Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад Украіны падрыхтаваў праект закону аб амністыі сэпаратыстаў


Пратэстоўцы на ўсходзе Ўкраіны, якія здадуць зброю і вызваляць захопленыя будынкі, будуць амніставаныя.

Як перадае УНІАН, пра гэта заявіў на пасяджэньні парлямэнту прэм’ер-міністар Украіны Арсені Яцанюк.

Ён паведаміў, што ўрад Украіны падрыхтаваў праект закону аб амністыі пратэстоўцаў ва ўсходніх абласьцях:

«У тым выпадку, калі асобы, якія незаконна ўзялі зброю ў рукі і захапілі памяшканьні, здадуць зброю і вызваляць гэтыя памяшканьні, мы лічым, што такія асобы павінны быць амніставаныя», — сказаў Яцанюк.

Ён падкрэсьліў: «Нам патрэбныя мір і згода ў краіне».

Пры гэтым Яцанюк адзначыў, што такая амністыя ня будзе тычыцца цяжкіх злачынстваў, «але па ўсіх астатніх людзях, якія здадуць зброю і выйдуць з будынкаў, мы гатовыя ўсіх вызваліць без крымінальнай адказнасьці».

Па словах прэм’ера, «калі будзе воля парлямэнту, я падкрэсьліваю — воля ўсяго ўкраінскага парлямэнту, у тым ліку і нашых палітычных апанэнтаў, то закон будзе неадкладна зарэгістраваны, і давайце ставіць яго на галасаваньне».

17 красавіка ў Жэнэве адбылася сустрэча па пераадоленьні крызісу ва Ўкраіне, у якой бралі ўдзел выканаўца абавязкаў кіраўніка МЗС Украіны Андрэй Дзешчыца, высокі прадстаўнік ЭЗ па замежных справах і палітыцы бясьпекі Кэтрын Эштан, дзяржсакратар ЗША Джон Кэры і міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў.

Вынікам сустрэчы стала падпісаньне дакумэнту аб сумесных намаганьнях кіраўніцтва Расеі, ЗША, Эўрасаюзу і Ўкраіны па ўрэгуляваньні напружанай сытуацыі ўва Ўкраіне.

Бакі, сярод іншага, дамовіліся, што пратэстоўцам на ўсходзе Ўкраіны і тым, хто пакіне будынкі і іншыя грамадзкія месцы і здасьць зброю, за выключэньнем тых, хто вінаваты ў сур’ёзных злачынствах, будзе гарантаваная амністыя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG