Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каля дзесяці маладафронтаўцаў атрымалі ў польскай амбасадзе ў Менску адмову ў шэнгенскіх візах.

Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміў адзін зь лідэраў Маладога фронту Зьміцер Дашкевіч.

Ён адзначыў, што заявы на візу нават не разглядалі, а выклікалі міжнароднага сакратара і сказалі, што візаў ня будзе.

У польскага боку былі дзьве прэтэнзіі — «што „Малады Фронт“ уважае Бандэру за нацыянальнага героя Ўкраіны, а таксама ўлічваючы пазыцыю гарадзенскіх маладафронтаўцаў».

На пытаньне карэспандэнта Свабоды, што гэта за пазыцыя, Зьміцер Дашкевіч адказаў так:

«Я сам не разумею. Кіркевіч там нешта піша ў Фэйсбуку, і гэта там нешта іх нэрвуе».

Зьміцер Дашкевіч так пракамэнтаваў пазыцыю польскага боку:

«На жаль, шавінізм уласьцівы ня толькі прадстаўнікам рускай ісьціннай нацыі, але і некаторым палякам. Хоць дзеля справядлівасьці трэба сказаць, што шавінізм для Расеі — гэта суцэльная хвароба, якая паглынула больш за 90% насельніцтва. А ў Польшчы гэтая шыза ўсё ж, відаць, знаходзіцца ў меншасьці, хоць усё роўна прыкра, што яна прысутнічае».

На шэсьце ў Дзень Волі маладафронтаўцы выйшлі з партрэтамі нацыянальных герояў Украіны, у тым ліку — і партрэтам Сьцяпана Бандэры.

У сваім артыкуле на сайце Маладога фронту Зьміцер Дашкевіч нагадаў, што ў 2006 годзе, калі пачаўся разгром польскай грамады ў Беларусі, абараняць незалежны Саюз палякаў выйшлі маладафронтаўцы.

«Не, я зусім не настойваю, каб Польшча дзеля нейкіх там маіх „заслугаў“ выдала мне шэнгенскую візу — жыў я сто год бяз вашай візы і яшчэ сто пражыву. Тым больш гэта цалкам законнае права Польшчы: з той ці іншай прычыны лічыць мяне і іншых маладафронтаўцаў непажаданымі асобамі.

Але ведайце, калі наступны раз вас будуць у Беларусі перасьледаваць і цкаваць, першымі працягнуць вам руку салідарнасьці гэтыя „страшныя нацыяналісты“ з Маладога фронту. Бо мы ведаем, што кліч народжанага на нашай зямлі Касьцюшкі „За нашу і вашу свабоду!“ — не пусты гук, гэта словы, за якія мы таксама гатовыя адказваць», — адзначыў Дашкевіч.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG