Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За студзень-лютым гэтага году аб’ём крэдытаваньня жыльлёвага будаўніцтва скараціўся на 36,1% у параўнаньні з аналягічным пэрыядам летась.

Пра гэта паведамляе Нацыянальны банк. На долю крэдытных рэсурсаў, выдадзеных па льготных працэнтных стаўках двума банкамі — «Беларусбанкам» і «Белаграпрамбанкам» — прыпадала 91,9% усіх крэдытаў у жыльлёвае будаўніцтва.

На 2014 год заплянавана ўвесьці ў эксплюатацыю 5 мільёнаў квадратных мэтраў жыльля. У параўнаньні з 2013 годам урадавае заданьне па ўводзе жыльля было зьменшана на 1,5 млн кв. м. Летась плянавалася пабудаваць 6,5 млн кв. м жыльля, аднак па факце было здадзена ў эксплюатацыю 5,26 млн кв. м.

На думку доктара эканамічных навук прафэсара Барыса Жалібы, такое скарачэньне можна патлумачыць недахопам сродкаў:
Барыс Жаліба

Барыс Жаліба

«Па-першае, больш за 90% жыльлёвых крэдытаў былі льготныя. Банкам нізкія працэнтныя стаўкі кампэнсаваліся за кошт дзяржаўнага бюджэту. Цяпер жа стан бюджэту вельмі кепскі, сродкаў на кампэнсацыю няма.

Каб пабудаваць самую звычайную адна- ці двухпакаёвую кватэру без ільготнага крэдыту, сям’і трэба мець прыбытак як мінімум 18–20 мільёнаў на месяц. Ня кожная сям’я, якая мае патрэбу ў жыльлі, можа пахваліцца такімі заробкамі, а бязь іх звычайнага, ня льготнага крэдыту — пад 40% — не дадуць.

Да таго ж няспынна даражэе будаўніцтва, імкліва расьце кошт квадратнага мэтру. І проста ў народу няма грошай. Таму і будаўнікі скарачаюць аб’ёмы будаўніцтва жыльля».

Прагназуючы аб’ёмы жыльлёвага будаўніцтва на 2013 год, урад зыходзіў з таго, што асноўнай крыніцай фінансаваньня жыльля стануць сродкі насельніцтва, аднак гэтага не адбылося. Пры вызначэньні крыніцаў фінансаваньня жыльлёвай праграмы на 2014 год заплянавалася, што насельніцтва накіруе на будаўніцтва жыльля 18,6 трлн рублёў. Але ў параўнаньні з 2013 годам чаканая велічыня сродкаў насельніцтва на будаўніцтва жыльля скарацілася на 4,7 трлн рублёў.

Вынікі сакавіцкага апытаньня кіраўнікоў будаўнічых арганізацыяў, праведзенага Навукова-дасьледчым эканамічным інстытутам (НДЭІ) Міністэрства эканомікі, паказалі, што ў першым квартале 2014 году каэфіцыент загрузкі магутнасьцяў у будаўніцтве зьнізіўся да мінімуму за апошнія 10 гадоў (за ўвесь час назіраньня з 2003 году) і склаў 53%.
XS
SM
MD
LG