Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бальцаровіч назваў унівэрсальную формулу дабрабыту


Лешак Бальцаровіч

Лешак Бальцаровіч

Архітэктар польскіх эканамічных рэформаў пачатку 1990-х гадоў Лешак Бальцаровіч сёньня ў Менску агучыў сваю ўнівэрсальную формулу дабрабыту: чым больш дэмакратыі ў краіне, тым заможней жывуць у ёй людзі.

Пра гэта Лешак Бальцаровіч гаварыў у сваёй публічнай лекцыі на міжнароднай канфэрэнцыі «Праграма пераўтварэньняў для Беларусі: рэгіянальны досьвед і выклікі». Яе арганізаваў рух «За cвабоду» ў рамках кампаніі «Народная праграма». Прадстаўнікі беларускіх уладаў, хоць і былі запрошаныя на мерапрыемства, яго праігнаравалі.

Лешак Бальцаровіч згадаў такі факт: Паўночная і Паўднёвая Карэя пачыналі пасьляваеннае жыцьцё амаль у аднолькавых умовах. Сёньня эканамічны стан гэтых краінаў несувымерны. Калі ўзяць ровень жыцьця паўднёвых карэйцаў за 100%, то ў паўночных ён складае толькі 7%. У Паўднёвай Карэі людзі жывуць свабодна і заможна, у Паўночнай — амаль мільён памерлых з голаду.

Каб не давялося жыць так, як у Паўночнай Карэі, патрэбныя рэформы, — падкрэсьліў архітэктар польскіх рэформаў:

«Трэба будаваць новае. Патрэбны моцны, палітычна незалежны прыватны сэктар. Так, як гэта здолелі зрабіць у Польшчы, у іншых краінах. Для гэтага неабходныя перабудова дзяржаўнага апарату, наяўнасьць незалежных судоў і прафэсійных пракурораў. Паверце, самыя галоўныя эканамічныя рэформы — гэта палітычныя рэформы». Пасол Вялікабрытаніі Брус Бакнэл і Лешак Бальцаровіч

Пасол Вялікабрытаніі Брус Бакнэл і Лешак Бальцаровіч


Лешак Бальцаровіч падкрэсьліў: для маштабных рэформаў неабходныя вялікія замежныя інвэстыцыі. На пачатку 90-х гадоў мінулага стагодзьдзя іх аднолькава не хапала як Польшчы, так і Беларусі. Тады дзьве краіны былі прыкладна ў аднолькавым становішчы. Але ў Польшчу грошы пайшлі. А ў Беларусь — не:

«Калі прыходзіць замежны капітал? Тады, калі ён бачыць, што ў нейкай краіне яму карысна быць, што там для яго ёсьць добрыя пэрспэктывы. Немагчыма праз голую прапаганду пераканаць уладальнікаў капіталу пайсьці на новыя рынкі».
«Ці пагадзіўся б пан Бальцаровіч кансультаваць беларускі ўрад, калі б у нашай краіне перамаглі дэмакраты?» — спыталіся ў знакамітага эканаміста, які цяпер выкладае ў Варшаўскай вышэйшай эканамічнай школе. Адказ выклікаў моцныя воплескі:

«Беларусі няма неабходнасьці ў зьнешніх кансультантах. Я ведаю шмат вельмі добрых эканамістаў у Беларусі. Ну, і адначасова я магу накіраваць да вас маіх беларускіх студэнтаў. Гэта вельмі таленавітыя і разумныя хлопцы». Лешак Бальцаровіч

Лешак Бальцаровіч


«Мы правялі гэтую канфэрэнцыю, зразумела, не для таго, каб пачуць ад Лешака Бальцаровіча, што ў Беларусі шмат адукаваных эканамістаў, якія ўмеюць пісаць добрыя праграмы», — сказаў Свабодзе, падводзячы вынікі, кіраўнік руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч:

«Але вельмі важна ня толькі мець напісаныя працы. Вельмі важна іх папулярызаваць. І адна з самых вялікіх мэтаў гэтай канфэрэнцыі — каб людзі больш ведалі пра магчымасьці, небясьпечнасьці, паляпшэньні. Таму запрашэньне такіх знакавых людзей, як Бальцаровіч, вельмі важнае для зьмяненьня маральнага клімату. Каб людзі ў Беларусі, якія хочуць рэформаў, больш верылі ў сябе». Аляксандар Мілінкевіч на лекцыі Лешака Бальцаровіча

Аляксандар Мілінкевіч на лекцыі Лешака Бальцаровіча


Карэспандэнт: «Як я зразумеў, улады праігнаравалі ваша запрашэньне?»

«Так. мы запрасілі прадстаўнікоў міністэрстваў эканомікі і фінансаў, Нацыянальнага банку, Акадэміі навук, дзяржаўных унівэрсытэтаў, дзе вывучаецца эканоміка. Але яны не адгукнуліся. Мне шкада. Правільна было сказана на пачатку канфэрэнцыі: гэта — агульная справа. Мы ж не зьбіраемся нападаць на сучасную ўладу ці казаць, што хтосьці дрэнны кіраўнік і ня так робіць сваю справу. Наша краіна ў небясьпецы. І там, дзе можна кансалідавацца, мы проста абавязаныя так зрабіць. Бо гэта агульная адказнасьць».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG