Лінкі ўнівэрсальнага доступу


Фатаздымак адваката Аляксея Ярмошына — сына старшыні Цэнтравыбаркаму Лідзіі Ярмошынай — у майцы з надпісам «Я люблю мамін боршч» імгненна разышоўся па сацыяльных сетках і інтэрнэт-СМІ. Збольшага фота суправаджаецца зласьлівымі і зьедлівымі камэнтарамі.

«Я гэтым надпісам заяўляю, што цалкам падтрымліваю сваю маму, — распавёў Аляксей Ярмошын Радыё Свабода. — Але надпіс зроблены не ў яе падтрымку. Яна самадастатковы чалавек. А для таго, каб ад мяне адчапіліся нарэшце. І далі мне жыць сваім жыцьцём».

Ярмошын распавядае, што Лідзія Міхайлаўна сапраўды гатуе «вельмі смачны ўкраінскі боршч»: «Без пампушак, канечне, але ўсё адно смачны».

Аляксей Дзьмітрыевіч сам замовіў майку ў Літве. Выглядае, што такім чынам ён кідае выклік камэнтатарам. Прынамсі, па ягоных словах, агрэсіўныя выказваньні ў ягоны бок яго не засмучаюць:

«Я хацеў бы сказаць, што падобныя фатаздымкі будуць зьяўляцца, пакуль на мяне не перастануць зьвяртаць увагу. А калі не перастануць, то давядзецца троліць інтэрнэт усю рэшту жыцьця».

На пытаньне, як на такі надпіс рэагуюць патэнцыйныя нявесты і ці не пабойваюцца зь ім знаёміцца дзяўчаты, пакуль яшчэ халасты Ярмошын адказвае:

«Ваўкоў баяцца — у лес не хадзіць».



Пра ролю баршчу ў справе рэвалюцыі Лідзія Ярмошына выказалася пасьля падзеяў 19 сьнежня 2010 году ў Менску. На наступны дзень пасьля жорсткага разгону дэманстрантаў ёй задалі пытаньне, навошта было прымяняць сілу, калі на плошчы было шмат жанчын. Адказ Лідзіі Ярмошынай гучаў так:

«Гэтым „жанчынам“ рабіць няма чаго! Сядзелі б дома, боршч варылі. А не па плошчах шасталі. Мне ў галаву гэта ня прыйдзе. Гэта ганьба для жанчыны — удзельнічаць у падобных мерапрыемствах. Я яшчэ разумею, калі яна дзяўчына дурная маладая, а калі жанчына ва ўзросьце ідзе, значыць, у яе з інтэлектам ня ўсё ў парадку».

Першым пра майку Ярмошына напісаў у фэйсбуку Юры Губарэвіч, намесьнік старшыні руху «За свабоду». Вяртаючыся зь Вільні разам з Рыгорам Кастусёвым, яны апынуліся з Аляксеем Ярмошыным у суседніх вагонах.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG