Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзякуючы народжанаму ва Ўругваі беларускаму пісьменьніку Карласу Шэрману творы нобэлеўскага ляўрэата Габрыэля Гарсія Маркеса загучалі па-беларуску, а зроблены разам з Валянцінам Тарасам і надрукаваны ў беларускім літаратурным часопісе «Нёман» яшчэ ў 1970-я гады расейскі пераклад «Восені патрыярха» стаў падзеяй усесаюзнага гучаньня. Якія яшчэ творы Маркеса перакладзеныя на беларускую мову, хто іх перакладаў?

Гісторыя перакладаў твораў Маркеса на беларускую мову даволі складаная.

У Карласа Шэрмана была ідэя яшчэ ў 1970-я гады выдаць «Восень патрыярха» па-беларуску. Ён прапанаваў выдавецтву «Мастацкая літаратура» зрабіць пераклад на беларускую мову. Але расейскага перакладу «Восені патрыярха» тады яшчэ не было, і выдавецтва не рызыкнула — маўляў, у Маскве не зразумеюць. І прапанавала перакласьці «Восень патрыярха» на расейскую мову. І Карлас Шэрман разам з Валянцінам Тарасам зрабілі пераклад на расейскую мову, які доўгі час быў адзіным і галоўным перакладам, які друкаваўся ў Савецкім Саюзе. Друкаваўся, праўда, з купюрамі — у савецкі час ніхто аўтарскіх правоў не шанаваў, і шмат якія месцы зь перакладу былі выразаныя ці зьмененыя — не па волі перакладчыкаў.

Апавядае перакладчык, паліглёт Лявон Баршчэўскі:
Лявон Баршчэўскі

Лявон Баршчэўскі

«Урэшце толькі ў 1981 годзе Карласу Шэрману ўдалося надрукаваць невялікую аповесьць пра донью Эрэндзіру, якая выйшла па-беларуску ўпершыню. Потым ён пераклаў раман „Каханьне падчас халеры“. На жаль, таксама да кніжнага выданьня не дайшло. Прычына — адсутнасьць грошай, у першую чаргу. Складанасьці з аўтарскімі правамі маглі быць лёгка вырашаныя, бо Шэрман асабіста быў знаёмы з Маркесам, яны сябравалі. Друкавалася гэта толькі ў выглядзе вялікага фрагмэнту ў часопісе „ARCHE“. На жаль, нашая беднасьць так і не дазволіла выдаць гэты раман па-беларуску».

Потым былі спробы іншых перакладчыкаў — Віялета Яфіменка перакладала апавяданьні Маркеса, якія друкаваліся ў пэрыядычным друку. Валер Буйвал перакладаў асобныя творы зь нізкі «12 дзіўных навэл», якія друкаваліся ў «ЛіМе» і «Дзеяслове». Перакладчык Валер Буйвал назваў Маркеса «калюмбійскім Караткевічам»:
Валер Буйвал

Валер Буйвал

«Такія ж фантастычныя, шматслойныя вобразы, такая ж паэтыка прозы... Вось гэта ж з таго якраз сьвету летуценьнікаў, якія вельмі пранізьліва бачаць рэчаіснасьць, умеюць прадбачыць яе.

Гасподзь дазволіў, даў магчымасьць і мне зрабіць экзэрцыс, зрабіць пераклад на беларускую мову, за што я, вядома, вельмі ўдзячны лёсу. Вельмі шкада, што чалавецтва, што ўсясьветная літаратура страціла гэтага чалавека, страціла гэты талент».

А вось першы раман, якія зрабіў Маркеса ўсясьветна вядомым — «Сто гадоў адзіноты» — на беларускую мову так і не перакладзены, і таксама з-за нашай беднасьці, кажа Лявон Баршчэўскі:

«Некалі Якуб Лапатка пачынаў перакладаць галоўны і, можа, самы вядомы раман „Сто гадоў адзіноты“, але прыхільнасьці сярод выдаўцоў не знайшоў і фактычна закінуў гэты пераклад».

У 2004 годзе тады яшчэ студэнт-выпускнік факультэту гішпанскай мовы Лінгвістычнага ўнівэрсытэту Багдан Арлоў перакладаў невялікі фрагмэнт аднаго з апошніх твораў Маркеса «Ўспамін пра маіх сумных прастытутак»:

«Узгадваю, што тры альбо пяць старонак я перакладаў ці не два тыдні. Вельмі цяжка было перадаць тую незвычайную мову маркесаўскую. Мова Маркеса сапраўды незвычайная, зусім ня простая, далёка ня кожны перакладчык з гішпанскай можа адважыцца на такое. Я мяркую, што менавіта з гэтым зьвязанае тое, што ў нас, на жаль, далёка ня ўсе творы Маркеса па-беларуску, вартыя перакладу, выйшлі».

Багдан Арлоў прачытаў і фрагмэнт апавяданьня Маркеса «Ўспамін пра маіх сумных прастытутак» у сваім перакладзе:
«Усе грошы, якія заставаліся ў мяне, ейныя і мае — я пакінуў на падушцы і назаўсёды разьвітаўся пацалункам у лоб. Дом, як і кожны бардэль на раніцу, выглядаў нечым надта блізкім да раю. Я выйшаў празь дзьверы ў сад, каб ні з кім не сустрэцца. Зь пяклівым сонцам вуліцы я пачаў адчуваць цяжар маіх 90 гадоў і пачаў лічыць адну за адной хвілі начэй, што мне заставаліся да сьмерці...»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG