Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Керы: Наступныя дні будуць вырашальнымі для дээскаляцыі ва Ўкраіне


«Толькі украінцы маюць права вызначаць сваю будучыню», — заявіў дзяржаўны сакратар ЗША Джон Керы падчас сумеснай заявы з вярхоўным прадстаўніком ЭЗ па замежных справах Кэтрын Эштан па выніках чатырохбаковых перамоваў ЗША-ЭЗ-Украіна-Расея ў Жэнэве.

Ён паведаміў, што ўдзельнікі чатырохбаковых перамоваў па ўрэгуляваньні ўкраінскага крызісу дамовіліся пра крокі, накіраваныя на дээскаляцыю становішча ў Украіне.

Бакі ў ходзе перамоваў пагадзіліся, што ўсе незаконныя ўзброеныя фармаваньні ва Ўкраіне павінны скласьці зброю, а адміністрацыйныя памяшканьні, імі захопленыя, вызваленыя.

«Усе ўзброеныя фармаваньні прарасейскіх сэпаратыстаў, якіх падтрымлівае Расея, павінны скласьці зброю», — падкрэсьліў Джон Керы.

Паводле яго, расейскі міністар замежных справаў паабяцаў падтрымку ў працэсе раззбраеньня незаконных ваенізаваных фармаваньняў.

Міністар замежных справаў Украіны Андрэй Дзешчыца на ўдакладняючае пытаньне, ці распаўсюджваюцца гэтыя патрабаваньні на Майдан, адказаў, што той мае легальны статус.

Джон Керы заявіў, што, нягледзячы на пярэчаньні Расеі, ЗША далі расейскаму міністру пераканаўчыя доказы датычнасьці Расеі да абвастрэньня становішча ва ўсходніх абласьцях Украіны.

Калі ў наступныя дні ўсімі бакамі ня будзе дасягнута прагрэсу па дээскаляцыі на Ўсходзе Украіны, то зноў можа быць узьнятае пытаньне санкцый у дачыненьні да Расеі, заявіў Керы.

Дзяржаўны сакратар ЗША таксама адзначыў важную ролю спэцыяльнай місіі АБСЭ, якая ўжо дзейнічае ва Ўкраіне, у справе дээскаляцыі канфлікту на Ўсходзе. Усе бакі перамоваў, уключаючы Расею, прызналі важнасьць гэтай місіі.

Джон Керы адзначыў, што бакі пагадзіліся: Украіне патрэбен ўсёабдымны, празрысты, падсправаздачны канстытуцыйны працэс і нацыянальны дыялёг.

Міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў заявіў па выніках сустрэчы, што «ў Расеі няма намеру ўводзіць войскі на тэрыторыю сяброўскай Украіны».
XS
SM
MD
LG