Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Схаваны мэмарыял паўстанцам Каліноўскага на Сьвятым балоце


Новы крыж у гонар паўстанцаў на Сьвятым балоце, да якога цяпер зрэдку прыходзяць людзі
Новы крыж у гонар паўстанцаў на Сьвятым балоце, да якога цяпер зрэдку прыходзяць людзі

У вандроўку па мясьцінах паўстанцаў 1863 году мяне запрасіў мясцовы краязнаўца Ўладзімер Трахімчык. Ён затэлефанаваў і проста нагадаў, што 22 красавіка 1863 году на Сьвятым балоце паміж Азёрамі і Берштамі на Гарадзеншчыне адбыўся бой паўстанцаў з царскімі войскамі, дзе амаль усе касінеры загінулі.

Мы едзем шашою з Азёраў на Астрыну і збочваем улева ў лес, а яшчэ празь якія паўкілямэтра пачынаецца балота. Праўда, гэта ўжо балота, празь якое праходзіць гравейка, паабапал — арашальныя каналы савецкага часу. І сапраўды, ад Азёраў гэта не далей за 8 кілямэтраў, а дарогу амаль ніхто ня ведае. Сьвятое балота лічыцца цяпер ляндшафтным заказьнікам.

Трахімчык узгадвае, што яшчэ ў ягоным дзяцінстве тут нельга было прайсьці з-за багны, а цяпер па балоце езьдзяць паляўнічыя і рыбакі. Ён таксама ўзгадвае, што бальшавікі на мапах зьмянілі назву балота і яно пазначалася як Сьветлае. Але ў часы, калі Беларусь аднавіла незалежнасьць, вярнулася і гістарычная назва — Сьвятое Балота.

Мы пакінулі машыну і прабіраемся праз густы хмызьняк. Але пад нагамі суха — можна спакойна ісьці ў красоўках.

Трахімчык: «А ў часы паўстаньня тут было прайсьці значна складаней, бо тут было сапраўднае балота. У міжваенны час у гэтыя мясьціны да дуба прыяжджала шмат людзей ушанаваць памяць паўстанцаў. І людзі ішлі па адмысловых драўляных кладках».
На Сьвятым балоце да месца бітвы паўстанцаў з царскімі войскамі мяне вядзе мясцовы краязнаўца Ўладзімер Трахімчык
На Сьвятым балоце да месца бітвы паўстанцаў з царскімі войскамі мяне вядзе мясцовы краязнаўца Ўладзімер Трахімчык

Урэшце Трахімчык паказвае павалены стары дуб, а побач агароджаны маладзенькі. Надпіс, зроблены па-беларуску і па-польску, сьведчыць, што на гэтым месцы 22 красавіка 1863 году адбыўся бой паміж паўстанцамі і царскімі войскамі. Трахімчык распавядае, што паўстанцы невыпадкова акапаліся тут, бо мясьціны былі непраходныя.

Паўстанцы занялі выгодныя пазыцыі на гары, аточаныя вакол непрыступнаю багнаю. Але на 136 касінераў пад кіраўніцтвам палкоўніка Лянкевіча было толькі 25 стрэльбаў — цытуе мне Трахімчык, а супраць іх — дзьве роты ўзброенай пяхоты і 30 казакоў.
Маладзенькі дубок, пасаджаны ў гонар паўстанцаў
Маладзенькі дубок, пасаджаны ў гонар паўстанцаў
Надпіс, прымацаваны да агароджы маладога дубка
Надпіс, прымацаваны да агароджы маладога дубка


Трахімчык: «Стаяў туман, бой адбываўся раніцай, стралялі адзін у аднаго толькі па ўспышках ад стрэлаў праціўніка. Царскія войскі панесьлі вялікія страты і нават часткова адступілі. Але сілы былі няроўныя, і амаль усе паўстанцы загінулі».

Пасьля гэтага балота і атрымала назву — Сьвятое. Трахімчык з жалем дадае, што звестак пра паўстанцаў зусім мала. Ён кажа, што большасьць зь іх пахавалі на могілках у Азёрах, там нават ёсьць крыжы ў гонар паўстанцаў, толькі вось прозьвішчаў няма.
Павалены дуб, якія памятае паўстанцаў
Павалены дуб, якія памятае паўстанцаў

Гэты дуб і месца бітвы паўстанцаў Трахімчык адшукаў тры гады таму дзякуючы аповеду мясцовага старажыла Сяргея Хоха, які, на жаль, летась памёр. З дапамогай грамадзкіх актывістаў зь беларускіх і польскіх арганізацыяў на месцы зваленага старога дуба пасадзілі маладзенькі, а трохі воддаль, на месцы старога крыжа, усталявалі новы.

Трахімчык: «Адзін з тых, хто ўсталёўваў гэты крыж, сказаў, што гэта самая значная акцыя ў ягоным жыцьці. Ягоны прадзед таксама быў удзельнікам гэтага паўстаньня, родам з Ішчолна — ён тут загінуў. Памятаю, як ён стаяў тут са сьлязьмі на вачах і паўтараў, што самае лепшае, што мог зрабіць для свайго дзеда — усталяваў гэты крыж».

Сёньня вельмі сонечна і цяжка ўявіць тую туманную раніцу 1863 году. Але, гледзячы на павалены магутны дуб, адчуваеш, як гаркаціць у роце і па целе бегаюць мурашкі.

Крыж на месцы бою паўстанцаў з расейскім войскам
Крыж на месцы бою паўстанцаў з расейскім войскам


Летась дзеля інтарэсаў торфабрыкетнага заводу ў Верцялішках Гарадзенскага раёну ўлады распрацавалі пляны торфараспрацоўкі 250 гектараў ляндшафтнага заказьніка «Азёры», у які ўваходзіць і Сьвятое балота. На адкрытых слуханьнях эколягі і грамадзкасьць рэзка выступілі супраць падобных дзеяньняў.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, Мінэнэрга і НАН прапанавалі ўраду праект, які ўлічвае меркаваньні большасьці ўдзельнікаў грамадзкіх слуханьняў, што адбыліся ў Азёрах. Але рашэньня Савет міністраў пакуль не прыняў. І распрацоўкі торфу на тэрыторыі заказьніка пакуль таксама не вядуцца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG