Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

На палігоне пад Віцебскам прайшлі манэўры сіл спэцапэрацыяў, у якіх бралі ўдзел расейскія дэсантнікі з-пад Пскову.

18 красавіка на палігоне Ласьвіда пад Віцебскам скончыліся трохдзённыя манэўры сіл спэцыяльнага прызначэньня Беларусі, у якіх бралі ўдзел і расейскія дэсантнікі. Паводле прэсавай службы Мінабароны Расеі па Ваенна-паветраных войсках, расейскія дэсантнікі ў ходзе манэўраў выкарыстоўваліся «ў якасьці парашутнага дэсанту».

На просьбу Радыё Свабода прэсавая служба Мінабароны Беларусі пацьвердзіла факт сумесных з расейцамі манэўраў пад Віцебскам. Тое, што зьвесткі пра гэта не зьявіліся на сайце Мінабароны, прэсавая служба патлумачыла невялікай колькасьцю ўдзельнікаў манэўраў з боку Расеі.

«Штогод у нас праводзіцца такое сумеснае мерапрыемства. Падразьдзяленьне з Расеі, якое брала ў ім удзел — усяго ўзвод. Чыста сымбалічна. Манэўры скончыліся. Вось калі летась былі значныя манэўры, то мы даем інфармацыю, а тут — невялікае падразьдзяленьне», — апавёў прэсавы сакратар, кіраўнік управы інфармацыі Мінабароны Ўладзімер Макараў.

Паводле яго, манэўры пад Віцебскам ніяк не зьвязаныя з падзеямі ва Ўкраіне, як і праверка боегатоўнасьці войскаў сумеснай групоўкі Беларусі і Расеі, якая была распачатая ў Беларусі ў сакавіку на загад Аляксандра Лукашэнкі. Паводле палкоўніка Ўладзімера Макарава, у гэтыя дні пад Барысавам працягваецца праверка падразьдзяленьняў выключна сухапутных войскаў — 11-й гвардзейскай асобнай мэханізаванай брыгады і 103-й гвардзейскай асобнай мабільнай брыгады:

«Падразьдзяленьні прыводзяцца ў баявую гатоўнасьць і гэтаксама правяраюцца, як і папярэднія падразьдзяленьні. То бок яны выконваюць марш на палігон пад Барысаў, і там зь імі праводзяць заняткі, правяраюць».

У канцы лютага — на пачатку сакавіка на аэрадром у Бабруйск былі пераведзеныя з Расеі 6 расейскіх зьнішчальнікаў і тры транспартныя самалёты. Пазьней зьявіліся зьвесткі пра разьмяшчэньне ў Лунінцы, бліжэй да ўкраінскай мяжы, некалькіх беларускіх «Мігаў-29» і верталётаў «Мі-8» з Баранавічаў і Пружанаў. Што адбываецца цяпер з гэтай авіятэхнікай?

Паводле палкоўніка Ўладзімера Макарава, расейскія самалёты застаюцца на тэрыторыі Беларусі, але ў «праверцы боегатоўнасьці» ўжо ня ўдзельнічаюць:

«Падчас першага этапу праверкі была ў асноўным правераная сыстэма супрацьпаветранай абароны, тэрытарыяльная абарона. Падчас другога этапу правераная адзіная рэгіянальная сыстэма СПА, а на дадзеным этапе правяраецца сухапутны складнік».
Аляксандар Алесін

Аляксандар Алесін

Незалежны вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін адзначае, што знаходжаньне ў Беларусі 6 расейскіх зьнішчальнікаў не азначае, што патэнцыял расейскай вайсковай прысутнасьці ў Беларусі нязначны:

«У прынцыпе, з самалётамі ўсё проста: дзьве гадзіны — і яны тут, ці дзьве гадзіны — і іх тут няма. Трэба кіравацца тым, што да канца году тут зьявіцца расейскі авіяполк, бо гэтых плянаў ніхто не адмяняў. А іншыя самалёты і раней прыляталі. Штогод, прыкладам, прылятаюць стратэгічныя бамбавозы, якія здольныя несьці і ядзерную зброю. Калі быць ужо такім кансьпіролягам, то можна меркаваць, што і яны прылятаюць з гэтай зброяй, бо ніхто ж іх не правярае».

Збольшага Аляксандар Алесін мяркуе, што ўчорашняе дасягненьне ў Жэнэве пагадненьняў наконт дээскаляцыі палітычнага крызісу на ўсходзе Ўкраіны не прывядзе да хуткага аслабленьня напружанасьці ў рэгіёне. Таму не выпадае чакаць, што Расея адмовіцца ад плянаў трымаць у Беларусі свае самалёты.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG