Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МУС Украіны: Баевікі патрабуюць зброю за закладніка


Узброены чалавек у Краматорску

Узброены чалавек у Краматорску

22 красавіка над Славянскам невядомыя абстралялі з аўтаматычнай зброі самалёт «Ан-30», які ажыцьцяўляў аглядны палёт і належыць Міністэрству абароны Ўкраіны.

Пра гэта УНІАН паведаміла крыніца, блізкая да Мінабароны.

Пасьля атакі самалёт удалося пасадзіць у Кіеве.


Тым часам Кабінэт міністраў зарэгістраваў у Вярхоўнай Радзе Ўкраіны законапраект аб амністыі сэпаратыстам, паведамляе Еспресо.TV.

Згодна з законапраектам, калі цягам трох дзён ГПУ не апублікуе паведамленьня аб раззбраеньні сэпаратыстаў і вызваленьні імі будынкаў, то на чацьвёрты дзень закон страціць сваю сілу.

Дзеяньне гэтага закону распаўсюджваецца на ўдзельнікаў акцыяў пры ўмове, што яны не ўчынялі новых злачынстваў, добраахвотна спынілі супрацьпраўныя дзеяньні, здалі дзяржаўным органам зброю і вызвалілі захопленыя будынкі.


Баевікі ў Краматорску прапанавалі абмяняць палоннага міліцыянта на зброю, паведамляе прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў.

Начальнік гарадзкога ўпраўленьня міліцыі Краматорску Данецкай вобласьці палкоўнік міліцыі быў захоплены ўзброенымі людзьмі 21 красавіка.

«Захопнікі прапанавалі ў абмен на жыцьцё і здароўе начальніка міліцыі перадаць ім табэльную зброю падразьдзяленьня МУС», — гаворыцца ў паведамленьні.


Паводле ўкраінскіх СМІ, жыхары Краматорску і Славянску зьвярнуліся па дапамогу да ўкраінскіх вайскоўцаў, паведамілі ва ўпраўленьні прэсы і інфармацыі Міністэрства абароны Ўкраіны.

«Так, узмацненьне крымінагеннай абстаноўкі, ганеньні і перасьлед украінскамоўных грамадзян і прадстаўнікоў нацыянальных меншасьцяў вымушаюць іх шукаць абароны на вайсковых тэрыторыях — палявых лягерах, блёк-пастах і г. д.», — сказана ў паведамленьні.
XS
SM
MD
LG