Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рада беларускай інтэлігенцыі салідарная з Украінай


Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

«Падзеі, якія разгортваюцца ў гэтыя дні ва Ўкраіне, сьведчаць пра пагрозу грамадзянскай вайны. (...) Сапраўднай прычынай, якая справакавала хвалю антыўкраінскіх бунтаў у Крыме і ва ўсходніх рэгіёнах Украіны, зьяўляюцца імпэрскія памкненьні расейскага кіраўніцтва», — гаворыцца ў заяве Рады беларускай інтэлігенцыі.

«Рыторыка, якой апраўдваюцца правакацыйныя дзеяньні, грунтуецца на сьцьвярджэньнях пра „прыцясьненьні“ расейскамоўнага насельніцтва і не адпавядае рэчаіснасьці. Палітыка русыфікацыі, скіраваная на зьнішчэньне нацыянальных моваў, нацыянальнай тоеснасьці, культуры, гістарычнай памяці народаў, якія ўваходзілі ў склад Расейскай імпэрыі, актыўна выкарыстоўвалася яшчэ ў царскай Расеі. У гады існаваньня СССР яна працягвалася пад лёзунгам стварэньня „новай гістарычнай фармацыі — савецкага чалавека“», — адзначаюць аўтары звароту.

«Гэтая праблема добра вядомая і ў Беларусі, дзе сучасныя манкурты на дзяржаўных пасадах працягваюць вынішчэньне беларускай мовы. Відавочна, што з такой сытуацыяй нельга мірыцца. Нацыянальным мовам у незалежных краінах, якія ўтварыліся пасьля распаду СССР, павінен быць вернуты адпаведны статус. Трактаваць гэта як „уціск расейскамоўнага насельніцтва“ — несумленна і амаральна. Падобнымі мэтадамі кіравалася ў свой час гебэльсаўская прапаганда, разьлічаная, як вядома, не на інтэлектуальныя эліты, а, па прызнаньні яе стваральнікаў, „на апошняга падонка ў краіне“».

Рада заклікае прадстаўнікоў расейкай інтэлігенцыі, «якія захавалі ясны розум і сумленьне», «выкарыстаць усе свае сілы і магчымасьці, каб давесьці да народаў Расеі ўсьведамленьне небясьпекі, якую нясуць імпэрскія авантуры крамлёўскага кіраўніцтва».

Рада беларускай інтэлігенцыі выказвае салідарнасьць з народам Украіны і заклікае ўсіх сумленных людзей у сьвеце падтрымаць Украіну ў абароне яе незалежнасьці і тэрытарыяльнай цэласнасьці.
XS
SM
MD
LG