Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лаўроў такі паляцеў на перамовы ў Жэнэву


Сяргей Лаўроў
Сяргей Лаўроў

Як паведамляе РІА «Новости» са спасылкай на крыніцу ў расейскай дэлегацыі, Лаўроў вылецеў у Жэнэву для ўдзелу ў перамовах па Ўкраіне.

Таксама заплянаванае правядзеньне шэрагу двухбаковых сустрэч«, — сказаў суразмоўца агенцтва.

У чацьвер у Жэнэве плянуецца правесьці сустрэчу прадстаўнікоў Эўразьвязу, ЗША, Расеі і Ўкраіны з нагоды апошніх падзеяў ва Ўкраіне, зьвязаных з расейскай анэксіяй Крыму і дэстабілізацыяй сытуацыі ў Данбасе.

У сустрэчы прымуць удзел высокі прадстаўнік ЭЗ па зьнешняй палітыцы Кэтрын Эштан, дзяржсакратар ЗША Джон Кэры, в.а. міністра замежных спраў Украіны Андрэй Дзешчыца.

УНІАН паведамляў, што, па словах Дзешчыцы, калі Расея адмовіцца ад удзелу ў саміце, то ён можа прайсьці ў трохбаковым фармац: ЗША — Украіна — ЭЗ.

Украінскі амбасадар пры штаб-кватэры ААН Юрый Кліменка выказаў «Голасу Амэрыкі» спадзеў, што чатырохбаковыя перамовы па Ўкраіне стрымаюць далейшую расейскую ваенную агрэсію ў яго краіне. Але амбасадар папярэджвае: Украіна будзе рабіць усё магчымае, каб абараніць сваю тэрыторыю, калі дыпляматычныя намаганьні ня ў стане вырашыць гэтае супрацьстаяньне.

«На гэтай сустрэчы ня будуць разглядаць пытаньні, зьвязаныя з унутранымі справамі Ўкраіны, але меры па эскаляцыі ціску на межах Украіны, а таксама шляхі аднаўленьня гандлёва-эканамічных адносінаў паміж Украінай і Расеяй, заснаваных на ўзаемавыгадных рынкавых прынцыпах. Украіна настойліва выступае супраць намаганьня Масквы сарваць Жэнэўскія перамовы пад якой-кольвек прыдуманай падставай», — сказаў амбасадар.

Юры Кліменка кажа таксама, што будзе нялёгка аднавіць стабільнасьць ва Ўкраіне, а таксама прымусіць Расею адмовіцца ад сваіх тэрытарыяльных замахаў. Але ён дадае, што на перамовах можна будзе знайсьці спосаб працаваць у напрамку мірнага ўрэгуляваньня.

Паводле слоў амбасадара, пытаньне аб фэдэралізацыі Ўкраіны не стаіць на парадку дня, але яго ўрад імкнецца да дэцэнтралізацыі, да прадастаўленьня вялікіх паўнамоцтваў асобным рэгіёнам. Кліменка заявіў, што яго ўрад выступае супраць патрабаваньня Расеі аб тым, каб Украіна стала фэдэратыўнай дзяржавай, што лічыцца змовай Масквы з мэтай аслабіць ролю цэнтральнага ўрада ў Кіеве.

Паводле слоў амбасадара, Украіна разглядае перамовы як адзіны варыянт для ўрэгуляваньня канфлікту. Кліменка сказаў «Голасу Амэрыкі», што калі Расея працягне свае агрэсіўныя дзеяньні, Украіна гатовая выкарыстаць усе сродкі самаабароны, у адпаведнасьці з артыкулам 51 Статута ААН, які дае дзяржавам права ўзяцца за зброю:

«Калі будзе любая агрэсія, відавочная агрэсія супраць Украіны, супраць яе ўсходніх і паўднёвых рэгіёнаў — Украіна будзе выкарыстоўваць сваё права на самаабарону », — папярэдзіў ён. «Я кажу вам як дыплямат... Ня толькі ўкраінская армія будзе абараняць краіну, але і кожны ўкраінец будзе адстойваць сваю Радзіму».

Міністры замежных спраў спадзяюцца, што іх аб’яднаныя дыпляматычныя намаганьні ў чацьвер зробяць прарыў паміж Масквой і Кіевам. Але калі ня будзе прарыву, дык Злучаныя Штаты і Эўрапейскі Зьвяз прыгразілі накласьці больш эканамічных санкцыяў супраць Расеі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG