Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінка беларускага паходжаньня: «Масавага зыходу ўкраінцаў у Беларусь пакуль няма»


Шмат украінцаў тэлефануюць ў беларускую амбасаду ў Кіеве і выказваюць жаданьне пераехаць у Беларусь. Пра гэта паведаміў днямі прэсавы сакратар беларускага МЗС Дзьмітрый Мірончык. Раней Аляксандар Лукашэнка таксама заяўляў, што ў Беларусі гатовыя прыняць украінцаў, «калі давядзецца».

Хто гэтыя ахвотнікі — украінцы, грамадзяне Беларусі, проста выхадцы зь Беларусі, якія там жывуць і працуюць, і ці сапраўды іх шмат?

У чацьвер на брыфінгу ў Міністэрстве замежных спраў прэсавы сакратар Дзьмітры Мірончык расказаў:

«У нашае пасольства ў Кіеве паступае дастаткова вялікая колькасьць тэлефанаваньняў і зваротаў грамадзян, якія ўдакладняюць правілы пераезду ў Рэспубліку Беларусь. Як вядома, ва Ўкраіне пражывае дастаткова вялікая колькасьць выхадцаў зь Беларусі і беларускіх грамадзянаў на пастаянным жыхарстве».

Аднак статыстыку пра ўкраінцаў, якія ўжо пераехалі ў Беларусь альбо папрасілі прытулку ў сувязі з падзеямі ва Ўкраіне, а таксама статыстыку пра грамадзянаў ці ўраджэнцаў Беларусі, якія жывуць ва Ўкраіне і хочуць вярнуцца на радзіму, МЗС не паведаміў. Не падала пакуль дакладнай статыстыкі і Міністэрства ўнутраных спраў. Начальнік упраўленьня інфармацыі і грамадзкіх сувязяў МУС палкоўнік Канстанцін Шалькевіч кажа:

«Мы зараз рыхтуем афіцыйную інфармацыю, у тым ліку і статыстычную. Яна будзе ў панядзелак-аўторак зьмешчана на нашым сайце. Нам таксама трэба ўсё выверыць, узгадніць пытаньні ў тым ліку і з МЗС, каб усё было юрыдычна і пісьменна, таму што людзі зьвяртаюцца, мы хочам, каб там не было ніякіх падвойных тлумачэньняў».

Паводле апошняга Ўсеўкраінскага перапісу насельніцтва 2001 году , ва Ўкраіне пражывала 275,8 тысячы беларусаў — гэта 0,6% (для параўнаньня, расейцаў — больш за 17%). Паводле іншых крыніцаў, выхадцаў зь Беларусі ва Ўкраіне больш — каля 400 тысяч, гэта другая па велічыні этнічная абшчына пасьля расейцаў. У асноўным беларуская дыяспара пражывае ва ўсходніх і паўднёва-ўсходніх рэгіёнах Ўкраіны: Данецкай, Днепрапятроўскай, Луганскай абласьцях, а таксама ў Крыме і Кіеве.
У госьці прыеду, а вяртацца наагул не зьбіраюся

Тацяна Літвіненка родам зь Беларусі, скончыла ў Менску Лінгвістычны ўнівэрсытэт. 30 гадоў таму выйшла замуж за ўкраінца і пераехала ва Ўкраіну. Зараз жыве ў Днепрадзяржынску, выкладае ангельскую мову ў гімназіі. На пытаньні, ці праўда, што беларусы масава зьбіраюцца вярнуцца на гістарычную радзіму, і ці не зьбіраецца ў Беларусь яна сама, адказала так:

«Вяртацца не зьбіраюся. У госьці прыеду, а вяртацца наагул не зьбіраюся. Казаць, што ўсе беларусы з Украіны зьбіраюцца пераехаць у Беларусь — гэта няпраўда. Такога няма. Можа, хтосьці і зьвяртаецца ў амбасаду, але ня трэба гэта разьдзімаць. Вось я ведаю беларусаў, якія і ў нас тут жывуць, але пакуль ніхто нікуды не зьяжджае. Масавага зыходу няма, міграцыі няма. Усе ж разумеюць, што статус уцекача ніхто не атрымае».

У Беларусі з 1997 па 2013 год 872 замежнікі атрымалі статус уцекача. Больш за ўсё — з Аўганістану (603), Грузіі (99), Таджыкістану (32). З грамадзянаў былых савецкіх рэспублік ёсьць яшчэ азэрбайджанцы і армяне. Ніводнага ўцекача-ўкраінца пакуль няма. Ці ёсьць верагоднасьць, што яны зьявяцца, ці могуць украінцы прэтэндаваць на нейкія льготы, пад’ёмныя, жытло ў Беларусі?
Ніякіх асаблівых ўмоваў ні для каго стварацца ня будзе


Начальнік упраўленьня інфармацыі й грамадзкіх сувязяў Міністэрства ўнутраных спраў палкоўнік Канстанцін Шалькевіч выказаў такое меркаваньне:

«Ніякіх асаблівых ўмоваў ні для каго стварацца ня будзе, гэта будзе па тых законах, якія ёсьць сёньня. У нас дастаткова гнуткае міграцыйнае заканадаўства, яно сапраўды мае сур’ёзную прапрацоўку і юрыдычную аснову, таму неабходнасьці, каб зараз уносіць нейкія зьмены, карэктывы, пасьпешныя рашэньні, няма».

Дарэчы, Аляксандар Лукашэнка заяўляў, што ў Беларусі гатовыя прыняць украінцаў, «калі давядзецца». Але на якіх умовах, не ўдакладніў: «Забяром, калі давядзецца. Але лепш, каб там было ціха і спакойна, каб гэтыя добрыя людзі жылі там спакойна. І нам было б лепш, і ім добра».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG