такой рэзкай зьмены настрояў не адбылося, але тое, што мы назіраем — ёсьць рэха расейскай прапаганды і рэакцыя беларусаў на далучэньне Крыму. Тут справа не ў Майдане. Далучэньне Крыма — рэалізацыя мары, таму што большая частка беларусаў па-ранейшаму застаецца савецкімі людзьмі. Адсюль такая рэакцыя на падзеі, проста амплітуда менш.

Дракахруст: Тацьцяна, вы згодны з такой інтэрпрэтацыяй? Дарэчы, калі глядзець на гэтыя дадзеныя, то калі расейская прапаганда і дзейнічае, то сэлектыўна. У адказ на пытаньне «Вы былі за Майдан ці за Януковіча?» — 20% за Майдан, 16% за Януковіча. Калі ўжо расейская прапаганда такая ўсясільная, то чаму яна не зрабіла, каб усе былі за Януковіча?

Стаўленьне да канфлікту — адна справа, а стаўленьне да вынікаў — іншая. І, дарэчы, як вы лічыце, рост прарасейскіх настрояў — ці ня ёсьць гэта стакгольмскі сындром: мы вас так любім, таму што мы вас так баімся?

Тацьцяна Чыжова

Тацьцяна Чыжова

Чыжова: Вы маеце, рацыю — ёсьць сумнеў у тым, што расейскія СМІ настолькі паўплывалі на грамадзкую думку беларусаў. Шараговы беларус мог быць напалоханы дзеяньнямі правых радыкалаў на Майдане, потым — крывавых сутычак, дзе невядома, хто і навошта страляў, а затым — новай улады, якая з першых дзён свайго існаваньня распальвала нацыянальную варажнечу па прыкмеце мовы, а цяпер пасылае танкі ў рэгіён, які ўзбунтаваўся.

Украінскі Майдан дадаў сымбалічнага капіталу ў скарбонку цяперашняй беларускай улады, знакамітая стабільнасьць ізноў у фаворы. Некаторыя мае знаёмыя, якіх ніяк не западозрыш у сымпатыях да цяперашняй улады, якія былі цалкам салідарныя з «генэраламі Плошчы» ў 2010, цяпер кажуць, што пасьля кіеўскіх і наступных падзей сталі цаніць тое, што зараз адбываецца ў Беларусі.

А Януковічу не даравалі яго слабасьці і негатовасьці да дзеяньняў: паводле грамадзкай думкі трэба было альбо шчыра прызнаць паразу, альбо абараняць сваю ўладу.

Дракахруст: Віталь, а якая ваша інтэрпрэтацыя? Тое, пра што сказала Таццяна, было б зразумела, калі была б рэакцыя кшталту «ня трэба нам Плошчы». Але Расея тут прычым, Эўропа тут прычым? І, дарэчы, наколькі я памятаю дадзеныя НІСЭПД, пасьля грузіна-расейскай вайны ў 2008 годзе таксама быў усплёск сымпатый да Расеі. Расея дэманструе мускулы, паводле формулы Канстанціна Лявонцьева «правит бесстыдно», а гэта выклікае сымпатыю. Чаму?

Віталь Цыганкоў

Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: Пагаджуся з калегамі. Але дадам, на мой погляд, важны чыньнік: беларусы, як і іншыя народы, любяць пераможцаў. Я адзначу, што менавіта як іншыя народы, але, магчыма, беларусы больш за іншыя народы любяць пераможцаў. Прынамсі, Расея ў масавай сьвядомасьці на дадзены момант праявіла сябе як пераможца. Яна забрала Крым, яна цяпер можа адхапіць яшчэ частку Ўкраіны.

Менавіта так гэта успрымаецца людзьмі. За гэтыя гады назіраньняў і апытаньняў мы многа разоў бачылі, як стаўленьне да Эўропы і Расеі мянялася ў залежнасьці ад сытуацыі і падзеяў, які адбываліся. Была ў Расеі вайна, разруха, крызыс — людзі ставіліся да яе горш і інтэграцыі не хацелі. Калі Расея праяўляла сябе ў масавай сьвядомасьці як пераможца, як нейкі суб’ект, які штосьці захоплівае, далучае, то беларусам гэта падабалася і рэйтынг Расеі рос. Плюс у дадзеным канфлікце з Украінай Эўразьвяз у масавай сьвядомасьці паводзіў сябе слаба пры абароне Ўкраіны.

Паўтаруся, што менавіта так гэта ўспрымалася людзьмі. І вось карціна такая: Расея выйграе, падымаецца з каленяў, а Захад адступае і ня можа абараніць Украіну, не можа ўвесьці санкцыі і супрацьстаяць. І за што яго тады любіць?
Дарэчы, як тое часта бывае ў крытычныя моманты, людзі ныюць і скардзяцца на Лукашэнку, крытыкуюць яго, а потым высьвятляецца, што на выбарах яны за яго галасавалі.

Чаму Беларусь не Данбас?

Дракахруст: Часам і ад украінскіх калегаў, і ад беларускіх дасьледчыкаў можна пачуць меркаваньне: Беларусь — гэта такі Данбас без астатняй Украіны: і паводле сацыяльна-эканамічнай структуры, і паводле моўных паводзінаў, і паводле культурна-палітычных кодаў. Ці згодны вы з такой аналёгіяй? Узімку гэтага году многія задаваліся пытаньнем — а ці магчымы ў Беларусі Эўрамайдан. Цяпер дарэчна задаць пытаньне — а ці магчымае ў Беларусі паўтарэньне таго, што зараз адбываецца на ўсходзе Ўкраіны, ў той ці іншай форме?

Цыганкоў: Я думаю, што пры ўсіх тых падабенствах, якія вы назвалі, адрозьненьня значна больш, чым падабенстваў. У Данецкай вобласьці этнічных расейцаў прынамсі 30%. У Беларусі няма такога рэгіёна, агульная колькасьць расейцаў каля 9%, але няма такога рэгіёну, дзе іх доля значна перавышала б гэтую сярэднюю лічбу. Яны расьселеныя раўнамерна па ўсёй краіне. У Данецкай вобласьці 75% насельніцтва назвалі расейску мову роднай. У Беларусі, пры ўсёй трагічнасьці стану беларускай мовы, падчас апошняга перапісу 2009 году 53% назвалі роднай мовай беларускую.

Калі ўзяць прамысловую структуру, то Данбас — гэта індустрыяльны раён і, хаця мы прызвычаіліся казаць пра Беларусь менавіта як пра індустрыяльную краіну, але штогод колькасьць людзей, занятых у прамысловасьці, ў Беларусі зьніжаецца. Колькасьць людзей, якіх мы можам назваць рабочым клясам, у Беларусі ўвесь час зьмяншаецца і гэта ўжо не параўнальна са спэцыфічным данбаскім рэгіёнам.

У Беларусі зусім іншае стаўленьне да ўлады, калі ўжо браць гэты аспэкт. То бок, калі б улада была дэмакратычная, то вялікая колькасьць беларусаў яе падтрымлівала б таму, што ёсьць традыцыя падтрымкі ўлады. Такім чынам, я не магу ўявіць сабе сытуацыю, калі б які-небудзь рэгіён паўстаў супраць улады. У Беларусі да таго ж няма такіх моцных рэгіянальных адрозьненьняў у палітычным сэнсе...

Калі казаць пра канкрэтную сытуацыю з удзелам «зялёных чалавечкаў», то гэта зусім іншая размова. Гэта зьнешні фактар, які мы маем у асобе Расеі.

Дракахруст: Тацьцяна, вы згодны з параўнаньнем, што Беларусь — гэта Данбас?

Чыжова: Ёсьць падабенства, але ў нас няма свайго «Захаду» (Беларусь — аднародная краіна), а таксама няма сваіх Ахметавых, Каламойскіх ды Тарутаў (эканоміка у большай ступені дзяржаўная), менш міліцэйскага свавольля на месцах, больш сацыяльнай абароненасьці. Ня вельмі зразумелая пастаноўка пытаньня, бо падзеі на ўсходзе Украіны — гэта рэакцыя на падзеі ў Кіеве, Роўне і іншых месцах, і тактыкі і тэхнікі пратэстоўцаў у Данбасе — чыстая копія таго, што адбывалася раней на Майдане.

Дракахруст: Тацьцяна, ў Данбасе ўзьнік лёзунг «Давайце пойдзем у Расею!». Там, праўда, ёсьць пытаньне, ці яны сапраўды хочуць у Расею ці ў іх проста няма іншай мовы для таго, каб выказаць свой пратэст? Ці магчыма гэта, на ваш погляд, у Беларусі?

Чыжова: Калі мы бралі інтэрвію для нашага часопіса «Прасвет» ўва ўкраінскага сацыёляга Уладзімера Ішчанкі, ён заўважыў, што згодна з апытаньнямі, фактычна ўкраінскае насельніцтва не хоча быць ўва Ўкраіне. Яно альбо хоча на Захад у адным выпадку, альбо на Ўсход у іншым выпадку. Сытуацыя ва Украіне даволі цяжкая і з эканамічнага пункту гледжаньня, і з палітычнага таксама. Таму насельніцтва ўвесь час хоча куды-небудзь, Усход геапалітычна больш арыентаваны на Расею. Яго мова такая: Мы не ведаем, што можна зрабіць з нашай краінай, адзінае — гэта паспрабаваць куды-небудзь схадзіць, напрыклад, на ўсход, каб нешта палепшыць у сваім жыцьці. Што тычыцца Беларусі, то, на мой погляд, у Беларусі больш стрыманае жаданьне ісьці хоць у Эўразьвяз, хоць ў Расею. Я б сказала, што ў нас ёсьць напэўна большае жаданьне захоўваць нэўтралітэт, які існуе цяпер.

Дракахруст: Сяргей, якое ваша стаўленьне да гэтага прыпадабненьне Беларусі Данбасу? Вы ў свой час шмат спасылаліся на дасьледаваньні Юрыя Лявады, на яго паняцьце «чалавек савецкі». Магчыма, гэты чалавек і захаваўся што там, што там?

Нікалюк: З апошнім сьцьвярджэньнем я абсалютна згодны. Долі рускіх ў Беларусі і ў Данбасе — гэта ня так важна. Галоўная характарыстыка — гэта ня мова і не этнічнасьць. Данбас вельмі падобны на Беларусь паводле колькасьці «чалавека савецкага». А гэта адзіная характарыстыка — што ў Беларусі, што ў Данбасе, што ў Расеі.

Але я пагаджуся з калегамі, якія казалі, што Беларусь — гэта не Ўкраіна, ў Беларусі няма свайго Захаду. Таму такой рэакцыі ў Беларусі, як у Данбасе, быць не можа. Таму што рэакцыя ў Данбасе — гэта рэакцыя на Захад самой Украіны.

Я нядаўна спрабаваў знайсьці адрозьненьні ў поглядах, у ацэнках, у каштоўнасьцях беларусаў ўсходніх і заходніх рэгіёнаў, абапіраючыся на дадзеныя НІСЭПД. Мне гэтага зрабіць не ўдалося. Больш за тое, я ўзяў асобна катэгорыі праваслаўныя і каталікі. Нават тут прынцыповай розьніцы няма. Адна з прычын, чаму ў Беларусі ўдалося пабудаваць кансалідаваны аўтарытарны рэжым — гэта тое, што няма такой дыфэрэнцыяцыі ўнутры краіны. І краіна, вядома, памерамі паменш. Гэта не Украіна, якая па насельніцтве фактычна ў пяць разоў большая, а пра Расею тут і казаць няма чаго.

Пратэсты ў Беларусі і ва Ўкраіне: падабенства і адрозьненьні

Дракахруст: Пэўны час таму Тацьцяна Чыжова апублікавала дасьледаваньне пра пратэстную актыўнасьць у Беларусі ў мінулым годзе. У тым дасьледаваньні ўразіла параўнаньне: у Беларусі ў 2013 годзе было 103 акцый пратэсту, ва Ўкраіне — 3636. Нават з улікам таго, што Ўкраіна — краіна больш шматлюдная, адрозьненьні ўражваюць. У чым іх прычына: беларусы больш задаволеныя, ў Беларусі больш жорсткая, больш рэпрэсіўная сыстэма, адрозьніваюцца нацыянальныя тэмпэрамэнты?

Чыжова: Удакладненьне: 3636 — дадзеныя за 2012 год, калі ва Ўкраіне адбываліся выбары. Тым ня менш, толькі за першыя 5 месяцаў 2013 году навукоўцы з украінскага Цэнтру дасьледаваньня грамадзтва налічылі 1362 акцыі.

Што тычыцца прычынаў, то я думаю, што і першае, і другое, і трэцяе, што вы пералічылі. Па-першае, гэта палітычная сытуацыя ў краіне, ў нас іншая сыстэма, яна больш рэпрэсіўная, іншае прававое поле для правядзеньне акцыяў, якое ў адрозьненьні ад ўкраінскага, патрабуе падтрыманьня дазволу, а не паведамленьня для ўладаў. Па-другое, іншая сацыяльна-эканамічная сытуацыя, якая «нагрэлася» вельмі моцна ў 2011 годзе, але крыху сьцішылася зараз. Складана казаць пра нацыянальны характар. Ува Ўкраіне адрозьненьні колькасьці пратэстоўцаў у заходнім, усходнім і паўднёвым рэгіёнах не такія істотныя, ў паўднёвым нават больш. Але там за мінулы год нават да Майдану быў рэзкі рост колькасьці пратэстаў у сталіцы.

Дракахруст: Тацьцяна, ці можна сказаць, што вялікі Майдан, вялікая Плошча вырастаюць зь безьлічы маленькіх майданчыкаў па ўсёй краіне, паводле Гегеля — колькасьць перарастае ў якасьць?

Чыжова: Не зусім так. У дасьледаваньнях пратэстаў ва Ўкраіне назіраўся цікавы момант — узрастаньне колькасьці гвалтоўных (бойкі, пашкоджаньне маёмасці, вандалізм) і канфрантацыйных (перакрыцьцё магістраляў, прыпыненьне вытворчасьці, захоп будынкаў і г. д.) тыпаў пратэсту. То бок, якасныя зьмены адбываліся яшчэ да Майдану.

Рост гвалтоўных дзеяньняў адбыўся падчас выбараў 2012 года і быў найбольш зьвязаны з акцыямі палітычнага кшталту, рост канфрантацыйных акцый у 2013 годзе прыпаў на сацыяльна-эканамічныя акцыі.

Дракахруст: Віталь, і ваша меркаваньне: ці зьяўляецца прыкметай таго, што можа паўстаць вялікая Плошча, паўстаньне вялікай колькасьці плошчаў, «плошчанек» па ўсёй краіне? Ці не? Вось у Румыніі ў часы Чаўшэску ніякіх пратэстаў не было, а потым сыстэма абрынулася, як карткавы дамок.

Цыганкоў: Магчыма, гэта парадаксальна, але вялікай такой залежнасьці я ня бачу. Што да нацыянальнага характару, то шмат што тлумачыцца канкрэтнымі палітычнымі ўмовамі, канкрэтнай палітычнай сытуацыяй і верай у плён пратэстаў.

Дракахруст: Віталь, памятаеце, некалі Зянон Пазьняк сказаў, што ня трэба беларусаў увесь час цягнуць на нейкія акцыі. Беларусы выйдуць адзін раз.

Цыганкоў: Шчыра кажучы, я да гэтага і падводжу. На пачатку 90-х і на пачатку 2000-х маршы «За свабоду» зьбіралі 50-100 тысяч чалавек, якія выходзілі па палітычных прычынах. Нельга казаць, што беларусы ўвесь час не актыўныя. Зараз іншая сытуацыя: і рэпрэсіўнасьць рэжыму высокая, і людзі не вераць у тое, што нейкі маленькі майданчык нешта вырашыць. Таму і не выходзяць. Але ў 2010 годзе многія людзі сумняваліся, ці прыйдзе народ на Плошчу ў дзень выбараў. І папярэднія дадзеныя, і пікеты з кандыдатамі, на якія зьбіраліся некалькі дзесяткаў чалавек, ня сьведчылі пра тое, што 19 сьнежня 2010 года выйдуць дзесяткі тысячаў.

Таму, я лічу, што няма такой залежнасьці, што штодзённая актыўнасьць прывядзе да пераходу колькасьці ў якасьць. У нашай сытуацыі гэта якасьць можа зьявіцца абсалютна ніадкуль, як вы добра прывялі прыклад з Румыніяй. Я хачу параўнаць польскі і чэскі досьвед змаганьня з камунізмам. Паглядзім, як змагаліся палякі: была «Салідарнасьць», у ёй мільёны людзей удзельнічалі, мільёны людзей былі дысыдэнтамі. У той жа час у Чэхіі дысыдэнтаў было некалькі дзесяткаў альбо сотняў. Але, калі сасьпелі палітычныя і эканамічныя ўмовы, то на вуліцы выйшлі некалькі сотняў тысяч і яны атрымалі той жа самы вынік. Яны зрынулі камунізм, зрынулі гэтую ўладу.

Дракахруст: Сяргей, на ваш погляд, калі карыстацца аналёгіямі Віталя, Беларусь чакае досьвед Польшчы альбо Чэхіі?

Нікалюк: У думкі Пазьняка ёсьць свая лёгіка. Я не раз паўтараў , што ў Беларусі ня людзі пачынаюць ладзіць маленькія майданчыкі і разгойдваць рэжым. У Беларусі адбываецца ўсё наадварот: спачатку разбураецца рэжым, а потым людзі выходзяць на Плошчу. І таму гэта можа адбывацца вельмі хутка. Юры Лявада ў канцы свайго жыцьця разьвіваў паняцьце avalanche — лявіна. Гэта значыць, падзеі ў нас могуць разьвівацца лявінападобна, што назіралася і ў канцы лютага 1917 году, і ў перабудову, калі раптам пры адсутнасьці дысыдэнцкіх масавых рухаў дзяржава развалілася і дзясяткі тысяч людзей сталі прымаць удзел у акцыях пратэсту.

Што тычыцца сёньняшняй сытуацыі, то я хацеў бы адзначыць, што ў апошнім апытаньні НІСЭПД ёсьць выдатнае пытаньне: «Ці лічыце вы сябе шчасьлівым чалавекам». Дык вось, нашыя людзі лічаць сябе шчасьлівымі ў залежнасьці не ад узроўню сваіх даходаў, а ад ўзроўню даверу і сымпатый да ўлады. Я мяркую, што ў нашай краіне лёзунг «Дзяржава для народу» сапраўды рэалізуецца, але пад народам разумеецца не ўвесь народ, а тое, што сацыёлягамі разумеецца як пэрыфэрыйныя сацыяльныя групы — пэнсіянэры, бюджэтнікі і г. д. І ў гэтым пляне, калі мы паглядзім на такія паказчыкі, як дэцыльный каэфіцыент, як каэфіцыент Джыні — яны ў нас на добрым эўрапейскім узроўні. Улада карыстаецца даверам пэнсіянэраў і людзей, залежных ад дзяржавы, якіх вельмі шмат. Таму падставаў для абурэньня сёньня няма. І не выпадкова сам Лукашэнка шматкроць падкрэсьліваў, што прычына Майдану — гэта ўзровень карупцыі ўва Ўкраіне, які сапраўды зашкальвае і нават пераўзыходзіць расейскі. Карупцыя ёсьць і ў Беларусі, але прынцыпова ў іншым маштабе.

Пэрспэктыва Плошчы-2015 з рэтраспэктывы Майдану

Дракахруст: Як з рэтраспэктывы стаўленьня беларусаў да ўкраінскага Эўрамайдану выглядае пэрспэктыва Плошчы-2015? Ці не абумоўлівае гэтую пэрспэктыву страх, што і там можа праліцца кроў, а ў выпадку перамогі прыедуць «ветлівыя людзі» ў камуфляжы вучыць беларусаў правільнаму геапалітычнаму выбару?

Нікалюк: Мне не падабаецца, калі беларускую Плошчу параўноўваюць з Майданам. Майдан працягваўся некалькі месяцаў і аказваў супраціў сілавікам. Нашая Плошча была ачышчаная за 7,5 хвілін, як хваліўся Лукашэнка. Гэта прынцыпова розныя рэчы. Зьбяруцца людзі, не зьбяруцца людзі, будзе іх 20 тысяч, 40 або 50 — прынцыпова гэта нічога не мяняе. Калі сытуацыя захаваецца прыкладна такой жа, як зараз, калі стан грамадзтва будзе таксама такім жа, як сёньня, то выбары — 2015 не прынясуць нічога новага ў палітычную прастору Беларусі. Будзе пралангіраваная цяперашняя сытуацыя, а ўжо колькі выйдзе людзей — гэта не мае значэньня.

Дракахруст: Тацьцяна, беларускі дасьледчык Дзьмітры Ісаёнак падчас Майдану пісаў, што апазыцыя, якая падтрымлівала ўкраінскі Майдан, рубіць сук, на якім сядзіць: калі яна падтрымлівае Майдан, то значыць і Плошчу-2015 бачыць такой жа, і хто тады на яе прыйдзе? Вы згодны з такой аргумэнтацыяй?

Чыжова: Магчыма, у гэтым ёсьць пэўная рацыя. Але гэта не самы галоўны фактар, які абумовіць тое, што ніякага Майдану ў Беларусі не будзе. Ва Ўкраіне раскачка Майдану адбывалася дзякуючы дзеяньням саміх уладаў, то гэта была нерашучасьць, то, наадварот — нейкая спроба прыняць недарэчныя законы па забароне масавых акцый падчас Майдану, то лякальныя разгоны, якія яшчэ больш спараджалі абурэньне ў пратэстоўцаў. Такія непасьлядоўныя дзеяньні ўлады Януковіча прывялі да таго, што Майдан разрастаўся і ўсё больш радыкалізоўваўся.

Я думаю, што нашы ўлады будуць дзейнічаць крыху іншымі спосабамі. Што тычыцца жаданьня альбо нежаданьня людзей выходзіць на Плошчу, то паглядзім. Але, насамрэч, эканамічная сытуацыя пагаршаецца і мы ўжо зараз можам заўважыць рост за апошні год камунальных плацяжоў, тарыфаў на транспарце, то бок ёсьць падставы для таго, каб у беларусаў выклікаць незадавальненьне. Іншая справа, чым скончыцца гэта незадавальненьне — складана сказаць. Таму што людзі, якія будуць арганізоўваць Майдан у 2015 годзе — гэта будуць нашы традыцыйныя апазыцыйныя структуры, якія больш гавораць у рамках агульнапалітычна-грамадзянскай рыторыцы: «За свабоду», «За свабоду слова», «За агульнаэўрапейскія каштоўнасьці», «За свабоду палітвязьняў». Гэта не знаходзіць водгуку ў сэрцах беларусаў.

Дракахруст: Віталь, а ваш прагноз — ці застанецца цяперашняя рэакцыя грамадзтва ці час «замяце» памяць пра Майдан і ў 2015 годзе беларусы будуць прымаць рашэньні, сыходзячы з бягучай сытуацыі ў сябе дома, а ня з памяці пра падзеі 2014 году ў суседняй краіне?

Цыганкоў: За гэты год адзін з самых папулярных матэрыялаў у нас на сайце Радыё Свабода быў блог Валера Карбалевіча пра тое, што Майдан зьняверыў Плошчу-2015. Там якраз ставіліся гэтыя пытаньні пра ўплыў украінскіх падзеяў. Я тут пагаджуся з вамі, што шмат чаго залежыць ад таго, як яны будуць разьвівацца гэты год да прэзыдэнцкіх выбараў. Гістарычная памяць народа даволі кароткая. Хто зараз памятае, напрыклад, пра Майдан 2004 году?

Калі ўкраінскі канфлікт з Расеяй працягнецца да прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, калі ён будзе ў інфармацыйнай гарачай стадыі, то людзі, зразумела, будуць памятаць пра гэта ўвесь час і параўноўваць. Тэма Майдану будзе тады заставацца даволі ўплывовай. Калі падчас Майдану зьявіліся першыя забітыя, то нават абсалютна дэмакратычныя людзі пісалі ў Фэйсбуку пра тое, што ня хочуць, каб іхнія дзеці гінулі за дэмакратыю і свабоду. Мы сапраўды бачым па тым жа апытаньні НІСЭПД, што толькі каля 3%, калі я не памыляюся, былі згодныя, каб такія падзеі адбываліся і ў Беларусі. А каля 20% сказалі, што былі б згодныя, каб Майдан быў, але без ахвяраў і сьмерцяў.

Я падтрымаю спадара Нікалюка, калі ён казаў пра тое, што наколькі можа быць актыўнай і пераможнай Плошча — вялікае пытаньне і перш за ўсё гэта залежыць ад таго, наколькі стабільнай, трывалай будзе ўлада на той момант. Як паказвае вопыт Украіны, майданы не перамагаюць, калі ўлада жалезабэтонная, а перамагаюць як раз тады, калі як мінімум ёсьць апазыцыя ў парлямэнце, калі ёсьць раскол сярод эліты і гэтак далей. У нас відавочна, што ўсіх гэтых чыньнікаў пакуль няма.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

XS
SM
MD
LG