Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На такое пытаньне спрабуе адказаць амэрыканскі часопіс New Republic.

Крызіс ва Ўкраіне працягваецца, і ўзьнікае пытаньне, па якой наступнай дзяржаве можа нанесьці ўдар Пуцін. Расея да гэтага часу апраўдвае свае дзеяньні тым, што ў яе ёсьць абавязаньні па абароне расейскамоўнага насельніцтва ва ўсім сьвеце, што, верагодна, можа быць выкарыстанае ў якасьці падставы для тэрытарыяльных захопаў адносна незалежных дзяржаваў, якія раней былі часткамі СССР. Вось зводка навінаў аб тым, як эскаляцыя сытуацыі ва Ўкраіне аказвае ўплыў на былыя савецкія рэспублікі.

Эстонія: Расея неаднойчы выказала заклапочанасьць станам этнічных рускіх у Эстоніі, якія складаюць 25% яе насельніцтва і якім адмоўлена ў многіх правах. Самае апошняе выказваньне незадаволенасьці адбылося ў канцы мінулага месяца, калі расейскі пасол у Радзе ААН па правах чалавека сказаў: «Мова не павінны выкарыстоўвацца для падзелу і ізаляцыі», дадаўшы, што Крэмль «занепакоены крокамі, зробленымі ў гэтым кірунку ў Эстоніі, а таксама ва Ўкраіне». Прэзыдэнт Эстоніі Тоомас Хендрык Ільвэс заклікаў НАТА разгарнуць сілы ў Эстоніі. На гэтым тыдні, як чакаецца, будзе абвешчана пра правядзеньне ў Эстоніі вучэньняў амэрыканскіх войскаў.

Латвія: «Расейскія агенты» на мяжы з Латвіяй рабілі апытаньне латвійскіх падарожнікаў аб іх стаўленьні да далучэньня Крыму да Расеі. Латвія нядаўна забараніла рэтрансьляцыю расейскіх дзяржаўных тэлеканалаў, адзін латвійскі палітык знаходзіцца пад сьледзтвам за прыналежнасьць да арганізацыі, якая імкнецца аднавіць Савецкі Саюз. Латвія вядомая як «гавань для расейскіх грошай» і мае шырокія дзелавыя сувязі з Расеяй, якія краіна хоча паменшыць. На мінулым тыдні прэзыдэнт Латвіі Андрыс Бэрзіньш, падчас візыту ў Турэччыну, казаў, што Рыга «хоча паменшыць залежнасьць ад расейскіх энэрганосьбітаў».

Літва: Прэзыдэнт Літвы Даля Грыбаўскайце зьвярнулася да НАТА з просьбай абараніць сваю краіну ад «сцэнару ў крымскім стылі». «Расея практычна зьнішчыла пачуцьцё бясьпекі ў Эўропе» — заявіла яна. Міністэрства абароны Літвы накіравала ваенны карабель у Балтыйскае мора, каб «забясьпечыць эканамічную зону краіны» ад парушэньня расейскім ваенным караблём, які падплыў надта блізка да берага. Падчас візыту ў Вільню ў мінулым месяцы віцэ-прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн паабяцаў дапамагчы абараніць літоўскі сувэрэнітэт.

Казахстан: Адзін з найбліжэйшых саюзьнікаў Расеі, ў краіне жывуць 3.5 мільёны этнічных расейцаў. Многія з буйных гарадоў краіны, у тым ліку сучасныя Астана і Алматы, ўзьніклі як расейскія памежныя заставы. Прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў сказаў Пуціну, што ён «разумее лёгіку дзеяньняў Расеі», хаця санкцыі адносна Расеі мелі адмоўныя наступствы для казахстанскага нафтавага экспарту. Падзеі на ўсходзе Ўкраіны павялічылі антыінтэграцыйныя настроі ў Казахстане, як ніколі раней.

Кыргызстан: Краіна зьмяншае ўплыў ЗША, што інтэрпрэтуецца як частка намаганьняў па ўмацаваньні сувязяў з Расеяй. Яшчэ ў 2009 годзе парлямэнт Кыргызстану прагаласаваў за закрыцьцё Цэнтру транзытных перавозак ЗША ў Манасе — авіябазы, якая адыгрывала важную ролю ў амэрыканскіх апэрацыях у Аўганістане. ЗША павінны вызваліць базу да ліпеня 2014 году.

Таджыкістан: Краіна ўмацоўвае ваенныя і эканамічныя сувязі з Кітаем. Таджыкістан ў цяперашні час старшынюе ў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, якая складаецца з Кітаю, Расеі, Казахстану, Кыргызстану, Таджыкістану і Ўзбэкістану. Днямі ў Таджыкістане прайшла сустрэча сакратароў радаў бясьпекі краінаў-чальцоў. Кітай прапанаваў супольныя меры, каб «узмацніць кантроль над інтэрнэтам і прадухіліць уплыў „зьнешніх сілаў“ ў распальваньні рэвалюцыі ў дзяржавах-чальцах».

Туркмэністан і Азэрбайджан: Супярэчнасьці паміж дзяржавамі наконт падзелу нафтавых радовішчаў Касьпійскага мора зьменшыліся на фоне крымскага крызісу. Міністар замежных справаў Туркмэністану наведаў Азэрбайджан напачатку гэтага месяца — першы раз за 5 гадоў. Дзьве краіны абмеркавалі пляны пабудовы туркмэна-азэрбайджанскага трубаправоду па дне Касьпія, каб забясьпечыць пастаўкі газу на эўрапейскія рынкі. ЗША падтрымліваюць гэты праект. Паводле прадстаўнікоў дзярждэпартамэнту ЗША трубаправод можа быць збудаваны да 2018 году.

Узбэкістан: Міністэрства замежных справаў Узбэкістану на пачатку красавіка абвясьціла аб сваёй «глыбокай заклапочанасьці» з нагоды пагрозаў сувэрэнітэту Ўкраіны.

Беларусь: Агрэсія Расеі ва Ўкраіне ўскладняе адносіны Крамля з Беларусьсю, адным зь яго самых надзейных саюзьнікаў. Прэзыдэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што анэксія Крыму Расеяй стварыла «кепскі прэцэдэнт». Тое ж самае абгрунтаваньне наконт абарону расейскамоўных, якое Пуцін выкарыстаў, каб уварвацца ў Крым, таксама можа быць выкарыстанае ў Беларусі. На мінулым тыдні Беларусь і Іран абавязаліся больш шчыльна супрацоўнічаць у «вырашэньні рэгіянальных праблемаў»^; павелічэньне аб’ёмаў двухбаковага гандлю дазволіць абедзьвюм краінам зьмякчыць узьдзеяньне амэрыканскіх санкцый супраць іх, паведамляе «Голас Расеі».

Малдова: Сэпаратысцкае Прыднястроўе таксама ўразьлівае для расейскай анэксіі. Малдова спадзяецца ўступіць у Эўразьвяз так хутка, як гэта магчыма. Прыднястроўе ў 2006 годзе правяло рэфэрэндум аб ўступленьні ў Расею, 96% выбаршчыкаў выказаліся за далучэньне да РФ. Крэмль адмовіўся паглынаць рэгіён тады, але зараз Прыднястроўе ізноў просіць Расею прызнаць рэгіён у якасьці незалежнай дзяржавы. Урад Малдовы з трывогай чакае адказу Крамля. Пуцін ўскосна выказаў сваё меркаваньне аб Прыднястроўі на мінулым тыдні, калі ён сказаў, што «насельніцтву самаабвешчанай Прыднястроўскай Малдаўскай Рэспублікі павінна быць дазволена вырашаць свой лёс».

Армэнія: Краіна мае падставу быць занепакоенай сытуацыяй ва Ўкраіне, ўлічваючы тое, што Расея ў мінулым годзе нарошчвала намаганьні, каб уцягнуць Армэнію ў сфэру свайго ўплыву.
У сьнежні летась Пуцін гэтак сфармуляваў сваё стаўленьне да Армэніі: «Расея ніколі не зьбіралася сысьці адсюль... Мы будзем умацоўваць нашы пазыцыі ў Закаўказьзі, абапіраючыся на ўсё лепшае, што мы атрымалі ў спадчыну ад нашых продкаў, абапіраючыся на добрыя адносіны з усімі краінамі рэгіёну, у тым ліку з Армэніяй». Чакаецца, што ўжо сёлета Армэнія далучыцца да мытнага саюзу на чале з Расеяй.

Грузія: Краіна асабліва востра адчувае небясьпеку ў сувязі з падзеямі ва Ўкраіны з тае прычыны, што ў 2008 годзе Грузія таксама стала ахвярай расейскай агрэсіі, за якую Пуцін так і ня быў пакараны. У чэрвені Грузія плянуе падпісаць пагадненьне аб асацыяцыі з Эўразьвязам. Падобнае ж пагадненьне былы прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч адмовіўся падпісаць, што выклікала масавыя пратэсты. Як адзначаюць грузінскія экспэрты, новаабраны грузінскі ўрад асьцерагаецца падзяліць лёс Януковіча, таму невядома, ці будзе пагадненьне падпісанае на самой справе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG