Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікалай Аўтуховіч: Не наведваць царкву ў ноч на Вялікдзень


Мікалай Аўтуховіч

Мікалай Аўтуховіч

Ці пойдзе Мікалай Аўтуховіч увечары напярэдадні Вялікадня ў царкву? Былы палітвязень шчыра сказаў, што не рызыкне гэтага рабіць, бо апасаецца парушыць правілы прэвэнтыўнага нагляду і зноў аказацца ў вязьніцы:

«Не, не зьбіраюся. Навошта правакаваць? Гэта не патрэбна. Адразу напішуць рапарт, а могуць за ноч і тры напісаць. Прыйдуць раз, другі і трэці — і вось табе тры рапарты за адну ноч. І дадуць пасьля гэтага яшчэ 2,5 году — сядзі зноў ні за што».

Між тым, на сам Вялікдзень Мікалай Аўтуховіч зьбіраецца наведаць царкву, а таксама сваякоў і сяброў. Кажа, што ў іх у сям’і гэткая традыцыя — наведваць на Вялікдзень як сяброў-праваслаўных, так і каталікоў. Таксама Мікалай Аўтуховіч і сам чакае ў сьвяточны дзень шмат гасьцей: «У доме адрамантавалі ваду, нават некаторую перапляніроўку ўжо зрабіў. То бок, ужо ёсьць дзе прымаць гасьцей».

У пачатку красавіка Мікалай Аўтуховіч вызваліўся з гарадзенскай турмы, дзе адбываў пакараньне 5 гадамі зьняволеньня за захоўваньне некалькіх патронаў. Былому палітвязьню прызначаны прэвэнтыўны нагляд. Цягам году і 4 месяцаў Аўтуховічу нельга выходзіць з дому з 10 вечара да 6 раніцы, нельга без дазволу міліцыі зьязджаць з Ваўкавыску.

Днямі Аўтуховіч прасіў ў міліцыі дазволу прайсьці мэдычнае абсьледаваньне ў Менску, але атрымаў адмову.
XS
SM
MD
LG