Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік цэнтру ваенна-палітычных дасьледаваньняў Дзьмітры Тымчук не выключае на Данбасе новых дывэрсіяў сэпаратыстаў з ахвярамі сярод мясцовага насельніцтва. Паводле Тымчука, сэпаратысты паспрабуюць выдаць гэта за акцыі «Правага сэктару».

«У прыватнасьці, у Краматорску экстрэмісты абвясьцілі пра «ўсеагульную мабілізацыю» мясцовага насельніцтва на падставе нібыта прыбыцьця ў горад калёны аўтобусаў з прадстаўнікамі «Правага сэктару». Цяпер па Краматорску курсуе аўтамабіль з гучнагаварыцелямі, празь якія гараджан заклікаюць мабілізавацца і «даць адпор наступаючым бандэраўцам», — адзначае Тымчук у фэйсбуку.

Акрамя таго, паводле дадзеных групы «Інфармацыйны супраціў», у Славянску да адбыцьця ў Краматорск рыхтуюцца атрады баевікоў, каб «узмацніць» мясцовых сэпаратыстаў.

Тымчук не выключае новых дывэрсіяў з ахвярамі сярод мясцовага насельніцтва, якія будуць учыняць сэпаратысты, спрабуючы выдаць іх за акцыі «Правага сэктару».

У Луганскай вобласьці рэзаныя раненьні атрымаў супрацоўнік міліцыі, які забясьпечваў ахову правапарадку падчас мітынгу ў горадзе Рубежнае на плошчы Леніна.

Паводле праваахоўнікаў, група неўстаноўленых асобаў спрабавала ўчыніць правакацыйныя дзеяньні, падчас стрымліваньня якіх малодшаму сяржанту міліцыі былі нанесеныя цялесныя пашкоджаньні ў выглядзе рэзаных і рваных ранаў верхняй губы, перадае УНІАН.

Таксама быў зьбіты невядомымі на мітынгу сэпаратыстаў 21 красавіка актывіст Грамадзянскай сеткі ОПОРА, журналіст выданьня «Точка ОПОРА» Максім Данільчанка. Пра гэта на сваёй старонцы ў Facebook паведаміў кіраўнік Луганскага абласнога прадстаўніцтва Грамадзянскай сеткі ОПОРА Аляксей Кармілецкі.

Пракуратура Луганскай вобласьці расцэньвае мітынгі, якія праводзіліся 21 красавіка ў Луганскай вобласьці, як супрацьпраўныя.

Былы прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч, які цяпер знаходзіцца на тэрыторыі Расеі, запатрабаваў адвесьці ўкраінскія войскі ў месцы сталай дысьлякацыі і правесьці рэфэрэндум. Ягоную заяву распаўсюдзіла дзяржаўнае расейскае агенцтва ІТАР-ТАСС.

Ён таксама прапануе правесьці рэфэрэндум аб прэзыдэнцкай альбо парлямэнцкай форме ўлады ва Ўкраіне і па яго выніках правесьці канстытуцыйную рэформу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG