Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо шмат сказана пра тое, што агрэсія РФ супраць Украіны, адмова Масквы прызнаць вынікі распаду СССР стварае новую геапалітычную сытуацыю. Цяпер мы маем справу з новай Расеяй, якая нясе пагрозу сваім суседзям. Гэта ўстрывожыла палітычныя эліты новых дзяржаў, якія паўсталі на постсавецкай прасторы, і яны спрабуюць рабіць захады, каб неяк нэўтралізаваць такія пагрозы. Вось Казахстан прымае папраўкі ў заканадаўства, якія прадугледжваюць узмацненьне пакараньня за сэпаратызм.

Беларускія ўлады хутка і жорстка перапынілі спробы грамадзкага аб’яднаньня «Беларускі славянскі камітэт» на чале з заўзятым славянафілам Сяргеем Касьцянам ператварыцца ў партыю. Пра тое, што гэта было ня нейкае руціннае бюракратычнае рашэньне, а спэцапэрацыя, сьведчыць такі факт: за адзін тыдзень улады прымусілі выйсьці зь Беларускага славянскага камітэту тысячу чалавек. На фоне ўкраінскіх падзеяў славянафілы становяцца для рэжыму ці ня большай небясьпекай, чым праэўрапейская апазыцыя.

Але ўсё ж непасрэдныя пагрозы незалежнасьці Беларусі — гэта справа ня сёньняшняга дня, а, хутчэй, пэўнай будучыні. Бо Расеі патрэбен некаторы час, каб «ператравіць» Украіну. Маю на ўвазе ня толькі Крым. Нават калі Ўкраіне і ўдасца захаваць Усход і Поўдзень, але ўплыў Расеі на гэтыя рэгіёны павялічыцца, яны стануць сродкам ціску на Кіеў. І Маскве трэба будзе будаваць мэханізмы маніпуляваньня.

А Лукашэнка далёка не зазірае. Ён жыве сёньняшнім днём, рэагуе на цяперашнюю сытуацыю. Дарэчы, такая тактыка паказала сваю эфэктыўнасьць і дазволіла яму ўжо 20 гадоў трымаць уладу.

Больш за тое, новая геапалітычная сытуацыя ў рэгіёне адкрывае перад афіцыйным Менскам дадатковыя магчымасьці. Кіраўнік Беларусі ўжо казаў, што канфлікт Расеі і Ўкраіны спрычыніўся да зьяўленьня на расейскім рынку свабодных нішаў, напрыклад, у сфэры ВПК, і гэта трэба выкарыстаць.

Эўрапарлямэнт прыняў рэзалюцыю, у якой заклікаў спыніць будоўлю газаправоду «Паўднёвы паток». Калі гэтая ідэя рэалізуецца, то транзытная вага Беларусі ўзрасьце. Магчыма, справа дойдзе да будоўлі новай ніткі трубаправоду Ямал — Эўропа.
Мяркуючы па ўсім, Менск ставіць пытаньне так: беларускі бок падпіша пагадненьне аб утварэньні ЭЭС толькі пры ўмове, што Расея пагодзіцца задаволіць патрабаваньне Беларусі

Некаторыя экспэрты кажуць, што ўкраінскі крызіс можа прывесьці да павелічэньня расейскіх субсыдыяў беларускай эканоміцы. Маўляў, Беларусь засталася адзіным і адданым саюзьнікам, і за гэта трэба аддзячыць. Ва ўсялякім разе, Лукашэнка будзе моцна апэляваць да гэтага чыньніку. Наколькі апраўданыя такія спадзяваньні? Вось Расея задаволіла просьбу Беларусі і абяцае паставіць сёлета 23 млн тон нафты.

Галоўным паказьнікам гатоўнасьці Расеі ўлічваць інтарэсы Беларусі будзе пытаньне мыта на нафтапрадукты, якое Беларусь пералічвае ў расейскі бюджэт. Гаворка ідзе пра суму 3,3–4 млрд даляраў у год. Менск патрабуе, каб з моманту стварэньня Эўразійскага эканамічнага саюзу (ЭЭС) гэтае мыта заставалася ў беларускім бюджэце.

ЭЭС павінен пачаць працу з 1 студзеня 2015 году. Беларусь, Расея і Казахстан дамовіліся, што пагадненьне аб утварэньні гэтага аб’яданьня павінна быць падпісана да 1 траўня 2014 году. Апошнія перамовы на ўзроўні кіраўнікоў урадаў засьведчылі, што Масква пакуль не гатовая да такога рашэньня. Грошы патрэбныя на супрацьстаяньне з Украінай. Таму РФ прапануе вынесьці гэтае пытаньне за дужкі, вырашыць потым, а цяпер падпісваць усе дакумэнты аб стварэньні ЭЭС.

А Лукашэнка, прымаючы Мясьніковіча ў сераду, цьвёрда заявіў, што Беларусь будзе настойваць на сваім. Бо пад прэзыдэнцкія выбары гэтыя грошы вельмі патрэбныя.

Мяркуючы па ўсім, Менск ставіць пытаньне так: беларускі бок падпіша пагадненьне аб утварэньні ЭЭС толькі пры ўмове, што Расея пагодзіцца задаволіць патрабаваньне Беларусі. Такі сабе лёгкі шантаж.

Вырашальная сустрэча прэзыдэнтаў Беларусі, Расеі і Казахстану адбудзецца 29 красавіка ў Менску. Яна павінна адказаць на важныя пытаньні. Як Расея трансфармуе сваю перамогу над Украінай у ціск на саюзьнікаў? Як яна гатовая плаціць хаўрусьнікам за палітычную ляяльнасьць?

Калі бакі не дамовяцца, то гэта будзе скандал. Чакаць засталося нядоўга.
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG