Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эканоміка Расеі, ідучы на дно, пацягне за сабой і Беларусь


Паводле зьвестак Фэдэральнай статыстычнай службы Расеі, расейская эканоміка імкліва запавольваецца на тле ініцыяваных Крамлём хваляваньняў у шэрагу ўкраінскіх рэгіёнаў.

У выніку адтоку капіталу і міжнародных санкцыяў экспэрты прадказваюць Расеі зацяжны крызіс, які можа завяршыцца маштабным каляпсам. Як зьнясіленьне Расеі адаб’ецца на Беларусі, якая існуе за кошт расейскіх фінансавых ін’екцыяў? Ігар Карней.

Паводле дадзеных «Росстата», за тры першыя месяцы гэтага году спад расейскай прамысловасьці ў параўнаньні з апошнім кварталам 2013-га склаў амаль 12,5%. На гэтым тле працягваецца абясцэньваньне рубля і, як вынік, зьніжэньне інвэстыцыйнай прывабнасьці расейскага рынку.

Калі ад пачатку ўрадавыя прагнозы па тэмпах росту валавога ўнутранага прадукту на бягучы год былі на ўзроўні 2,5%, дык цяпер яны зьніжаныя да мінімуму. Пры гэтым міністар фінансаў Расеі Антон Сілуанаў увогуле не выключае нулявы паказьнік:

«Умовы, у якіх нам давядзецца працаваць у 2014 годзе, бадай, самыя складаныя ад моманту крызісу 2008-2009 гадоў. Рост валавога ўнутранага прадукту ацэньваецца на дастаткова нізкім узроўні — усяго 0,5%. Але цалкам магчыма, што будзе знаходзіцца ўвогуле каля нуля».

Пагроза новых эканамічных санкцыяў і непрадказальнасьць нават бліжэйшай пэрспэктывы прыводзіць да згортваньня інвэстыцыйных праектаў і адтоку капіталу за мяжу. Кіраўнік Міністэрства эканамічнага разьвіцьця Канстанцін Улюкаеў наракае, што маштабы «уцёкаў» набываюць катастрафічныя памеры:

«Што больш за ўсё трывожыць — гэта, канечне ж, адток капіталу. За першы квартал гэтага году, паводле статыстыкі Банку Расеі, гэта лічба склала 50 мільярдаў, паводле нашай статыстыкі — 63 мільярды даляраў. І нават пры неабвастрэньні далейшай сытуацыі, а наадварот, пры некаторым зьмякчэньні ўмоваў, наш гадавы прагноз — гэта прыкладна 100 мільярдаў даляраў адтоку».

Расейская прапаганда спрабуе спаслацца на аб’ектыўныя прычыны, выкліканыя крызісам усёй міжнароднай сыстэмы. А таму, маўляў, эканамічнае становішча не залежыць ад фактараў, якія бюджэт мае ў выніку затратаў на акупацыю Крыму ды эканамічнага сабатажу з боку замежных партнэраў. Між тым, доктар эканомікі Максім Буеў лічыць такія намаганьні марнымі: замест таго, каб шукаць выйсьце з крызісу, улады заклапочаныя тым, як адбіцца ад санкцыяў і стрымаць ператок капіталу:

«Што патрабуецца для росту эканомікі? Найперш, патрабуюцца інвэстыцыі ў асноўны капітал. Вось гэтае пытаньне зараз паўстае надзвычай востра. І праблема з украінскім крызісам палягае перадусім у тым, што замест таго, каб вынаходзіць больш эфэктыўныя шляхі інвэставаньня ў інфраструктуру, наша краіна вымушаная, груба кажучы, падаўляць ачагі пажараў, якія разгараюцца ў выніку эўрапейскіх і амэрыканскіх санкцыяў, у выніку адтоку капіталу, у выніку іншых нэгатыўных наступстваў».

Вядомы расейскі прадпрымальнік, заснавальнік Партыі эканамічнай свабоды Канстанцін Баравы перакананы, што падзеньне паказьнікаў у расейскай эканоміцы неадкладна адаб’ецца і на краінах, дабрабыт якіх шчыльна завязаны на Расеі. Найперш гэта тычыцца Беларусі, кіраўніцтва якой за 20 гадоў прызвычаілася сілкавацца ад усходняга «донара»:

«Беларусь, яе дабрабыт залежыць ад фінансаваньня з Расеі. Але празь некаторы час Расея перастане быць донарам Беларусі — проста ня зможа, бо занадта расходнай становіцца ўкраінская авантура Пуціна. Ужо цяпер, яшчэ да санкцыяў, дэфіцыт бюджэту можна вымяраць 15-20%. А што будзе, калі ўпадуць кошты, паступленьні за нафту і газ істотна скароцяцца, калі бюджэт стане дэфіцытным ужо на 50-60%? Падзеньне курсу рубля на 12% за першыя месяцы ўжо прывяло да рэзкага росту цэнаў, а некаторыя тавары вырасьлі ў 1,5-2 разы. Адток інвэстыцыяў таксама прыводзіць да падзеньня рынкаў і, адпаведна, да падаражэньня жыцьця, зьніжэньня паступленьняў у бюджэт. А гэта значыць, што інфляцыя, безумоўна, значна вышэйшая, чым плянавалася. Таму ў бліжэйшы час могуць узьнікнуць рознага кшталту праблемы зь нявыплатай заробкаў, пэнсіяў. Калі тут думаць пра Беларусь?».

На тое, што трэба рыхтавацца да істотнага аслабленьня падтрымкі з боку Расеі, сьведчаць і захады кіраўніцтва Беларусі ў галіне фіскальнай палітыкі. Як кажа кандыдат эканамічных навук Віктар Цярэшчанка, за апошні час беларусы абкладзеныя шэрагам дадатковых пабораў, а на тле нібыта «стабільнага» рубля імкліва растуць кошты на прадукты харчаваньня, паслугі, праезд у грамадзкім транспарце, тарыфы на штрафы і спагнаньні. Але, перакананы суразмоўца, простым перапісваньнем цэньнікаў эканоміку не ажывіць:
Віктар Цярэшчанка
Віктар Цярэшчанка
«Акцызы выключна растуць, мытныя пошліны ўжо самыя вялікія (нібыта ў мэтах абароны — ад каго?), уведзены падатак за права выезду на дарогу. Усё гэта „праглынулі“, цяпер рухаемся далей, да чарговых новаўводзінаў. Зразумела, гэта ніяк не пакрые бюджэт у выпадку падзеньня эканомікі Расеі, але гэта ўжо артыкулы, якія істотна напаўняюць бюджэт. Праўда, нашым уладам трэба зыходзіць не з фіскальнага мэтаду, не з пабораў, не з працягнутай рукі ў бок Масквы, а з арганізацыі працы, бо неабходна мяняць сыстэму ў краіне. Даць кіраўніку — неістотна, якога зьвяна — права кіраваньня і прыняцьця рашэньняў. Даць права прыватніку быць прыватнікам — права прыватнай уласнасьці на сродкі вытворчасьці. На жаль, у нас сыстэма ўсё душыць, таму нейкіх ініцыятываў усё менш і менш. То бок, мы і цяпер жывём у страты, а зыходзячы з сытуацыі ў Расеі, будзе толькі горш. Кропка».

Расея — асноўны рынак збыту беларускай прадукцыі. Дзякуючы, зноў жа, выкарыстаньню танных энэргарэсурсаў, атрыманых узамен на палітычную ляяльнасьць да Крамля, гэта прадукцыя яшчэ можа канкураваць зь мясцовай. Аднак, спасылаючыся на падзеньне спажывецкага попыту, пра спыненьне канвэераў заяўляюць усё новыя і новыя расейскія вытворцы, а таму стратэгічны рынак паступова згортваецца і для беларускіх прадпрыемстваў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG