Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад Андрэя Бандарэнкі прыйшлі першыя лісты з Валадаркі


Андрэй Бандарэнка
Андрэй Бандарэнка

Як прасоўваецца справа праваабаронцы Андрэя Бандарэнкі, якога ў пачатку красавіка абвінавацілі ў злосным хуліганстве і зьмясьцілі ў ізалятар на Валадарскага?

Паводле праваабаронцы Алёны Красоўскай-Касьпяровіч, ад Андрэя Бандарэнкі з Валадаркі пачалі прыходзіць лісты. «Напісаў, што сядзіць у двухмеснай камэры з эканамістам. У апошнім лісьце паведаміў, што ім выдалі станкі для галеньня, мыла і туалетную паперу. Спачатку ацэньваў умовы ўтрыманьня на 7 баляў па дзесяцібальнай сыстэме, а цяпер лічыць, што наблізіліся да 9. Настрой нармальны, са здароўем усё ў парадку. Канешне, непакоіцца за сям’ю. Перадачы яму мы перадаём. Адвакат зь ім сустракаецца», — кажа Алёна Красоўская-Касьпяровіч.

Ці прызнае Андрэй Бандарэнка сябе вінаватым у выстаўленым яму абвінавачаньні? Паводле Алёны Красоўскай-Касьпяровіч, пра гэта ў лістах Андрэй Бандарэнка нічога ня піша, каб не прыпынілася ліставаньне. «Абаронца таксама на гэтую тэму нічога ня кажа, бо даў падпіску пра неразгалошваньне таямніцы сьледзтва», — кажа праваабаронца.

Справу дырэктара ўстановы «Плятформа-інавэйшн» Андрэя Бандарэнкі вядзе Сьледчы камітэт Беларусі. Разам з інфармацыяй аб абвінавачаньні праваабаронцы ў злосным хуліганстве Сьледчы камітэт выставіў у інтэрнэт відэазапісы інцыдэнту, які адбыўся з Бандарэнкам у міліцэйскім пастарунку. На відэа Андрэй Бандарэнка робіць дзеяньні адносна двух жанчынаў, якія сьледчыя лічаць ударамі нагой і кваліфікуюць як злоснае хуліганства.

«Нам пакуль невядомыя абставіны гэтага здарэньня. Як Андрэй Бандарэнка апынуўся ў міліцыі ў гадзіну ночы, што там рабілі гэтыя дзьве жанчыны, якіх ён паводле сьледзтва ўдарыў нагой?» — пытаецца праваабаронца.

Паводле Алёны Красоўскай-Касьпяровіч, суд над Андрэем Бандарэнкам адбудзецца пасьля чэмпіянату па хакеі. «Да чэмпіянату ўсе працэдуры не завершаць, а падчас чэмпіянату ўлады наўрад ці будуць праводзіць такі працэс, каб не прыцягваць да яго дадатковую ўвагу. Мы ў любым выпадку ў межах закону будзем падтрымліваць нашага сябра і калегу», — сказала Алёна Красоўская-Касьпяровіч карэспандэнту Свабоды.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG