Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гістарычны цыкль паводле сэрыі перадачаў "На хвалі Свабоды", прысьвечаных 50-годзьдзю Беларускай Службы Радыё Свабода, якія гучалі на нашых хвалях у 2003-2004 гадах.

1995 год. Галоўная падзея году для радыё — пераезд зь Мюнхэну ў Прагу. Гэты крок быў выкліканы некалькімі абставінамі. Па-першае, бюджэт радыё быў скарочаны ў некалькі разоў, і заставацца ў надзвычай дарагім Мюнхэне было немагчыма. Па-другое, пасьля падзеньня жалезнай заслоны і заканчэньня Халоднай вайны ўзьнікла магчымасьць геаграфічна наблізіць радыё да краінаў, на якія было скіраванае вяшчаньне. Таму пераезд з Захаду на Ўсход стаўся цалкам лягічным крокам. Тагачасны дырэктар Радыё Свабода-Радыё Свабодная Эўропа Кэвін Клоўз з гэтай нагоды сказаў: «Я цьвёрда верыў, што найважнейшая задача радыё — аб’ектыўны рэпартаж і аналіз падзеяў, без навязваньня сваіх палітычных поглядаў, без уцягваньня слухачоў у нейкую палеміку. Гэтую задачу з большым посьпехам мы маглі выканаць у Празе, чым у Мюнхэне.

Такім чынам адбыўся гістарычны пераезд, і ўжо 1 красавіка загучалі першыя перадачы з Прагі. Розныя рэдакцыі мелі розны графік пераезду, першая беларуская праграма з Прагі прагучала ў эфіры 8 траўня. А ўжо праз пару тыдняў — 21 траўня — выйшаў у эфір першы выпуск аналітычнай нядзельнай перадачы «Праскі акцэнт». Пераезд у Прагу дазволіў папоўніць рэдакцыю журналістамі зь Беларусі — тады рэдакцыйную каманду папоўнілі Алена Радкевіч, Алена Ціхановіч, Алена Панкратава і Сяргей Абламейка. І ім, так сказаўшы, па-журналісцку пашанцавала — у красавіку і траўні 1995 году ў Беларусі адбывалася нямала важных і драматычных падзеяў — падрыхтоўка да рэфэрэндуму і выбараў у парлямант, галадоўка і зьбіцьцё апазыцыйных дэпутатаў, забарона нацыянальнай сымболікі і спыненьне беларусізацыі. Усе гэтыя падзеі знайшлі адлюстраваньне ў перадачах беларускай Свабоды.


***

У арганізацыі пераезду Радыё Свабода/Радыё Свабодная Эўропа ў Прагу чынны ўдзел узяў дырэктар беларускай рэдакцыі Вячка Станкевіч. Сын пражанкі, ён правёў у Празе дзяцінства, добра валодаў чэскай мовай. Сёньня Вячка Станкевіч распавядзе ў нашай перадачы пра пераезд у Прагу і зьмены, якія з гэтай нагоды адбыліся на радыё.
Будынак Радыё Свабода / Радыё Свабодная Эўропа 1995-2009

Будынак Радыё Свабода / Радыё Свабодная Эўропа 1995-2009

«Перад пераездам зь Мюнхэну ў Прагу — гэтая працэдура брала доўгі час падрыхтоўкі, дыскусіяў паміж нямецкімі і амэрыканскімі ўладамі. Галоўнай прычынай пераезду было тое, што Мюнхэн зрабіўся амаль што найдаражэйшым горадам у Эўропе. Людзі, якія там працавалі, залежалі ад нямецкіх законаў, а нямецкія прафсаюзныя законы былі такія, што было амаль што немагчыма некага звольніць. Такім чынам ня ўсе найбольш эфэктыўныя людзі засталіся там працаваць. Плюс таксама надыходзіла праблема, што хоць, скажам, у Беларусі і іншых дзяржавах на Ўсходзе было шмат працоўнай сілы, якая прыдалася б працаваць на радыё, але амаль што немагчыма было перавезьці іх у Нямеччыну, бо Нямеччына як бы зачыніла свае граніцы і дазваляла ўезд толькі людзям, якія мелі заходнія пашпарты. Ну і таксама паколькі Радыё Свабода было адной часткай арганізацыі, якая была ўжо спалучэньнем Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, але прывілеі і велічыня тых службаў, якія былі зьвязаныя з Радыё Свабодная Эўропа — Польшча, Чэхаславаччына, Вугоршчына і іншыя — мелі шмат большыя штаты. Напрыклад, чэская служба мела каля 40 і да 60, польская служба падобна. І паколькі цяпер ужо сытуацыя выраўноўвалася, не было патрэбы, каб тыя мелі такія вялікія штаты, а мы ў параўнаньні — малыя (Радыё Свабода за выняткам расейскай службы, якая была вялікая, былі ўсе прыблізна па 10 і нават меней чалавек). Я падняў пытаньне на адной канфэрэнцыі, якую мы мелі з начальствам нават ня радыё, а наагул міжнароднага вяшчаньня, што такі падзел ужо цяпер ня мае сэнсу і што гэта павінна выраўнацца. І такім чынам беларуская служба, як пераехала ў Прагу, нават ня зьменшылася, як гэта сталася з усімі іншымі службамі, але нават на адну асобу павялічылася».

Вячка Станкевіч працягне свае ўспаміны крыху пазьней, а зараз — аўтэнтычны эфір 1995 году. Гучыць фрагмэнт выступу Васіля Быкава на 4-м зьезьдзе БНФ:


***
Год 1995 у сьвеце

Палітыка

Адбываецца першая стыкоўка расейскай станцыі Мір з амерыканскім касьмічным чаўнаком. — У выніку тэракту ў адміністрацыйным будынку ў горадзе Аклагома-Сыты гінуць 166 чалавек. — Тысячы людзей атруціліся газамі у такійскім мэтро ў выніку тэракту сэкты Аум Сінрыкё. — Аддзел Шаміля Басаева бярэ закладнікаў у шпіталі ў горадзе Будзёнаўск. — Сэрбскія аддзелы займаюць басьнійскі горад Срэбрэніца, абвешчаны ААН зонай бясьпекі. Усе мужчыны-мусульмане гораду былі забітыя. — Жак Шырак абіраецца прэзыдэнтам Францыі. -Францыя праводзіць ядзерныя выпрабаваньні ў Ціхім акіяне. — Тэрыторыі Заходняга Берагу Ярдану перадаюцца палестынскай адміністрацыі. — Ізраільскі прэм’ер Іцхак Рабін забіты падчас мітынгу правым экстрэмістам. — Падпісаньнем мірнага пагадненьня ў Дэйтане заканчваецца вайна ў Босьніі.

Навука i тэхналёгія

У Заіры выбухае эпідэмія хваробы эбола. — Амэрыканец Стыў Фосэт пералятае Ціхі акіян на балёне з геліем. — Брытанскія навукоўцы выгадоўваць з эмбрыёнаў дзьвюх першых клянаваных авечак.

Літаратура

Нобэлеўская прэмія прысуджаная ірляндзкаму паэту Шэймасу Хіні.

Песьня году - No Doubt / Don’t Speak.

***

А зараз зноў зьвернемся да ўспамінаў. Колішні дырэктар беларускай Свабоды Вячка Станкевіч працягвае распавядаць пра пераезд радыё ў Прагу.

Вацлаў Гавэл на 10-годзьдзі знаходжаньня РС/РСЭ ў Празе, 2005

Вацлаў Гавэл на 10-годзьдзі знаходжаньня РС/РСЭ ў Празе, 2005

«Тады таксама была патрэба выкарыстаць той будынак, які Чэхаславаччына, прэзыдэнт Гавэл у той час прапанаваў для радыё. Гэта быў будынак чэхаславацкага парлямэнту, а ў той час ужо Славаччына і Чэхія „разьвяліся“, кожны меў свой парлямэнт, дык і не патрабавалася мець чэхаславацкі парлямэнт. Той будынак ужо некалькі гадоў стаяў пусты. Чэхія запрапанавала яго для Радыё Свабода на вельмі добрых умовах, калі не мыляюся — 1 даляр у год. Але будынак ня быў прыстасаваны добра для выкарыстаньня праз радыёвяшчаньне, і такім чынам з самага пачатку трэба было зьмясьціць усе рэдакцыі — іх было больш як 20 — на адным паверсе гэтага вялікага будынку. Зразумела, там было цесна. Пры гэтым я ўзяў даволі вялікі ўдзел, ізноў падымаючы аўтарытэт беларускай службы. Была магчымасьць запрасіць яшчэ ў Мюнхэн цэлы шэраг магчымых кандыдатаў на пасады, якія звольніліся або звольняцца дзеля таго, што некаторыя людзі не захацелі пераяжджаць у Прагу. І такім чынам амаль што палавіна рэдакцыі зьмянілася, прыйшлі новыя. Я пералічу некаторых, якія прыйшлі ў той час: гэта былі Алена Ціхановіч, Алена Радкевіч, Сяргей Абламейка і Алена Панкратава. Зь Нью-Ёрку прыехаў Сяржук Сокалаў-Воюш. Такім чынам рэдакцыя ў Празе з самага пачатку складалася ў бальшыні зь людзей, якія ўжо прыехалі зь Беларусі — дасьведчаныя маладыя журналісты, і гэта даволі зьмяніла атмасфэру і зьмяніла магчымасьці працы».

Пра зьмены, якія адбываліся на Радыё Свабода ў сувязі зь пераездам зь Мюнхэну ў Прагу, распавядаў Вячка Станкевіч. А зараз — зноў наш архіў. Паслухайце фрагмэнт перадачы пра зьбіцьцё дэпутатаў Вярхоўнага Савету 11 красавіка 1995 году...


***
1995 ГОД У БЕЛАРУСІ

6 студзеня — Лукашэнка і Ельцын падпісваюць пагадненьні аб расейскіх ваенных базах у Беларусі, а 21-22 лютага — пагадненьне аб дружбе, а таксама дамовы аб супрацоўніцтве ў мытных і памежных пытаньнях

11 красавіка — Лукашэнка выступае ў парлямэнце з прапановай аб рэфэрэндуме з пытаньнямі аб мове, сымболіцы і аб інтэграцыі з Расеяй. У той самы дзень дэпутаты апазыцыі пачынаюць галадоўку пратэсту ў будынку парлямэнту.

Ноч з 11 на 12 красавіка — 19 дэпутатаў, што праводзілі галадоўку пратэсту, зьбітыя і гвалтам выдаленыя з залі паседжаньня

14 траўня — выстаўленыя на рэфэрэндум пытаньні прымаюцца большасьцю галасоў

30 траўня — пасьля 2 тураў парлямэнцкіх выбараў абраныя толькі 119 дэпутатаў з 260. Лукашэнка адмаўляецца прызнаць легітымнасьць старога парлямэнту. Пачынаецца канстытуцыйны крызыс

9 верасьня — падае ў адстаўку старшыня Нацбанку Багданкевіч з прычыны незаконнага ўмяшаньня ўладаў у справы банку

15 верасьня — сілы паветранай абароны Беларусі зьбіваюць паветраны шар з двума амэрыканскімі ўдзельнікамі міжнародных спаборніцтваў

29 лістапада — 10 сьнежня — у выніку давыбараў удаецца абраць новы склад парлямэнту, у якім бальшыню склалі камуністы і аграрнікі

Лістапад — Лукашэнка дае інтэрвію газэце Handelsblatt, у якім заяўляе, што ня ўсё ў дзейнасьці Гітлера было дрэннае.

***

Госьць нашай сёньняшняй перадачы — колішні дырэктар беларускай рэдакцыі нашага радыё Вячка Станкевіч. Сёньня ён прыгадвае пра галоўную падзею на радыё 1995 году — пераезд зь Мюнхену ў Прагу:

Вячка Станкевіч

Вячка Станкевіч

«Што яшчэ адбывалася ў Празе? Паколькі была магчымасьць прыяжджаць зь Беларусі, то там вельмі часта розныя дэлегацыі, палітыкі, навукоўцы, усякія людзі, якія мелі дачыненьне да Адраджэньня Беларусі, пачалі прыяжджаць у Прагу і адведваць нас. Некалькі разоў прыяжджаў Пазьняк, які тады ўжо знаходзіўся ў эміграцыі. Прыяжджаў Шушкевіч, прыяжджалі Хашчавацкі, Мазынскі, Арлоў. Прыяжджаў таксама Краўчанка некалькі разоў. Прыяжджаў Вацлаў Станкевіч, цяперашні дэпутат літоўскага Сойму, які даволі цікавіцца беларускімі справамі. Таксама былі цікавыя сувязі зь беларускай амбасадай. У той час амбасадарам быў Вайцянкоў, ён наведаў радыё некалькі разоў, аж да таго часу, як зьмянілася сымболіка. Тады ён быў запрошаны на адну даволі вялікую міжнародную падзею, але паставіў свае ўмовы і сказаў, што прыйдзе ў будынак радыё толькі тады, калі будзе зьняты бел-чырвона-белы сьцяг і заменены лукашэнкаўскім. А гэтыя сьцягі віселі ў галоўнай аўдыторыі нашага будынку і пры ўсіх большых мерапрыемствах было відаць усе сьцягі новых рэспублік. Ну, зразумела, мы гэта адмовіліся зрабіць, і начальства радыё нас падтрымала. Такім чынам ужо амбасадары зь беларускай амбасады ў Празе ўжо болей на радыё не паказваліся. А бел-чырвона-белы сьцяг застаўся да гэтага часу».

I на заканчэньне — зноў наш архіў. Паслухайце фрагмэнт інтэрвіё зь Зянонам Пазьняком на другі дзень пасьля зьбіцьця дэпутатаў.
СЛУХАЦЬ УСЮ ПЕРАДАЧУ:
На жаль, гэтая опцыя пакуль што недаступная
XS
SM
MD
LG