Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За распаўсюд праваабарончага бюлетэня — штраф 3 мільёны


Уладзімер Шульжыцкі

Уладзімер Шульжыцкі

Уладзімера Шульжыцкага Смаргонскі раённы суд асудзіў за распаўсюд праваабарончага бюлетэня «Смаргонскі грак».

Паводле праваабаронцы Алеся Дзергачова, які выдае «Смаргонскі грак», Шульжыцкага асудзілі на падставе таго, што ён ня меў дамовы зь юрыдычнай асобай на распаўсюд бюлетэня.

У сваіх пярэчаньнях на пратакол аб адміністрацыйным пакараньні Шульжыцкі хадайнічаў, каб судзьдзя ў пастанове — ў выпадку яго пакараньня — растлумачыла, зь якой юрыдычнай асобай ён мусіў заключыць дамову на распаўсюд, калі выдаўцом зьяўляецца фізычная асоба. Гэтаму хадайніцтву ў пастанове ня дадзена ніякай ацэнкі, паколькі, паводле Дзергачова, няма нормы закона, на якую б мог спаслацца суд.

Дзергачоў: «Судзьдзя прызнала, што СМІ накладам да 299 асобнікаў не падлягаюць рэгістрацыі. Таму ня трэба ствараць юрыдычную асобу-рэдакцыю для распаўсюду такіх СМІ. Тым ня менш, пакарала за тое, што Шульжыцкі ня меў дамовы зь юрыдычнай асобай на распаўсюд бюлетэня. Сытуацыя даведзена да абсурду».

Дзергачоў зьвяртае ўвагу яшчэ на адзін факт. Наклад бюлетэня законны. Тым ня менш, адабраныя падчас распаўсюду асобнікі «Смаргонскага грака» падлягаюць зьнішчэньню паводле пастановы суда.

Шульжыцкага затрымалі за раздачу праваабарончага бюлетэня «Смаргонскі грак» у адным з гарадзкіх інтэрнатаў. Міліцыянты склалі пратакол і канфіскавалі 31 асобнік бюлетэня на падставе таго, што ён ня меў пры сабе дазволу на распаўсюд бюлетэня.

Пасьля гэтага зрабілі ператрус у ягонай кватэры, дзе знайшлі яшчэ адзін нумар бюлетэня. Бюлетэнь «Смаргонскі грак» выдаецца нерэгулярна на працягу трох гадоў накладам 299 асобнікаў. Рэдактар — смаргонскі праваабаронца Алесь Дзергачоў.
XS
SM
MD
LG