Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Класкоўскі: празь нейкі час Пуцін прызнае, што ва Ўкраіне дзейнічаў расейскі спэцназ


Аляксандар Класкоўскі

Аляксандар Класкоўскі

Расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін падчас сёньняшняй прамой лініі ўпершыню прызнаў, што рэфэрэндум у Крыме праводзіўся пры ўдзеле расейскіх вайскоўцаў, так званых «зялёных чалавечкаў». Ён адзначыў, што «за сьпінамі сіл самаабароны стаялі нашы вайскоўцы».

Між іншым, Пуцін скарыстаў тэрміналёгію царскай Расеі і заявіў, што «гэта Наваросія, і гэты Харкаў, Луганск, Данецк, Хэрсон, Мікалаеў, Адэса не ўваходзілі ў склад Украіны ў царскія часы».

«Гэта ўсе тэрыторыі, перададзеныя Ўкраіне ў 20-я гады савецкім урадам. Навошта яны гэта зрабілі, Бог іх ведае».

Зыходзячы зь сёньняшніх заяваў, ці можна меркаваць, што Пуцін пойдзе вайной на мацерыковую Ўкраіну?

Палітоляг Аляксандар Класкоўскі адзначыў, што рабіць прагнозы наконт дзеяньняў Расеі — няўдзячная рэч, бо пару месяцаў таму ніхто ня мог прадказаць, што будзе анэксія Крыму, гэта здавалася неймаверным:

«Але сёньня Расея ламае ўсе нормы міжнароднага права і часам дзейнічае ірацыянальна. Таму што такога ўжо градусу дасягнуў гэты імпэрскі шал, што Пуцін у значнай ступені стаў закладнікам. Ён і сам, магчыма, на сто адсоткаў ня ведае, як будзе дзейнічаць заўтра, і тым больш сёньня кіеўскія ўлады выпрабоўваюцца на злом, на моц. І пакуль што яны ня лепшым чынам сябе паводзяць: нерашуча, непасьлядоўна. І гэта таксама распальвае апэтыт, таму тут нельга заракацца.

Іншая рэч, што на сёньняшні дзень ужо ў Маскве адчулі, што лятэнтна, пакрысе, але заходнія санкцыі дзейнічаюць, у іх вялікі адток капіталу, абваліўся фондавы рынак, і гэта толькі кветачкі. Таму ўсё ж такі пэўнае ацьверазеньне ў расейскіх стратэгаў можа наступіць. Ну, і ўскосны момант — усё ж расейскі міністар Лаўроў паляцеў у Жэнэву на чатырохбаковыя перамовы, і гэта таксама сымптом таго, што Расея, напэўна, усё ж пакуль будзе спрабаваць неяк дыпляматычным шляхам вырашаць пытаньне. Хоць дамоклаў меч над усходняй і паўднёвай Украінай вісіць».

Чаму Пуцін толькі сёньня прызнаў, што ягоныя «зялёныя чалавечкі» бралі ўдзел у захопе Крыму?

«Ну, гэта быў сакрэт Палішынэля. І ўсё ж, калі ідзе наўпроставая лінія і мільёны людзей сочаць, тут ужо і Пуціну, напэўна, не было іншага выйсьця, бо ёсьць жа і невэрбальная частка гэтай камунікацыі. Які б ён ні быў дасьведчаны выведнік, усё ж мільёны вачэй бачаць і адсочваюць, наколькі шчырае тое ці іншае выказваньне. Ну, і цяпер ужо справа зроблена, можна постфактум і прызнаць. Ня выключана, што калі ў горшым кірунку будзе разьвівацца сытуацыя ў паўднёва-ўсходніх рэгіёнах Украіны, то празь нейкі час прызнаюць, што насамрэч там дзейнічалі дывэрсійныя групы, дзейнічаў спэцназ. Хоць сёньня афіцыйныя расейскія прадстаўнікі наадрэз гэта адмаўляюць».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG