Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фёдараў: Сытуацыя ва Ўкраіне застаецца ў падвешаным стане


Андрэй Фёдараў
Андрэй Фёдараў

Камэнтуючы чатырохбаковыя дамоўленасьці ў Жэнэве па Ўкраіне, палітоляг Андрэй Фёдараў адзначае, што пакуль няма ніякіх прыкметаў жаданьня Масквы, каб ва Ўкраіне сытуацыя супакоілася.

У інтэрвію карэспандэнту Свабоды Андрэй Фёдараў заявіў:

«Расея будзе рабіць выгляд. Мы ўжо ведаем, што сэпаратысты заявілі пра адмову ад выкананьня ўмоваў, выстаўленых у Жэнэве. Я ўпэўнены, што сэпаратысты кантралююцца Расеяй і ўсё гэта ўзгоднена. Таму пакуль што заўчасна казаць пра нейкія станоўчыя вынікі».

— А што тады можа спыніць Расею ад захопніцкіх плянаў?

— Толькі калі яна ўбачыць усур’ёз, што яна ад гэтага пацерпіць больш, чым нечага набудзе. Я маю на ўвазе сур’ёзныя санкцыі Захаду, і найперш эканамічныя. Але я ня ўпэўнены, што на дадзены момант Захад гатовы да іх увядзеньня. І гэта насамрэч складана, бо гэта непазьбежна пацягне за сабой нэгатыўныя наступствы і для самога Захаду. То бок на дадзены момант сытуацыя застаецца ў падвешаным стане.

— А ці ёсьць нейкія спадзяваньні на кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнку, улічваючы нядаўнюю тэлефонную размову прэм’ера Польшчы з Лукашэнкам?

— Я думаю, што Туск усяго толькі хацеў высьветліць беларускую пазыцыю. Можа, ён да нечага і спрабаваў заклікаць, але гэта наўрад ці супадала зь меркаваньнямі афіцыйнага Менску. І наўрад ці беларускі бок быў гатовы пайсьці яму насустрач. А Беларусь ніякага ўплыву на падзеі ня мае. Калі там ужо такія сур’ёзныя гульцы нічога ня могуць дасягнуць. Не, Беларусі тут месца не застаецца.

— То бок ня варта чакаць нейкага пацяпленьня адносна рэжыму ў Беларусі?

— Відаць, не. Бо патрабаваньні, асноўнае зь іх — аб вызваленьні палітвязьняў, застаюцца. Ня бачна ніякіх прыкметаў, што беларускія ўлады гатовы пайсьці на іх выкананьне. Там таксама разумеюць, што афіцыйны Менск ня можа неяк паўплываць на падзеі. І з гэтага гледзішча няма ніякіх падстаў, каб неяк мяняць у цэлым сваё стаўленьне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG