Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хрысьціяне Беларусі і сьвету адзначаюць Вялікдзень


Сёньня праваслаўныя, каталіцкія, грэка-каталіцкія вернікі і пратэстанты ўсяго сьвету адзначаюць Сьвята Уваскрашэньня Хрыстовага — Вялікдзень, альбо Пасху. Урачыстыя набажэнствы праходзяць ва ўсіх хрысьціянскіх храмах Беларусі.

Мітрапаліт Менскі і Слуцкі Павел, патрыяршы экзарх ўсяе Беларусі, адслужыў велікоднае набажэнства ў праваслаўным Сьвята-Духавым катэдральным саборы. Каталікі мінулай ноччу сачылі за сьвяточным набажэнствам на чале зь мітрапалітам Менска-Магілеўскім арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам у сталічнай архікатэдры імя Найсьвяцейшай Панны Марыі.

Мітрапаліт Павел павіншаваў вернікаў зь Вялікаднем:
«Хрыстос уваскрос! Толькі два словы, але якая неверагодная ў іх сіла! Гэтыя два словы скаланулі ўвесь сьвет, разбурылі браму пекла дашчэнту і стварылі вялікую і непераможную Хрысьціянскую Царкву, падаючы ўсім яе дзецям жывую веру, духоўна-маральныя Эвангельскія каштоўнасьці і жыватворныя духоўныя сілы, здольныя ўзьнесьці чалавека, які верыць у Хрыста, на вышыню духоўнай дасканаласьці».

Паводле арцыбіскупа Кандрусевіча, сёлетні Вялікдзень — гэта «супольнае свята», зь якім ён павіншаваў усіх хрысьціян і людзей добрай волі:
«Пасха — гэта гісторыя ўкрыжаванага і ўваскрэслага Хрыста, які запэўнівае нас у тым, што Бог не перастае нас любіць, нават тады, калі мы Яго прыбіваем да крыжа, — адзначае каталіцкі іерарх. — Пасха ёсьць магчымасьцю спаткацца з Хрыстом, які прыходзіць да нас, каб запэўніць нас у сваёй любові, якая ратуе перад кожным відам сьмерці — фізычнай, духоўнай, маральнай, грамадзкай і гэтак далей».

Паводле БелаПАН, праваслаўнымі сябе вызнаюць каля 4,5 млн. жыхароў Беларусі, каталіцкай веры трымаюцца да 1,4 млн. чалавек. Колькасьць пратэстантаў ацэньваецца, паводле розных дадзеных, ад 200 тыс. да 500 тыс. вернікаў, грэка-каталікоў — прыкладна 10 тыс. чалавек.
XS
SM
MD
LG