Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарнобыльскі шлях пойдзе на Бангалор


Заўянікі сёлетняга Чарнобыльскага шляху атрымалі адказ з Менгарвыканкаму, у адпаведнасьці зь якім 26 красавіка шэсьце дазваляецца правесьці па праспекце Незалежнасьці і вуліцы Сурганава да парку Дружбы народаў.

«Такім чынам, збор адбудзецца з 16:00 да 16:30 каля кінатэатра „Кастрычнік“, затым пройдзем шэсьцем па праспекце Незалежнасьці і вуліцы Сурганава. З 17:30 да 18:30 дазволены мітынг у парку Дружбы народаў», — паведаміў Свабодзе адзін з заяўнікаў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

Заяўка была пададзеная на правядзеньне шэсьця ў першай палове дня і зусім па іншым маршруце — па вуліцах Сурганава і Якуба Коласа ў Курапаты.

«Нам патлумачылі, што пазначаны ў заяўцы маршрут парушае артыкул 4.9 Закону Рэспублікі Беларусь аб правядзеньні масавых мерапрыемстваў, у адпаведнасьці зь якім дэманстрацыі ня могуць адбывацца побач з будынкамі, у якім знаходзіцца шмат людзей», — дадаў Аляксей Янукевіч.

Зь ліку заяўнікаў Чарнобыльскага шляху Менскім гарвыканкамам выключаны Ільля Дабратвор. Паводле афіцыйнага тлумачэньня — з прычыны прыцягненьня да адміністрацыйнай адказнасьці. Гэткім чынам, арганізатарамі шэсьця застаюцца дзьве асобы: старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч і прадстаўніца партыі БХД Марына Хоміч.

Арганізатары паведамляюць, што галоўныя тэмы сёлетняга Чарнобыльскага шляху — патрабаваньне ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС, а таксама адхіленьне ядзернай пагрозы з боку Расеі ў зьвязку як з будаўніцтвам у Беларусі АЭС, так і з магчымым разьмяшчэньнем ядзернай зброі на ваенных самалётах, якія знаходзяцца ў Беларусі. Завяршэньнем Чарнобыльскага шляху мае стацца ўскладаньне кветак у памяць пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС каля капліцы Ўсіх тужлівых радасьці.

З заявай аб правядзеньні мітынгу «За бязьядзерны сьвет» у Менгарвыканкам зьвярнулася таксама каардынатарка антыядзернай кампаніі ў Беларусі, прадстаўніца грамадзкай арганізацыі «Экадом» Тацяна Новікава. Паводле заявы актывісткі, мітынг мае адбыцца на плошчы Бангалор таксама 26 красавіка з 18:00 да 20:00. Адказу зь Менгарвыканкаму на сваю асабістую заяву Тацьцяна Новікава пакуль не атрымала.
XS
SM
MD
LG