Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачобут пра Бандэру: Герой для аднаго народа не абавязкова зьяўляецца героем для іншага


Андрэй Пачобут

Андрэй Пачобут

Прадстаўнікі Маладога фронту сьцьвярджаюць, што польская амбасада адмовіла ім у візах нібыта з-за таго, што Малады фронт лічыць Сьцяпана Бандэру нацыянальным героем Украіны. Як у Польшчы ставяцца да асобы Сьцяпана Бандэры і ягонай дзейнасьці? Як увогуле варта ставіцца да нацыянальных герояў адной краіны, якія для іншай краіны такімі героямі зусім не зьяўляюцца? І як гістарычныя факты могуць уплываць на сёньняшнія адносіны паміж дзяржавамі? На гэтыя пытаньні адказвае актывіст Саюзу палякаў Беларусі, карэспандэнт Gazeta Wyborcza Андрэй Пачобут.

— Значная частка ўкраінцаў лічыць Сьцяпана Бандэру нацыянальным героем, які змагаўся за незалежнасьць Украіны, у тым ліку і з тагачаснай польскай дзяржавай. Як у Польшчы ставяцца да Бандэры і ягонай дзейнасьці?

— Перш за ўсё, асобу Бандэры згадваюць у Польшчы ў сувязі з падзеямі на Валыні ў 1943-44 гадах. Тады там адбылося тое, што ў польскай гісторыі называюць «Валынская разьня». Гэта была масавая акцыя Ўкраінскай паўстанскай арміі (УПА) супраць палякаў, якія жылі на Валыні.

Паводле розных ацэнак, колькасьць палякаў — ахвяраў гэтай акцыі — складала ад 50 да 100 тысячаў. Гэтаму ў Польшчы даюць розныя вызначэньні — ад «этнічная чыстка» да «генацыд». Польскія вёскі атачаліся аддзеламі УПА, і тыя забівалі ўсіх жыхароў, ад дзяцей да дарослых. Польская Армія Краёвая ў тым рэгіёне была адносна слабай, не паўсюль прысутнічала, таму паўставалі мясцовыя атрады самаабароны, якія рабілі свае дзеяньні ў адказ супраць украінскага насельніцтва. Аднак сілы былі няроўныя, таму колькасьць ахвяраў значна большая ў палякаў.

І ў Польшчы гэтыя падзеі зьвязваюць менавіта з Бандэрам. Хаця, калі казаць пра факты, то на той момант ён не кіраваў УПА, знаходзіўся ў зьняволеньні ў немцаў. Але менавіта зь ягонай асобай палякі зьвязваюць гэтыя падзеі, і да яго моцна нэгатыўнае стаўленьне ў Польшчы.

— Як увогуле варта ставіцца да нацыянальных герояў адной краіны, якія для іншай зусім такімі героямі не зьяўляюцца? Вось, напрыклад, для палякаў і беларусаў Сувораў зусім не станоўчая фігура ў гісторыі. Але для расейцаў ён уваходзіць у іканастас нацыянальных герояў. Тыя ж беларускія дзеячы 20-х і 30-х гадоў змагаліся супраць польскай дзяржавы і разам з тым супраць палянізацыі, закрыцьця беларускіх школаў, што якраз польская дзяржава тады і рабіла. Як ставіцца да такіх калізіяў, каб не псаваць міжнацыянальныя дачыненьні?

— Кожны народ мае права ўшаноўваць сваіх нацыянальных герояў. Але зь іншага боку, варта трошкі разумець пачуцьці суседзяў. Я думаю, што пра любыя такія спрэчныя выпадкі павінны размаўляць гісторыкі, трэба весьці грамадзкі дыялёг. Дарэчы, паміж Украінай і Польшчай гэты дыялёг на тэму Валынскай разьні вядзецца даволі актыўна. Тут удзельнічалі і гісторыкі, і грамадзтва, і прэзыдэнты. Думаю, у тым ліку і дзякуючы дыялёгу польскае грамадзтва з сымпатыяй ставіцца да ўкраінцаў, яно відавочна на баку ўкраінцаў у сёньняшнім канфлікце.

Цікава, што Расея цягам гэтага канфлікту спрабавала распаліць тэму валынскай разьні. Але гэта настолькі фальшыва гучыць з вуснаў расейцаў. Бо ў украінцаў адкрытыя архівы, у палякаў адкрытыя, іхнія гісторыкі сустракаюцца, дыскутуюць. А Расея, якая мае зачыненыя архівы, не аддае шэраг дакумэнтаў, якія тычацца перасьледу палякаў, раптам «занепакоілася». Выглядала гэта вельмі фальшыва і ня выклікала ніякай рэакцыі.

Таму я думаю, перш за ўсё мусіць быць нармальны дыялёг. І разуменьне таго, што герой аднаго народу не абавязкова зьяўляецца героем для іншага народу. Такая была гісторыя, такія часы, і змаганьне ў 20-м стагодзьдзі паміж народамі часта было вельмі брутальным.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG