Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Каардынатару «Эўрапейскай Беларусі» Максіму Вінярскаму Фрунзенскі суд Менску прысудзіў 12 сутак арышту за непадпарадкаваньне міліцыі.

Актывіст абвясьціў сухую галадоўку пасьля прысуду.

Карэспандэнту Свабоды Максім Вінярскі так пракамэнтаваў вырак:

«Мяне яўна хочуць ізаляваць перад Чарнобыльскім шляхам, а магчыма, і ў сувязі зь іншымі падзеямі. Я абвяшчаю сухую галадоўку і адмаўляюся падпарадкоўвацца незаконным загадам міліцыі».

Максім Вінярскі запатрабаваў, каб да яго выклікалі хуткую дапамогу.

«У суд прыехала хуткая дапамога, мяне агледзелі лекары, прызналі хворым і сказалі, што павязуць мяне ў лякарню. Але судзьдзя Людміла Лапо забараніла гэта рабіць, што, на маю думку, ёсьць крымінальным злачынствам», — паведаміў Максім Вінярскі карэспандэнту Свабоды з Фрунзенскага суду.

Максіма Вінярскага затрымалі некалькі чалавек у цывільным аб 11 гадзіне на вуліцы пасьля наведваньня крамы «Карона».

Максім Вінярскі нядаўна вызваліўся пасьля 15-суткавага арышту. Ён распавёў праваабаронцам, што перад вызваленьнем супрацоўнік міліцыі прапанаваў яму часова зьехаць зь Менску. Маўляў, ёсьць два варыянты: альбо зьехаць з краіны, альбо выехаць у вёску на пэўны час (маецца на ўвазе час правядзеньня чэмпіянату сьвету па хакеі).

Бо «пытаньне з вамі ўсімі» будзе абавязкова вырашана, папярэдзіў супрацоўнік міліцыі.

У адказ на гэтае папярэджаньне Вінярскі заявіў праваабаронцам, што ён не ўжывае наркотыкаў, ня лаецца матам, ня схільны да хуліганскіх учынкаў, і таму магчымы арышт просіць расцэньваць як прэвэнтыўную ізаляцыю з-за сваіх грамадзка-палітычных перакананьняў.
XS
SM
MD
LG