Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Маўр» Лукашэнкі, або той, хто зьмяніў герб і сьцяг


Леанід Сініцын
Леанід Сініцын
Калі зыходзіць з таго, што Аляксандра Лукашэнку прывяла да ўлады толькі ягоная каманда – тады трэба прызнаць, што найбольшы асабісты ўнёсак у перамогу зрабіў Леанід Сініцын. Калі ж пагадзіцца са сьцьвярджэньнямі, што Лукашэнку прасоўвалі Крэмль і спэцслужбы – тады з усяго атачэньня будучага прэзыдэнта Сініцын быў найбольш прыдатнай фігурай для выкананьня гэтага пляну.

Можна ўзяць абедзьве вэрсіі – і пад кожную знойдуцца аргумэнты. Але застаецца фактам, што пасьля выбараў менавіта кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Сініцын кіраваў пабудовай «вэртыкалі», сыстэмы ўлады, якую потым назавуць «дыктатурай», быў арганізатарам рэфэрэндуму аб зьмене сымболікі, і ўжо праз шмат гадоў пасьля свайго сыходу з палітыкі пацьвердзіў адданасьць ідэі аб’яднаньня Беларусі з Расеяй.

Дэталяў ягонай біярафіі вядома няшмат – інтэрвію Сініцын даваў вельмі мала і практычна не казаў пра сябе. Але некаторыя, здавалася б, добра вядомыя дэталі, некаторыя паводзіны і выказваньні праз два дзесяцігодзьдзі ўспрымаюцца па-новаму і сёе-тое прыадчыняюць.

У даведніку «Народныя дэпутаты Рэспублікі Беларусь» які выйшаў у 1992 годзе накладам 500 асобнікаў (каб хапіла кожнаму дэпутату і яшчэ засталося) пра Сініцына напісана: «Нарадзіўся у 1954 годзе. Рускі. Адукацыя вышэйшая – закончыў Наваполацкі політэхнічны інстытут. Да 1990 году працаваў галоўным інжынэрам будаўнічага трэсту № 17 «Лаўсанбуд», горад Магілёў. З 1990 году – намесьнік старшыні Камісіі Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь у пытаньнях архітэктуры, будаўніцтва, вытворчасьці будаўнічых матэрыялаў і жыльлёва-камунальнай гаспадаркі сяла і горада».

Але ў даведніку пазначалася толькі пасада да абраньня дэпутатам (прычым, што цікава, пра партыйныя пасады не ўзгадалі – на момант выхаду зборніка, дзейнасьць КПБ-КПСС была прыпыненая). Сініцын сапраўды абраўся дэпутатам, будучы галоўным інжынэрам трэсту.

Ёсьць у біяграфіі Сініцына эпізод, які ніколі не аналізавалі тыя, хто пра яго пісаў (праўда, пісалі пра Сініцына зусім няшмат, як ні дзіўна). Гэта – яго праца ў 1987-88 гады ў Магілёўскім абкаме кампартыі. Дакладней – ягоны сыход з гэтай працы.

Між іншым, цікавае ўдакладненьне, якога не было ў афіцыйных біяграфіях Сініцына, якія пералічваюць ягоныя пасады ў будаўнічай галіне. Ужо пасьля выбараў актывіст выбарчай кампаніі Лукашэнкі Ігар Гукоўскі напіша: «Леанід Рыгоравіч кіраваў будаўнічымі падразьдзяленьнямі, якія не заўсёды атрымлівалі заробак, інакш кажучы – зьняволенымі» («Советская Белоруссия”, 6 ліпеня 1994 году).

У абкам Сініцына ўзялі інструктарам, але ўжо празь некалькі месяцаў зрабілі загадчыкам сэктару. Гэта была пасада на ўзроўні другога сакратара райкаму – зусім неблагі партыйны старт для 34-гадовага; працавалі на такіх пасадах і сарака, і пяцідзесяцігадовыя. З улікам вялікага вопыту працы на вытворчасьці Сініцын меў вельмі добрыя кар’ерныя пэрспэктывы. Але праз год ён сышоў з абкаму – на месца практычна раўназначнае таму, адкуль і прыйшоў у абкам: галоўным інжынэрам будаўнічага трэсту. Пазьней ён так патлумачыў свой крок: «Працаваць у абкаме было прэстыжна і ганарова. Гэта лічылася ледзь ня верхам кар’еры. Але я зразумеў, што такая праца – не для мяне. Я – будаўнік».

Такое тлумачэньня нараджае пытаньні ў тых, хто памятае рэаліі таго часу, і галоўнае – ці добраахвотны гэта быў сыход? З партыйнай працы сыходзілі альбо на падвышэньне ў выканкам, альбо – у крэсла буйнога кіраўніка вытворчасьці. Альбо (калі праштрафіўся) – чалавека «засоўвалі» невысокім кіраўніком у тую ж вытворчасьць ці ў нейкую навучальную ўстанову. Сыход Сініцына з абкаму быў ня ўверх, а ўніз – але ніякі гучны скандал, наколькі вядома, ягоны сыход не суправаджаў.

Значыць – сапраўды гэтак моцна хацеў працаваць па спэцыяльнасьці будаўніка?

У гэта можна было б паверыць – з папраўкай, што партыйнае кіраўніцтва вобласьці выкрасьліла Сініцына зь ліку пэрспэктыўных кіраўнікоў і, магчыма, нават унесла ў «чорны сьпіс» як чалавека капрызнага (сыход з абкаму па прычыне «жадаю працаваць па спэцыяльнасьці» інакш чым капрыз не ўспрымаўся – трэба кіравацца ня ўласнымі хаценьнямі, а інтарэсамі партыі).

Але што зробіш – не пажадаў чалавек займацца кабінэтнай, па сутнасьці чынавенскай працай, вярнуўся ў прафэсію, на будаўнічую пляцоўку.

Аднак чым тады патлумачыць, што менш чым праз два гады пасьля сыходу з палітычнай сфэры ў вытворчасьць – Сініцын ізноў пайшоў у палітыку, удзельнічаў у зусім няпростай выбарчай кампаніі? Навошта пажадаў зьмяніць будаўнічую пляцоўку на парлямэнцкі кабінэт? Заўважу, што ніякіх перашкод чалавеку, які бразнуў дзьвярыма абкаму, партыйнае начальства не рабіла.

Адхілюся ад пэрсоны нашага героя і прыгадаю прыклад дэпутата Яўгена Глушкевіча – ён перад выбарамі 1990 году працаваў у Віцебскім абкаме КПБ на пасадзе загадчыка самага галоўнага аддзела – арганізацыйна-партыйнай работы. Адкуль сышоў са скандалам. Вылучыўся ў дэпутаты, выступаў у іміджы выгнанага з партыйных органаў за праўду, гэткага Ельцына ў мініятуры. Балятаваўся Глушкевіч у Воршы, дзе некалькі гадоў перад тым быў першым сакратаром гаркама. На падаўленьне Глушкевіча былі кінутыя партыйныя сілы – але не атрымалася, ён прарваўся ў дэпутаты (і, заўважу ў дужках, потым падпісваў шмат якія заявы Апазыцыі БНФ, адыграў станоўчую ролю на Сэсіі Незалежнасьці ў 1991-м).

Зь Сініцыным, паўтару, нічога падобнага на выбарах не было.

Ну добра – вырашыў пайсьці ў рэальную палітыку, тым больш што перабудова, галоснасьць, «больш дэмакратыі – больш сацыялізму», ды й магчымасьці для самарэалізацыі непараўнальныя з ранейшымі для тых, хто вырашыў зрабіцца публічным палітыкам (як той жа Глушкевіч).

Але ў тым і справа, што публічным палітыкам Сініцын не зрабіўся.

І, як выглядае, ня вельмі гэтага жадаў.

«Што ты можаш сказаць пра Сініцына-дэпутата?» – запытаўся я цяпер у свайго былога калегі Лявона Дзейкі, які няблага арыентуецца ў нюансах даўняй парлямэнцкай барацьбы. Запытаўся, бо сам я дэпутацтва Сініцына памятаю слаба. «Практычна нічога» – адказаў Лявон.

І сапраўды, правёўшы зь Леанідам Сініцыным чатыры гады ў Авальнай залі (да моманту яго прызначэньня кіраўніком адміністрацыі), я не магу прыгадаць ніводнага выступу Сініцына-дэпутата. Хаця выступы такія, безумоўна, былі – як намесьнік старшыні парлямэнцкай камісіі, ён прадстаўляў законапраекты, напэўна ж, выступаў у «Розным» па праблемах выбаршчыкаў сваёй акругі (гэтую магчымасьць не ігнараваў ніводзін дэпутат) – але ніводная прамова Сініцына не запомнілася. Ён ніколі ня ўдзельнічаў у абмеркаваньні палітычных пытаньняў, у вострых дыскусіях, і калі ўвесну 1994 году ўзначаліў выбарчы штаб Лукашэнкі, многія парлямэнцкія журналісты, якія хадзілі ў Вярхоўны Савет як на працу, пыталіся: «Сініцын? А хто гэта, як ён выглядае?».

Дык чаму ж Сініцын сышоў з абкаму, чаму пайшоў у Вярхоўны Савет, дзе ніяк не адзначыўся? Чаму так лёгка прайшоў у дэпутаты (прычым не ў вясковай акрузе – у Магілёве), ня будучы ні буйным партыйным чыноўнікам (для іх, натуральна, выкарыстоўвалі «адміністрацыйны рэсурс» – праўда, тады яшчэ не было такога тэрміна), ні актывістам БНФ, якім сымпатызавала значная частка электарату? Чаму потым падтрымаў Аляксандра Лукашэнку, зь якім, як прыгадваюць дэпутаты, ніякага асаблівага сяброўства ў першыя гады дэпутацтва ня меў? Выконваў чыюсьці параду?

Пра гэта можна толькі рабіць здагадкі.

Затое добра вядомая роля Сініцына ў выбарах першага прэзыдэнта. Хаця і тут ён заставаўся ў ценю, да пэўнага часу.

Аляксандар Фядута прыгадвае, што Лукашэнка ўгаворваў Сініцына ўзначаліць ягоны перадвыбарчы штаб. Значыць, ведаў пра яго нешта такое, што было невядома мне ці іншым маім калегам, якія ніякіх асаблівых здольнасьцяў за Сініцыным не заўважалі.

Вось як піша Фядута пра сваю першую сустрэчу зь Сініцыным – Лукашэнка прывёў яго ў кабінэт да Фядуты, у той час – кіраўніка Саюзу моладзі.

«На правах гаспадара я заварыў і падаў гарбату, упершыню ўбачыўшы, як чалавек (у дадзеным выпадку – Сініцын) п'е гарбату са сподка.

Раптоўна Сініцын абярнуўся і запытаўся мяне ў лоб.

«Аляксандар Іосіфавіч, а колькі табе плаціць Данілаў за тое, каб ты за намі тут прыглядваў?»

Кубак з варам ледзь ня выпаў у мяне з рук». (Аляксандар Фядута «Александр Лукашенко. Политическая биография», стар. 109).

Дзяржсакратар Генадзь Данілаў быў бліжэйшым паплечнікам Кебіча, курыраваў сілавыя структуры, у тым ліку і КДБ (хаця афіцыйна КДБ падпарадкоўваўся Вярхоўнаму Савету). Сініцын хацеў «папужаць» Фядуту ці паказаць сваю дасьведчанасьць у дзеяньнях дзяржсакратара?

Афіцыйна кіраўніком штабу па зборы подпісаў за Аляксандра Лукашэнку быў Дзьмітры Булахаў, але, як прыгадваюць актывісты, рэальна ўсім кіраваў Сініцын.

Аднак пра гэта чалавеку, не знаёмаму з унутранай выбарчай «кухняй», даведацца было практычна немагчыма: Сініцын заставаўся ў ценю, не зьяўляўся на тэлеэкранах, не даваў інтэрвію газэтам. Першая (і, наколькі магу меркаваць, адзіная) ягоная публікацыя была ў «Народнай газеце» за чатыры дні да другога туру выбараў. Называлася яна «Вам і ня сьнілася! Як супалі інтарэсы Вячаслава Кебіча і Зянона Пазьняка». Пра гэтую публікацыю падрабязьней – іншым разам, а цяпер адзначу, што, перачытаўшы гэты артыкул праз дваццаць гадоў, я зьдзівіўся аднаму моманту, якому тады не надаў асаблівай увагі. Цытую на мове арыгіналу:

«Победа Кебича выгодна ему (Пазьняку – С.Н.) возможностью и дальше разыгрывать карту оппозиции. Опять пойдут в ход словосочетания типа «антынародны ўрад», «расейскія спецслужбы» и так далее. Эти слова, справедливые применительно к правительству Кебича, чей курс реально не пользуется поддержкой народа, были бы неприменимы после победы Александра Лукашенко. Победивший Лукашенко страшен Позняку едва ли не так же, как Кебичу: у новой власти будет кредит народного доверия, а у Зенона Станиславовича времени уже не так много...» («Народная газета», 6 ліпеня 1994 году).

Для мяне паказальна тут нават ня зьдзеклівае ўзяцьце ў двукосьсі беларускіх словаў (гэтак рабіў і робіць Лукашэнка – «эти наши “сьвядомыя”»), а – прыгадваньне расейскіх спэцслужбаў.

І паказальна вось зь якой прычыны. Пазьняк у той час шмат казаў пра ўплыў Расеі, імкненьне Масквы падпарадкаваць сабе эканоміку, войска, фінансы. А пра расейскія спэцслужбы ён хаця і ўзгадваў – але ня так ужо і часта. Значна радзей, чым пра «антынародны ўрад» (крытыка ўраду Кебіча, як кажуць, не сыходзіла з вуснаў апазыцыі). І пастаноўка побач гэтых двух фраз, раптоўнае выцягваньне на паверхню згадкі пра спэцыфічныя расейскія структуры выглядае дзіўнаватым. Нібыта трэба было папярэдзіць: лідэр БНФ будзе казаць пра расейскія спэцслужбы – дык вось, ня верце, гэта – «неприменимо» да Аляксандра Рыгоравіча. Няма побач зь ім ніякіх расейскіх спэцслужбаў, і не было ніколі.

Ва ўжо прыгаданым артыкуле Гукоўскага ў «Советской Белоруссии» адзначаецца, што «надзвычайныя арганізатарскія здольнасьці дазволілі яму стварыць структуру, якая дапамагла Лукашэнку спачатку сабраць неабходную колькасьць подпісаў, а затым і арганізаваць перадвыбарчую кампанію».

Пра тое ж піша і Аляксандар Фядута.

«Як правіла, нарады ў штабе праводзіў Леанід Сініцын. Праходзілі яны два разы на тыдзень – у пятніцу, калі плянаваўся працоўны графік, і ў аўторак, па «апэратыўных» пытаньнях, калі яны раптам узьнікалі. Сініцын спраўляўся з гэтым лёгка і нязмушана. Ён прыгадвае: «Трэба было толькі стрымліваць амбіцыі і зводзіць розныя кропкі гледжаньня. У мяне здольнасьць перамоўнага працэсу дастаткова добрая, каб трымаць усіх у адным ключы, накіроўваючы ў патрэбнае рэчышча.

Сініцын не перабольшвае сваю «здольнасьць перамоўнага працэсу». Штаб пераканаўся ў гэтым, калі ён на два тыдні зьехаў у ЗША, пакінуўшы замест сябе Ціцянкова. Калі б ён затрымаўся ў Хьюстане на тыдзень долей, уся выбарчая кампанія б рассыпалася, нягледзячы на асабісты аўтарытэт нашага кандыдата» (Там жа, стар. 129-130).

Дзіўна, чаму чалавек з такімі надзвычайнымі арганізацыйнымі здольнасьцямі – не зрабіў ніводнай спробы рэалізаваць іх за гады знаходжаньня ў Вярхоўным Савеце, калі іншыя стваралі (у тым ліку – і пад свае ўласныя інтарэсы) партыі ды грамадзкія арганізацыі.

Выглядае, што непрыкметны дэпутат Сініцын зьберагаў гэтыя здольнасьці для больш важнай мэты, час для якой надышоў у 1994 годзе. Для якой?

«Сініцын... прапанаваў і асноўную структуру будучай станоўчай кампаніі Лукашэнкі: «Зрабіць саюз з Расеяй. Стрымаць інфляцыю. Прымусіць працаваць прамысловасьць». (Аляксандар Фядута, там жа, стар. 156).

Як бачым, саюз з Расеяй – на першым месцы.

Пасьля перамогі Сініцын узначаліў прэзыдэнцкую адміністрацыю. Менавіта ён падбіраў людзей на пасады ва ўрад – пачынаючы ад прэм’ер-міністра. На два гады Сініцын зробіцца ў Беларусі чалавекам №2, ценем Лукашэнкі, своеасаблівым «шэрым кардыналам», які ня толькі выконваў волю патрона, але вельмі часта і ініцыяваў найважнейшыя палітычныя рашэньні.

Сьпіс зробленага Сініцыным на пасадзе кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі – гэта падмурак таго, што потым будзе названа аднымі – «аўтакратычным рэжымам», другімі – «дыктатурай».

Пачынаючы ад самой інаўгурацыі – падпісаньне дамовы з Расеяй, разгон шэсьця на Дзень вайсковай славы, блякаваньне ініцыятывы Апазыцыі БНФ (падтрыманай камуністамі і нават старшынём ВС Мечыславам Грыбам) аб увядзеньні прапарцыянальна-мажарытарнай (і па акругах, але і па партыйных сьпісах) выбарчай сыстэмы, інфармацыйная блякада Апазыцыі (у тым ліку і даклада Сяргея Антончыка аб карупцыі ў атачэньні Лукашэнкі, дзе сам Сініцын быў адным зь фігурантаў) – гэта ў 1994-м. А ў настуным, 1995-м – так званы рэфэрэндум, зьбіцьцё дэпутатаў БНФ ў Авальнай залі ды выбары ў Вярхоўны Савет 13-га скліканьня.

Апошнія падзеі вартыя, каб на іх спыніцца падрабязьней.

«Я курыраваў выбары ў Вярхоўны Савет 13-га скліканьня» – прызнаўся Сініцын у інтэрвію Віктару Марціновічу («Белорусская газета», 2 кастрычніка 2000 году).

На тых выбарах ніводзін прадстаўнік БНФ, у тым ліку і ніводзін дэпутат Апазыцыі БНФ на чале з Пазьняком, у новы парлямэнт не патрапілі.

«Калі 16 сакавіка 1995 году вялікая група дэпутатаў Вярхоўнага Савету (адпаведным чынам «апрацаваных» кіраўніком Адміністрацыі Леанідам Сініцыным) зьвярнулася да прэзыдэнта з прапановай правесьці рэфэрэндум аб новай сымболіцы і наданьні расейскай мове статусу дзяржаўнай, гэтая «ініцыятыва» была горача прынятая і падтрыманая Лукашэнкам.

... Леанід Сініцын:

«Сеў і намаляваў. Хаця я і не мастак. А потым ужо мастакі аформілі ўсё ў фарбах... Лукашэнка прыняў мае эскізы за асноўныя: «Вось гэта – нашае». Таму ад аўтарства мне нікуды не схавацца»...

Прыгадвае Валянцін Голубеў:

«Сініцын распавядаў мне, як яны «зварганілі» герб. Ва Ўладыкі Філярэта быў дзень народзінаў, прэзыдэнта з камандай ён у абед запрасіў да сябе. Калі прыйшлі адтуль, настрой прыўзьняты, выпілі там трошкі, пасадзілі кампутаршчыкаў.

– Ну як будзем рабіць герб?

– А давай возьмем за аснову герб Савецкага Саюзу альбо Беларускай ССР.

Узялі – раз, зьмянілі, гэта прыбралі, пачысьцілі, зрабілі. І вось такі герб. І мне паказалі, што атрымалася. Я кажу:

– Ня можа быць такога герба.

–Можа. І прыняты ён будзе, і вынесем мы яго на рэфэрэндум.

... Справа ж не ў геральдыцы. Таму што калі прыгадаць, навошта ўвогуле трэба было мяняць сымболіку, дык зразумела, што чым яна горш атрымалася, тым лепей. Бо яе замена была толькі правакуючым выпадам, прычым толькі адным – у камбінацыі зь некалькіх удараў» (Аляксандар Фядута, там жа, стар. 231-232).

Камбінацыю ажыцьцяўляў Леанід Сініцын. Але не пагаджуся зь Фядутам – не была яна адным «толькі правакуючым (апазыцыю – С.Н.) выпадам». Рэфэрэндум быў моцным, сапраўды добра разьлічаным ударам па нацыянальнаму Адраджэньню, па нацыянальнай ідэнтычнасьці, ударам, які паставіў беларускую мову пад пагрозу зьнікненьня, глыбока абразіў нацыянальныя пачуцьці беларусаў.

Небясьпека (сьмяротная для нацыі) дэпутатам Апазыцыі БНФ была зразумелая ўжо тады – таму, як апошні сродак яе запабегчы, 11 красавіка мы і абвясьцілі галадоўку ў Авальнай залі. Апэрацыяй па зьбіцьці дэпутатаў, як вынікае з уласных прызнаньняў Сініцына Фядуту, кіраваў ён, Сініцын, на пару з Лукашэнкам. Потым сьледчы ў асабліва важных справах Генэральнай пракуратуры запатрабуе ад Сініцына паказаньняў і відэазапіс, які Лукашэнка абяцаў паказаць па тэлебачаньні – на допыт Сініцын ня зьявіцца, а відэазапіс на касэце будзе толькі да моманту зьбіцьця.

У жніўні 1995-га Сініцын саступіць месца краўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Міхаілу Мясьніковічу і зойме пасаду віцэ-прэм’ера, а 31 ліпеня 1996 году напіша Лукашэнку заяву аб адстаўцы і з гэтай пасады: «Мы па-рознаму ўспрымаем палітычную і сацыяльна-эканамічную сытуацыю ў рэспубліцы». Трэба меркаваць, Сініцын разьлічваў на моцны эфэкт – але так атрымалася, што эфэкт гэты быў «змазаны» не без удзелу аўтара гэтых радкоў. У тыя самыя гадзіны мы зь Зянонам Пазьняком зрабілі ў Вашынгтоне заяву пра просьбу аб палітычным прытулку і правялі прэсавую канфэрэнцыю ў Кангрэсе ЗША. Крок лідэра БНФ быў прадметам увагі заходняй прэсы, а ў Беларусі гэта ўвогуле была ў тыя дні тэма нумар адзін, таму чаканага выбуху цікавасьці да сваёй адстаўкі Сініцын не атрымаў.

Сініцын займаўся расейска-беларускімі бізнэс-праектамі, але канчаткова з палітыкі не сышоў. Ён удзельнічаў у прэзыдэнцкай кампаніі 2001 году – была заўважаная падтрымка яго колішнім паплечнікам Аляксандрам Фядутам ды «Белорусской деловой газетой» Пятра Марцава, якая яшчэ раней напісала:

«У яго ёсьць якасьці, неабходныя для сапраўднага палітыка – воля, асьцярожнасьць і інтуіцыя. І галоўнае – вопыт. Вельмі нешматлікія зь беларускіх палітыкаў могуць сказаць, што яны маюць станоўчы вопыт вядзеньня прэзыдэнцкай кампаніі. Сініцын яго мае».

Але «станоўчы» (гэта пра прывод да ўлады Лукашэнкі) вопыт кампаніі, праведзенай ва ўмовах адноснай дэмакратыі, якую да 1994 году крок за крокам адваявалі актывісты нацыянальнага дэмакратычнага руху – не спрацаваў ва ўмовах, якія закладаў ў першыя гады прэзыдэнцтва Лукашэнкі сам Сініцын. Яму не ўдалося сабраць подпісаў і ён ня быў зарэгістраваны ў якасьці кандыдата.

Наступным разам Сініцын нагадаў пра сябе ў 2007 годзе, калі разам з былым дэпутатам Уладзімерам Парфяновічам выступіў зь «Менскім маніфэстам беларуска-расейскага яднаньня», у якім было заяўлена, што Беларусь павінна далучыцца да Расеі на правах «асацыяванага члена». У якасьці адзінай валюты прапаноўваўся расейскі рубель, беларускія нафта і газаправоды павінны былі перайсьці пад кіраваньне Масквы.

Тады, у 2007-м, у інтэрвію радыё Свабода Сініцын патлумачыў:

«Мы лічым, што гэта пазыцыя. Зь іншага боку, гэта падказка аднаму прэзыдэнту і другому. Гэта пазыцыя яшчэ 1994 году, калі мы з Аляксандрам Лукашэнкам займаліся барацьбой за ўладу, зьяўляючыся апазыцыяй. Потым гэтая пазыцыя крыху трансфармавалася ў кожнага ў сьвядомасьці па-свойму. Лукашэнка вырашыў будаваць саюзную дзяржаву праз Канстытуцыйны акт. А мы не ідзем у канстытуцыйнае поле, мы вырашаем усё ў рамках закону». («Свабода», 2 траўня 2007 году).

Апошнім часам пра Сініцына не чуваць – арганізатар перамогі Лукашэнкі на першых прэзыдэнцкіх выбарах і перамогі над беларускай мовай і нацыянальнай сымболікай на першым рэфэрэндуме сышоў – ізноў у цень.

«Маўр зрабіў сваю справу – маўр можа сыходзіць» – так, здаецца, гучыць фраза, якую вельмі часта прыпісваюць шэксьпіраўскаму маўру Атэла. Насамрэч, гэта фраза з драмы Шылера «Змова Фіеска ў Генуі». Ключавым словам у назове п'есы падаецца – першае, «змова». Слова «спэцслужбы» у XVIII стагодзьдзі яшчэ не прыдумалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG