Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Байдэн пра дапамогу Ўкраіне, Мядзьведзеў пра зубы


Джо Байдэн і Арсені Яцанюк

Джо Байдэн і Арсені Яцанюк

Віцэ-прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн заявіў у Кіеве аб гатоўнасьці Злучаных Штатаў дапамагчы Ўкраіне аднавіць яе эканоміку.

«Пры правільных інвэстыцыях і правільным выбары Ўкраіна зможа абмежаваць сваю энэргетычную залежнасьць і павялічыць сваю энэргетычную бясьпеку. І мы будзем усяляк дапамагаць вам дасягнуць гэтай мэты», — сказаў Байдэн пасьля перамоваў з прэм’ер-міністрам Украіны Арсеніем Яцанюком.

Байдэн таксама выказаў спадзяваньне, што Міжнародны валютны фонд неўзабаве зацьвердзіць пакет крэдытаў для Кіева, якія прызначаны для падтрыманьня плацежаздольнасьці і эканамічных рэформаў ва Ўкраіне.

Арсені Яцанюк заявіў пасьля перамоваў з Байдэнам, што Ўкраіна ніколі не прызнае анэксіі Крыму Расеяй, і дадаў:

«Мы лічым, што ў гэтым стагодзьдзі і ў гэтым сьвеце не дазволена ніякай краіне паводзіць сябе, як паводзяць узброеныя бандыты, тым больш краіне, якая зьяўляецца сталым сябрам Рады бясьпекі ААН, і тым больш краіне, якая ў свой час была сябрам вялікай васьмёркі».

Тым часам прэм’ер-міністар Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў, гаворачы ў Дзяржаўнай думе пра супрацьдзеяньне міжнародным санкцыям у сувязі з анэксіяй Крыму, заявіў:

«Будзем, калі гэта абгрунтавана і законна, паказваць зубы, будзем зьвяртацца ў суды, а таксама ў іншыя структуры, уключаючы орган па вырашэньні спрэчак у рамках Сусьветнай гандлёвай арганізацыі. Лічу таксама правільным падрыхтаваць прапанову для прыняцьця законаў, накіраваных на абарону інтарэсаў расейскага бізнэсу, парушаных выкарыстаньнем незаконных санкцый у адносінах да яго».
XS
SM
MD
LG