Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Беларусі Бог жыве... Хаця гэта не нагода для гордасьці. У Бульбашыі вось таксама — жыве. Свой, магутны, справядлівы буль-бог: каржакаваты мужык толькі што з салярыя, з паголенымі рукамі, чымсьці падобны да Халка Хогана. Апрануты ў безрукаўку з паганскай сымболікай, ён робіць такі жэст, быццам хоча выціснуць табе пальцам вока. І, можна быць пэўным, выцісьне, толькі дай дацягнуцца. За сьпінай у мужыка — пяскі бульбаскіх пустыняў, пшанічныя каракумы, у паветры стаіць водар гарэлкі і пяльменяў. Галаву боства ўпрыгожвае куплены ў краме «Лянок» саламяны капялюш, які ўсім сваім выглядам наводзіць на думкі пра ўмалот, сілас, сенанарыхтоўку і наагул: перавагі сярпа над молатам.

Турысту зь Беларусі цікава было б паглядзець і на бульбашку, і можа быць, нават сфатаграфаваць, але яе не відаць за шырокай сьпінай буль-бога. Хаця, напэўна, яна проста нахілілася, каб не замінаць мужыку. Сьціплая жанчына, апранутая па апошняй модзе: у залатой кароне, каптанок ружовы, з каласкоў вяночак. Моладасьці сьведка — і трыюмфу новага, здаровага бульбаскага нацыяналізму.

Харошая краіна Бульбашыя — трэба толькі прызнаць уладу таго мужыка. Прызнаць, што ён жыве ў табе і ты таксама хочаш вось так: выціснуць вока кожнаму, хто хоча назад, у Беларусь. Дахаты. Каб ён не знайшоў дарогі.

Кожны бульбаш скажа, што быць бульбашом — гэта крута. Што ён зусім не крыўдуе, калі яго так называюць. Самы прасунуты бульбаш патлумачыць (на пальцах), што на сьвеце хапае народаў, якія, небаракі, нават мянушкі сваёй ня маюць, што бульбашы, між іншым, апынаюцца ў пачэснай кампаніі макароньнікаў, жабаедаў, нейкіх сасісачных фрыцаў, а таксама пшэкаў, лабусаў, хахлоў, чучмэкаў, хачаў і іншых нярускіх. Карацей, міжнароднага жыдабандэраўскага інтэрнацыяналу. А вось нейкіх там беларусаў у сваю кампанію ніхто прымаць не сьпяшаецца.

Так што няма чаго наракаць, дарагія таварышы бульбашы. Кажаце, ніхто ва Ўкраіне не назваў бы гарэлку «Хохол», а ў Расеі пяльмені «Вкус москаля»? Дык таму і не назваў бы, што яны хахлы з маскалямі, а не бульбашы. Што дазволена бульбашу — іншым не даступна. У гэтым нашая ўнікальнасьць. А ў іх свае правы і абавязкі. Бульбаш на тое і бульбаш, каб рабіць рэчы, якія іншым уявіць цяжка. Эх вы, бэнээфаўцы...

Бульбаш — гэта ідэнтычнасьць, прапанаваная са зьніжкай. Беларусам робяцца ў выніку ініцыяцыі, а для таго, каб быць бульбашом, нічога ня трэба, апрача пашпартных дадзеных. Атаясамліваючы сябе зь беларусамі, чалавек, хоча ён гэтага ці не, бярэ на сябе пэўную адказнасьць. Ён нешта там мусіць прыгадаць, нешта пачынае круціцца ў яго ў галаве, нешта выскоквае на языку: нейкія там мова з гісторыяй, дзякуй з каліласкай, розныя купалы з коласамі, сьцягі на выбар, імя лацінскімі літарамі... А бульбашу хапае таго, што ён — бульбаш. Ён расьце, як бульба, зь яго можна прыгатаваць тысячы пажыўных і ня надта страваў — яму ўсё роўна, якія. Яму хапае аднаго слова, каб патлумачыць сьвет, і таго, што гэта беларускае слова, яму цалкам дастаткова, каб давесьці сваю іншасьць.

Бульбаш два о — формула той Беларусі, якую нам даўно спрабуюць навязаць, ды нешта кепскія мы хімікі... Формула Беларусі бяз мовы і асаблівых, нацыянальных прыкметаў, апрача, мабыць адной — бульбы. «Эта аставіць, астальное — адставіць!» — камандуе Бульбаш. Формула краіны, якую Бульбашыя зьбіраецца захапіць — безь ніводнага стрэлу. Окай і охай — а больш Бульбашыя нічога ад цябе не патрабуе.

У Беларусі і Бульбашыі ёсьць адна агульная мяжа — з Расеяй. І перасекчы яе так лёгка — як два булі выпіць зь фірмовай пляшкі. Значна цяжэй перайсьці тую згубленую ў цемры лінію, якая аддзяляе Бульбашыю ад Беларусі. На тым баку — дом, на гэтым — дым. Сігарэт зь ментолам.

І смак ліпы зь мёдам. Ліпавая ідэнтычнасьць, ліпавая гордасьць, ліпавы гумар зь ліпавым народным душком — ліпавая гісторыя, ліпавая свабода, ліпавая ўсьмешка ліпавага «белоруса». І мёд народнага яднаньня, мёд забыцьця, мёд уласнай непаўнавартасьці, якой — вось у чым цуд Беларусі! — тут кожнага заахвочваюць ганарыцца.

Памятаю, як неяк у Львове Юры Андруховіч, якога ў непрыхільнасьці да Беларусі ніхто не западозрыць, падчас нейкага выступу пачаў разважаць на футбольныя тэмы: «порвемо ціх бульбашів», сказаў ён з іранічнай усьмешкай — назаўтра меўся адбыцца адборачны матч Україна-Беларусь. «Бульбашів» у залі прадстаўляў я, і, ясная рэч, крыўдна мне не было: Андруховіч вырашыў пагуляць у «хахла», дык трэба ж было падтрымаць гульню. Удаць абурэньне, выказаць пратэст, выслаць украінскага амбасадара з Бульбашыі — удаць зь сябе яго, вялікага і магутнага бульбаша. Давесьці самому сабе, што з гэтага яшчэ можна сьмяяцца — а значыць, бульбаш не такі ўсемагутны.

Паважаныя пасажыры, нашае падарожжа набліжаецца да свайго завяршэньня. Бульбашыя разьвітваецца з вамі. Спадзяюся, назаўжды. Беражыце вочы, ратуйце душы, купляйце беларускае. Яно тут яшчэ ёсьць.
Малюнак: П. Tатарнiкаў (c) 2014

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG